Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 10


К оглавлению

10

Неўзабаве вырушылі далей. Цяпер Трафіда крочыў памалу. Раз-пораз спыняўся і прыслухоўваўся. Тады і мы ўсе затрымліваліся.

Адразу пасля поўначы выйшлі на граніцу. Трафіда прыпыніўся паміж двума слупамі. Я стаў побач.

— Гэта пагранічныя слупы, а гэта… граніца… — ціха сказаў мне Юзік.

Я з цікавасцю ўзіраўся на невялікія капцы з чатырохбаковымі слупамі на версе. На іх знаходзіліся дзяржаўныя гербы і нумарныя знакі. На польскім слупе быў знак з намаляваным белым арлом на чырвоным фоне. На савецкім — адціснутая на блясе пяціпраменная зорка з сярпом і молатам.

З пагранічнай паласы накіраваліся па вузкай мяжы ў напрамку Паморшчыны. У нейкі момант мы зноў спыніліся. Нечакана пачуўся здушаны шэпт:

— Хло-о-п-цы!..

Гэта быў голас Салаўя. Я паглядзеў улева і ўбачыў у цемры нешта белае: яно хутка рухалася перад намі. Гэта не была постаць чалавека, бо было яно занадта малым і мільгацела ў паветры, то падымаючыся ўгару, то апускаючыся ўніз. Гэта была хіба здань.

З моцным тахканнем у сэрцы я глядзеў на незвычайную з’яву. Пасля падышоў да Трафіды:

— Што гэта, Юзік?

— Халера яго ведае, што гэта? — адказаў мне сябра. — Можа, упыр ці д’ябал страшыць?.. Кажуць, што гэта душа капітана… Бааняры таксама баяцца «таго»!

Ужо пазней Юзік расказаў мне такую гісторыю. Адзін расейскі капітан, па паходжанні паляк, пад час рэвалюцыі выехаў з Расеі. Калі бальшавікі ўзялі ўладу ў свае рукі, ён не змог вярнуцца ў Саветы. Але там засталася дачка і жонка. Вельмі хацеў забраць іх адтуль і з гэтай мэтай прыехаў на пагранічча.

Пасяліўшыся непадалёку ад Выганіч на хутары ў сялян, ён звёз туды свае рэчы, паколькі вырашыў заставацца ў іх да таго часу, пакуль не пераправіць з Саветаў сям’ю. Імкнуўся выканаць гэтую задуму з дапамогай мясцовых сялян, бо ўсе астатнія шляхі былі безвыніковыя.

Сын гаспадара, у якога спыніўся капітан, некалі служыў у расейскай арміі і добра ведаў дарогі да Мінска. Ён згадзіўся дапамагчы капітану перавесці ягоную сям’ю ў Польшчу… Выбраліся ў далёкую дарогу. Трапілі ў Менск, а потым, затраціўшы багата часу, пасля шматлікіх прыгод апынуліся ў Ніжнім Ноўгарадзе, дзе некалі капітан пакінуў сям’ю. Там ён даведаўся, што жонка памерла, a дачка Ірына жыве ў былога вартаўніка камяніцы, недзе на прадмесці. Ледзьве здолелі яе адшукаць і вырушылі ў зваротны шлях.

Калі дабраліся да Масквы, іх таварыш па падарожжы захварэў тыфусам. З вакзала забралі яго ў шпіталь, дзе той неўзабаве памёр. Капітан з дачкой даехалі да Менска, а пасля пехатой пайшлі ў Ракаў. Уначы каля Вялікага Сяла заблудзіліся, і недалёка ад граніцы іх пераняў савецкі патруль. Затрымалі. Капітан пачаў абараняцца і, забіўшы двух салдат, кінуўся з дачкой уцякаць. Яго засыпалі кулямі і гналіся за параненым нават на польскай тэрыторыі. Капітан зваліўся ў двухстах кроках за граніцай на нейкі капец, які стаяў там з даўнейшых часоў. Здолеў яшчэ крыкнуць дачцэ: «Уцякай!» і, паміраючы, рэштай сіл і патронаў прыкрыў яе ўцёкі. Бальшавікі забралі труп і перацягнулі яго на свой бок. Дачка капітана збегла ад іх, адшукала хутар, на якім жыў бацька перад апошняй вандроўкай у Саветы. Пасялілася ў сялян і зараз жыве там. Яе лічаць кранутай, аднак любяць за дабрыню і працавітасць. Курган, на якім загінуў капітан, ад таго часу называюць Капітанскай Магілай.

Пасля гэтага выпадку зводдаль ад капца і на паграніччы пачала з’яўляцца здань. Адзін з салдатаў, бааняр, хацеў яе падстрэліць. Выпаліў з карабіна пяць разоў. Здань знікла. А на другі дзень ён падарваўся на гранаце, з якой забаўляўся ў казарме. Затым яшчэ двое зухаў зрабілі на яе засаду і ўшчалі страляніну. Праз два дні аднаго з іх хтось застрэліў на граніцы, а другі, цяжка захварэўшы, памёр у шпіталі. Ад таго часу больш ніхто не паляваў на здань, якая з’яўлялася па начах на паграніччы.

Гэтую гісторыю мне расказаў Юзік пасля вяртання дахаты. Зацікавіла мяне вельмі, бо гучала як байка, а была праўдай: яе потым і пацвердзіла шмат людзей.

Паглядаючы на знікаючую здань, мы доўга стаялі ў полі зводдаль ад граніцы.

Захоўваючы асцярожнасць, перайшлі насыпаную дарогу, якая вяла да граніцы, а крыху пазней пакрочылі па дарозе з Паморшчыны ў Ракаў. Затым, берагам Іслачы, паволі накіраваліся да мястэчка.

Недалёка ад млына хлопцы разышліся ў розныя бакі. Я пайшоў з Юзікам да яго хаты на Слабаду. Не ўваходзячы ў дом, каб нікога не будзіць, падаліся ў гумно і там паклаліся спаць на свежым, духмяным сене.

3

Раніцай мяне разбудзіла малодшая з сясцёр Трафіды — Янінка. Гэта была дзівосная дзяўчынка; мела гадоў 12, але выглядала паважнай, нібы дарослая. Часам яна задавала такія нечаканыя пытанні, што цяжка было адразу знайсці адказ.

— Хадзіце снедаць, бо сонейка ўжо шчыруе! — звярнулася да мяне.

Я папрасіў яе, каб прынесла ручнік і мыла. Затым пайшоў агародамі да рачулкі. Дзяўчынка пацягнулася за мной.

— Ідзі дахаты… Я зараз прыйду…

— А я тут пасяджу сабе… Я не буду глядзець… Гэта мяне ўвогуле не цікавіць… Юзік мяне ніколі не гоніць… Гэта нядобра — крыўдзіць меншых.

— Сядзі, сядзі… Якая ты яшчэ неразумная!

— Гэта і добра. Каб усе былі мудрымі, дык павар’яцелі б.

Пакінуўшы дзяўчынку пад вярбой, я пайшоў уніз, па плыні рэчкі. Выкупаўся і вярнуўся назад. Янінка дрэпала побач. Праз хвіліну я пачуў:

— Гэлька казала, што вы бедны.

— Чаму?

— Бо не маеце ні мамы, ні брата, ні сястры…

— Але ў мяне ёсць Юзік.

— Ну так… Але сястры не маеце!

— У мяне ёсць ты.

Хвілінку падумаўшы, сказала:

10