Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 11


К оглавлению

11

— Але вы мяне не кахаеце!

— Бо ты малая і неразумная… Калі вырасцеш, буду кахаць цябе… Ды і не я адзін, а яшчэ шмат хлопцаў.

Памаўчаўшы, нечакана прагаварыла:

— Я начыхаць хацела на іх!

Гэты выраз яна, напэўна, чула ад старэйшых дзяўчат.

У пакоі мяне чакала Гэля — старэйшая з сясцёр Юзіка, досыць ладная васемнаццацігадовая дзяўчына, бландзінка. Яна была поўнай процілегласцю Янінкі: тая ніколі не смяялася, а Гэля пры кожным выпадку залівалася галасістым смехам да слёз, часам беспадстаўна.

Гэля прынесла мне гарбаты ў чайніку, хлеб, масла і вясковы сыр.

— Калі ласка, снедаць. Я чакала пана, бо хачу ісці ў сад.

— А дзе Юзік?

— Пайшоў у горад. Зараз вернецца. Загадаў не будзіць пана. Але як гэта можна: столькі часу не есці!

Неўзабаве Гэля выйшла ў сад, а я застаўся ў памяшканні з Янінкай. Піў гарбату, дзяўчынка ж залезла на канапу, падкурчыла ногі і, упершыся даланёй у шчаку, упарта ўзіралася мне ў твар.

— Чаго так углядаешся?

— Пан падобны на зайца.

— На зайца?

— На малога зайца… Я бачыла, як ён еў капусту… Юзік злавіў яго і прынёс. Ён варушыў мордачкай таксама, як пан…

Янінка пачала паказваць носам і шчокамі.

— А ты падобна на сароку.

— Няўжо?..

— Так. Сарока сядзе на плоце і… галоўкай улева, галоўкай управа — за людзьмі цікуе.

— He, гэта не так. Яна не цікуе.

— А што яна робіць?

— Яна «камбінуе».

— Што камбінуе?

— Усялякія рэчы. Хіба я ведаю. Я чула розныя апавяданні, як сарокі між сабой пра людзей балбочуць.

Маці паклікала Янінку на кухню, а я застаўся адзін. Хадзіў узад і ўперад па вялікім пакоі. Перад сабой у вакне я бачыў, як па вуліцы доўгай, часам у некалькі радоў, шарэнгай цягнуцца сялянскія вазы. Прыгадаў, што сёння ў мястэчку кірмаш.

Я закурыў папяросу і ўсеўся на крэсла ля вакна, якое ад саду аддзяляў вузкі пераход на двор. Бачыў, як Гэля абірала яблыкі, стоячы на прыстаўленай да яблыні драбіне, і складвала іх у вялікі кош, які трымала перад сабой, абапёршы яго на прыступку. Доўга назіраў за ёй праз вазонніцы расстаўленых на падваконніку кветак.

Пачуў, як фортка ў браме адчынілася. Я падумаў, што гэта Юзік вяртаецца дахаты. Прыціскаючыся тварам да шыбіны, выглянуў на падворак. Убачыў там мужчыну гадоў 32, які крочыў па двары ў цёмна-сінім гарнітуры, лакерках, белым, з палакіраваным брыльком, картузе. У руцэ ён трымаў ляску, якой пры хадзьбе пастукваў па нагавіцах. Меў вельмі правільны твар. Яго ўпрыгожвалі чорныя вусікі, але псавалі вочы, якія зіркалі па баках.

«Што за цаца?» — падумаў я.

Тады я не здагадваўся, што гэты чалавек у будучым зробіць шмат прыкрых спраў мне і маім сябрам.

З нейкай камічнай грацыяй, адначасова галавой, картузам і ляскай незнаёмы схіліўся перад Гэляй і штосьці сказаў. Дзяўчына павярнула да яго галаву, і яе твар расквітнеў вясёлай усмешкай… Мне зрабілася прыкра. Хоць не быў закаханы ў Гэлю, але палюбіў яе як сястру свайго сябра і як сімпатычную дзяўчыну.

Незнаёмы ўвайшоў у сад і, стоячы каля драбіны, нешта гаварыў Гэлі. Яна смяялася, ківаючы галавой, якую ўпрыгожвала вялікая доўгая каса, штосьці адказвала яму.

«Буркуюць галубкі!» — амаль са злосцю падумаў я.

У нейкі момант заўважыў, што незнаёмы, падняўшы ўгару руку, правёў далоняй па лытцы дзяўчыны. Мне зрабілася горача. Убачыў, як Гэля хутка зіркнула на вокны хаты і пасля саскочыла з драбіны. Яна стаяла з чырвоным тварам і нешта хутка казала свайму кавалеру. Я не заўважыў, каб яна на яго разгневалася: напэўна, рабіла яму вымову за «нетактоўнасць», а магчыма, і за… неасцярожнасць?

Гэля з кошыкам яблыкаў накіравалася да хаты, а яе залётнік, узяўшыся ў бакі, з усмешкай глядзеў ёй услед. Пасля з размаху працяў паветра ляскай і рушыў да брамы.

Я пачаў хадзіць па пакоі. Затым, падышоўшы да вакна, якое выходзіла на вуліцу, убачыў, што мужчына з ляскай стаіць на процілеглым баку вуліцы і аглядае мінаючыя яго вазы. Тады ж я ўбачыў Юзіка, які, спяшаючыся, ішоў па вуліцы. Мужчына з ляскай падаўся насустрач. Яны прывіталіся і некалькі хвілін размаўлялі. Потым развіталіся. Юзік пачаў перасякаць вуліцу, кіруючыся да сваёй хаты.

Ён зайшоў у памяшканне.

— Ужо падняўся?

— Даўно.

— Я крыху затрымаўся. Клопаты з жыдамі! Забраў у іх грошы за работу і аддаў хлопцам… Заўтра ў дарогу. Нам падрыхтоўваюць тавар…

Ён выняў з кішэні дзве залатыя дзесяцірублёўкі і падаў мне.

— Трымай два гузікі… Гэта твой першы заробак… Плюнь на шчасце!..

Я ўзяў грошы. Дзесяць рублёў хацеў пакінуць Юзіку, каб той аддаў сваёй матцы на маё ўтрыманне: бо жыў і харчаваўся разам з імі, але ён не пажадаў прыняць. Адказаў, што ўсё ўжо дамоўлена і мы будзем рахавацца пазней, калі болей зараблю.

Потым я запытаўся ў Юзіка пра мужчыну з ляскай, якога бачыў разам з ім на вуліцы. Юзік рассмяяўся.

— Гэта, браце, нумар!.. Адкуль яго ведаеш?

— He ведаю зусім… Бачыў толькі, як размаўляў з табой…

— Гэта Гэлькін нарачоны… He падабаецца ён мне, але дзяўчына ў яго ўтрэскалася… Што з бабай зробіш?..

— Ён таксама перамытнік?

— Так. Гэта Альфрэд Алінчук. Іх пяць братоў: Альфрэд, Альбін, Адольф, Альфонс і Амброжы. Усе на «А». I прозвішча на «А» — Алінчукі. За граніцу ходзяць толькі адны. Са зброяй ходзяць… Перамытнікі добрыя, але хлопцы дрэнь. Задзіраюць насы, халеры, і іншых хлопцаў за нішто маюць! У вялікіх паноў гуляюць, а ногі дзёгцем смярдзяць. Іх дзед смалакурню меў, а бацька дзёгцем і вупражжу гандляваў… Ну, няхай іх сабака задзярэ! Ідзём на рынак. Трэба ж табе боты купіць!

11