Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 93


К оглавлению

93

— Ручкі ўгору!.. Раз, два!.. I ані мур-мур! Першая катэгорыя!

«Ого! — чамусьці падумаў я. — Дык вось ты які!»

Грабар засвяціў свой ліхтарык і з бліскучым нажом у правай руцэ пайшоў, нахіліўшыся ўперад. Шырока расхінуўшы курткі, каб закрыць выйсце з канала, я са Шчурам усцяж свяцілі ўсярэдзіну. Рабілі так, каб не было здалёк відаць бляску ліхтарыкаў.

Грабар абшуквае першага з краю. Пазнаю Альбіна. З яго кішэні Грабар выняў рэвальвер, запасныя магазіны і нешта яшчэ, што здалёк я не мог заўважыць. Усё гэта ён хавае ў свае кішэні. Потым аглядае наступнага — Адольфа. Таксама ўсяго абмацвае, выварочвае кішэні і забірае зброю. Наступны быў Альфонс. За ім Амброжык. I, нарэшце, Альфрэд. Перамытнік нешта сказаў Грабару. Я не пачуў што. У адказ прагучаў голас Грабара:

— Якім правам?.. А гэткім, што мне так падабаецца! Разумееш?.. А як захочацца — выб’ю табе зубы альбо во — «касу» ў бок заганю! «Понял»?

Грабар скончыў абшукваць Алінчукоў. Пасля загадаў ім:

— Скідайце ношкі! Хутка, бо я падганю!

Зараз ужо Грабар трымаў у левай руцэ ліхтарык, а ў правай зараджаны парабелум, які забраў у Альфрэда. Браты скінулі з плячэй ношкі. Тады Грабар голасна загадаў:

— А зараз марш за граніцу! Гуськом… Адзін за другім… Я буду ззаду… хто азірнецца, атрымае пілюлю для ачышчэння сумлення… Вылазь!.. Пайшлі!.. Першая катэгорыя!

Шчур, пагасіўшы ліхтарык, адсланіў ім выйсце. Алінчукі вылезлі па адным і накіраваліся ў поле. Грабар пакрочыў за імі. Шчур забраўся ў канал і пачаў выкідваць адтуль ношкі. Яны былі дастаткова цяжкія. Я пачаў іх звязваць па дзве зараз. Дзве Грабару, дзве мне, а Шчуру, які быў слабейшы за нас, пакінуў адну ношку.

— Мурова ён іх апрацаваў! — шэптам сказаў я Шчуру.

— Гэта старая фірма! Жыган! Ведаю, каго да такой работы браць!.. Такіх, як ён, на паграніччы мала!

Хутка пачуліся лёгкія крокі, і з насыпу збег Грабар.

— Дзе ты іх пакінуў? — запытаўся Шчур.

— Паўкіламетра іх вёў. Можа, да самай граніцы… Я тут мясцін не ведаю… А пасля паціху ўзад, узад… Як я петру, да самай Масквы памаршыруюць: думаюць, што крочу следам…

Мы вярнуліся на мяліну. На падстрэшшы пры свеце ліхтарыка Грабар пачаў выкладваць адабраныя ў Алінчукоў рэчы. Там было 5 рэвальвераў: тры парабелумы і два наганы, 5 ліхтарыкаў, шмат набояў і запасных абоймаў. Акрамя гэтага — некалькі партманетаў. Шчур пачаў іх правяраць. Там было шмат польскіх і савецкіх грошай, былі даляры і стэрлінгі. Ніякіх дакументаў не было. Асабістых пасведчанняў перамытнікі ў дарогу не бяруць.

— Ведаеш што? — прамовіў Шчур. — Палову грошай аддадзім матцы Кручка, а палову адашлем Лорду ў астрог. Яны праз іх пацярпелі. Хай хоць гэта скарыстаюць!

— З паршывай авечкі — абы клок воўны! — вымавіў Грабар.

— А нам застаецца тавар і зброя.

Мы пачалі распакоўваць ношкі. Тавар быў дарагі: лакеркі, шаўро, перламутравыя французскія гузікі, батыст, шаўковыя панчохі — усё самага лепшага гатунку.

— Ну і ну! Добры куш сарвалі! — прамовіў Шчур.

— Дзе ты гэта апыліш? — запытаўся ў яго Грабар.

— Халера яго ведае! Ёсць дзе прадаць, але трэба шмат страціць!

Тады мне ў галаву прыйшла адна думка.

— Ведаеш што? — сказаў Шчуру. — А можа, паспрабуем занесці тавар да Бамбіны? Яна даўно ўжо на волі, а свае справы завязала.

— Добрая парада! — адгукнуўся Шчур. — Тут трэба аддаваць за палову кошту. А там мы яшчэ 100 працэнтаў заробім. Возьмем у восем, дзесяць разоў больш, чым тут… Ну і таго! — міргануў мне вокам. — Убачыш сваю Бамбусю. Добра, што ты яе прыгадаў!

Вырашылі, скарыстаўшы цёмныя ночы, назаўтра аднесці за граніцу адабраны ў Алінчукоў тавар. Шчур пайшоў у мястэчка, а я і Грабар засталіся на мяліне.

7

Мы добра ўзброіліся. У мяне два парабелумы: адзін — уласны, а другі — адабраны ў Альфрэда. У Шчура таксама два парабелумы, у Грабара два наганы — ён не давярае аўтаматычнай зброі. Нясём складзеныя ў тры вельмі цяжкія ношкі, тавар Алінчукоў… Быў прызначаны для Саветаў і ідзе ў Саветы. Толькі з розніцай у адзін дзень і на іншы пункт.

Ноч вельмі цёмная. Ідзём пераважна лесам. Крок у крок, паціху і асцярожна, хоць не баімся нікога, бо на кулі з засады, з-за куста мы можам адказаць дзесяткам куль. Такая асцярожнасць прадыктавана жаданнем апярэдзіць людзей, якія б напалі на нас. Аж занадта асцярожныя, але калі спатрэбіцца, будзем біцца да апошняга. He гаворым пра гэта, але ведаем, што так будзе.

Недалёка ад мяжы затрымаліся, паселі на зямлю і скінулі боты. Пасля заткнулі за рамні халявамі ўніз. Далей пайшлі ў шкарпэтках. Наперад рухаліся як здані, без шолаху. Ступні ног мякка абдымаюць галінкі галля, шышкі і ўвогуле не робяць гукаў.

Нас вядзе Шчур. Я добра ведаю гэты прамежак і таму крочу апошнім. Грабар рухаецца за Шчурам — яму гэтая мясцовасць зусім незнаёмая. Трымаю ў руках два рэвальверы, запасныя абоймы адцягваюць левую кішэню. Крок за крокам, паціху, марудна пасоўваемся далей. Абмінаем кусты, дрэвы, кучы ламачча. Паступова вочы ўсё больш прызвычайваюцца да цемры і бачаць мясцовасць на значнай адлегласці.

Вось і тылавыя сцежкі, па якіх ходзяць бальшавіцкія салдаты. Павольна набліжаемся да кожнай з іх. Доўга, з увагай прыслухоўваемся, а пасля пераходзім небяспечнае месца. Зноў марш, зноў лес і зноў сцежка.

У адным месцы Шчур спыняецца ў двух кроках ад сцежкі. Раптоўна прысядае. Робім, як ён. Напачатку я нічога не чую, але праз хвіліну да маіх вушэй далятаюць невыразныя гукі. Адразу не магу зразумець, што гэта. Пасля ўжо адрозніваю выразны шоргат ног аб зямлю… Гэта крочаць зялёнкі. Часам спыняюцца, пасля чаго пануе дзіўная, неспакойная цішыня… Зноў разносіцца шоргат… Бліжэй, бліжэй. Нечакана заўважаю цёмныя сілуэты, якія сцежкай павольна сунуцца да нас… Маўчым… Паціху падымаю рэвальверы ўгару, накіроўваю іх уперад… «Магу зрабіць з імі што захачу!.. У мяне напагатове 18 куль… Магу іх выстрэліць за некалькі секунд. Магу ператварыць гэтых двух стражнікаў у рэшата з мясам!»

93