Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 9


К оглавлению

9

— Гэтак яму! — вымавіў Юзік.

— Спёкся? — запытаўся Шчур у Бальшавіка.

Смеючыся, Бамбіна прыглядалася да нас. Зірнула на мяне, а потым павярнулася да Трафіды.

— Гэта новенькі?

— Так… свой хлопец…

Кіўнула мне галавой. Праз хвіліну выйшла з гумна, залішне круцячы клубамі і пружынячы пры хадзьбе.

— Гэта баба!.. Як матрац! — з захапленнем вымавіў Ванька.

— He баба, а кабыла! — паправіў яго Шчур.

Хлопцы апаражнялі кашы. Там была вялікая патэльня яечні. Саган упрэлай капусты з мясам. Стос гарачых бліноў. Тры боханы хлеба і ладны кавалак бачка.

У куце гумна Трафіда выцягнуў з саломы тры пляшкі спірту і развёў яго вадой, якая стаяла ля дзвярэй у ёмкай дубовай дзежцы. Лорд накройваў сцізорыкам вялікія лусты хлеба.

Пачалі піць гарэлку і есці. Нібы машыны змяталі харч. Найбольш заўзята стараўся Фэлік Маруда. З сапеннем, пляскаючы вуснамі і чамкаючы, ён знішчаў мяса. Аблізваў тлушч з пальцаў то з адной, то з другой рукі.

— Бачыце, як запіхвае! — абціраючы вусны, кажа Лорд. — За вушамі пішчыць, а нос у клубок згінаецца! Да работы апошні, да жратвы ж — першы!

— Mae рацыю! — адказвае Шчур. — Няхай конь працуе! Mae вялікую галаву, чатыры нагі, доўгі хвост… а ў яго?

Перамытнікі скончылі есці. Толькі Фэлік Маруда, не звяртаючы ні на кога ўвагі, дабіваў рэшткі стравы. Болек Лорд пачаў апавядаць:

— Чуеце, хлопцы, я ведаў адну такую бабу, якая штодня з’ядала на сняданне яечню з трыццаці яек.

— Напэўна, была як наша Бамбіна, — запальваючы папяросу, прабурчэў Бульдог.

— …Дык аднаго разу «яе» мужык вырашыў пажартаваць і да трыццаці яек, якія яна разбіла, дабавіў яшчэ тры дзесяткі. Прыйшла баба, усмажыла яечню і давай есці. Насілу справілася.

— Халера, не лопнула! — прагаварыў Салавей, круцячы галавой.

— …Умяла і сядзіць. Сапе, нібы паравоз. А тут падыходзіць суседка і пытаецца, чаму такая чырвоная! А яна адказвае так: «Ведаеш што, суседачка. Альбо я хворая, альбо захварэю — з трыццаці яек яечню ледзь утаптала!»

Хлопцы смяюцца і, закурыўшы папяросы, пачынаюць апавядаць пра розныя вядомыя ім выпадкі абжорства. Пад час гэтай размовы дзверы ў гумно адчыняюцца і зноў заходзіць Бамбіна, грацыёзна несучы поўны кош яблык і сліў.

— Бярыце, хлопцы! Закусіць вам прынесла!.. Але ж і надымілі! Глядзіце, каб мне гумно не спалілі!

— Толькі на таку курым… Пільнуемся… — супакоіў яе Юзік.

— Ну-ну!.. Глядзіце!.. — Закінуўшы за галаву рукі, доўга папраўляла хустку, знарок выстаўляючы напаказ выпуклыя грудзі. Падпітыя хлопцы галоднымі вачыма сочаць за яе рухамі. Гэта Бамбіну ятрыць. Прыжмурыўшы вочы, хістаючы бёдрамі, нахіляецца ўзад і ўперад. Затым, узяўшы кош з пустымі гаршкамі, выходзіць.

Мне здалося, што перад гэтым вельмі ўважліва паглядзела на мяне і ўсміхнулася. А можа, я памыліўся? Магчыма, тая ўсмешка была адрасавана ўсім нам?

Юзік Трафіда меркаваў, што начаваць мы будзем на мяліне Бамбіны і толькі назаўтра ўвечары пойдзем у зваротны шлях. Аднак жыды не даставілі з Менска тавар, які мы меліся забраць у Польшчу. Калі пачало змяркацца, да нас прыйшоў Лёўка. Заклапочана паціраючы худыя рукі, наракаў:

— Холерыя іх бяры з такім роботам!.. Яны, мусіць, думаюць, што мы цягніком ездзім!

Адышоўшы з Трафідам у кут гумна, доўга там напаўголаса размаўлялі. Я пачуў пару Юзікавых выразаў:

— Мне гэта ганс-памада — ідзём мы з таварам ці без!.. Плаці мне — і ўжо! Хлопцам таксама!.. Я за работай не ганюся… Калі будзеце махляваць, дык пушчу ўсё гэта дымам, і шлюс.

На змярканні пачалі рыхтавацца ў дарогу. Лёўка застаўся ў Бамбіны, каб падрыхтаваць тавар для наступнага разу. А мы павінны былі вярнуцца ў Ракаў і праз два дні прыйсці з чарговай партыяй тавару.

Вырушылі ў зваротны шлях. Ісці без цяжару было лёгка. Трафіда з месца пайшоў спорным крокам. Стараючыся ісці шырока і роўна, я след у след трымаўся за ім.

Паветра было халоднае. Ноч — выдатная. Раі зорак свяціліся на небе. Праз нейкі час, прыстасаваўшыся да размеранага руху, я ўжо крочыў аўтаматычна. Аднастайнае калыханне цела і пануючая навокал ціш спрыялі засынанню. Пачынаў марыць пра розныя рэчы… Усміхаўся, махаў рукамі. Злавіўшы сябе на гэтым, голасна рассмяяўся. Трафіда ў хадзе павярнуў да мяне галаву і ціха вымавіў:

— Штосьці сказаў?

— He… He…

He даходзячы пяці кіламетраў да граніцы, зрабілі адпачынак. Спыніліся непадалёку густога зарасніку на беразе малой рачулкі. Паколькі не мелі гарэлкі, дык, асцярожна закурыўшы, ляжалі ў густой траве і адпачывалі.

Трафіда прылёг побач. Пасля працяглага маўчання ён звярнуўся да мяне:

— Ці знаешся на зорах?

— На зорах?.. — запытаўся я, здзіўлены. — He… не разбіраюся…

— Шкада. Калі раптам давядзецца даваць драпака, дык павінен ведаць, як выйсці за граніцу… Бачыш вунь тыя зоркі?

— Якія?

Юзік пальцам паказаў мне сузор’е Вялікага Воза — сем большых зорачак на паўночнай, бліжэй да захаду, частцы неба, якія ўтваралі нешта накшталт чатырох калёс з дышлем наперадзе. Малюючы пальцам на небе і, як мне здавалася, датыкаючыся паасобку да кожнай з іх, Трафіда дакладна вызначыў зоркі, пра якія хацеў мне сказаць.

— Так… Бачу… I што?..

— Калі нас, магчыма, некалі пагоняць і разваляць партыю, дык арыентуйся так, каб гэтыя зоркі былі з правага боку!.. Куды ні пойдзеш, заўсёды выйдзеш на граніцу. Разумееш — па правай руцэ!

— Разумею.

Я доўга глядзеў на гэтыя зоркі. Былі прыгожыя. Дзівосна блішчэлі. Пераліваліся рознымі фарбамі. Заўважыў, што яны маюць шмат усялякіх адценняў. Мяне зацікавіла пэўная думка: навошта гэтыя зоркі так цудоўна падабраныя адна да другой? Можа, узаемна кахаюць сябе, як часамі на зямлі людзі — і супольна вандруюць па небе. Можа, яны размаўляюць паміж сабой… перамігваюцца?.. Калі ўважлівей прыгледзеўся да гэтых зорак, яны нагадалі мне сваім абрысам — лебедзя.

9