Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 12


К оглавлению

12

Я ўзяў шапку, і мы выйшлі з памяшкання на вуліцу.

Дабраліся да вялізарнага, як вокам сягнуць, пляца, застаўленага вазамі. Сярэдзіну рынка займаў вялікі аднапавярховы прастакутнік з крамаў. Па краях пляца таксама былі жыдоўскія крамкі, чайныя, заезджыя двары і рэстараны. Недалёка ад крамак знаходзіліся буданы вандроўных гандляроў і шаўцоў. Мы з цяжкасцю пракладвалі сабе дарогу ў шчыльным натоўпе.

Над усёй плошчай можна было б павесіць агромністую харугву Бахуса. Пілі ўсе. Пілі ўсюды. Пілі стоячы, лежачы, седзячы. Пілі на вазах, паміж вазамі і пад вазамі. Пілі мужчыны і жанчыны. Маткі паілі малых дзяцей, каб і яны пазабаўляліся на кірмашы; паілі і немаўлят, каб тыя не плакалі. Бачыў нават, як, задзёршы ўгару шчэлепы, п’яны селянін уліваў у конскае горла гарэлку з бутэлькі: вяртаючыся дахаты, ён хацеў пафарсіць перад усім «светам» хуткай яздой.

Праз нейкі час Трафіда завёў мяне ў будан да шаўца. Прывітаўшыся з гаспадаром, ён сказаў:

— Патрэбны боты. Але патрэбны, разумееш, каб ціп-топ і першы клас!.. Залаты тавар, залатая работа! Бо гэта для залатога хлопца за залатымі інтарэсамі хадзіць!

— Добра, — адказаў шавец. I, не здымаючы з латка боты, дастаў з-пад прылаўка куфэрак. Адтуль выцягнуў пару хромавых ботаў.

— Лепшых і ў Вільні не зробяць! Толькі ці падыдуць?

Я прымераў да нагі. Былі трохі велікаватыя, але Юзік параіў цесных не браць, бо надыходзіць зіма і можна будзе накручваць тоўстыя анучы.

— Колькі просіш за скокі? — запытаўся Трафіда ў шаўца.

— Пятнаццаць рублёў.

Юзік засмяяўся.

— Бачыш, Уладзік: залатое дно. Усё ўсюды за даляры і золата. Канада, пся крэў! Бутэлька гарэлкі каштуе срэбраны рубель, пляшка спірытусу залаты рубель, а за гэтыя «колы» пан майстар жадае пятнаццаць залатых хрусцікаў. I так кругом!

Боты мы старгавалі за дзесяць рублёў і адзін даляр. На дадатак пакінулі шаўцу мае старыя атопкі.

Задаволены Юзік аглядаў мае ногі.

— Аматарскае мастацтва, пся крэў! Сам англійскі кароль такіх колаў не мае!.. Можа, яшчэ штосьці хочаш купіць?

— Не.

— Ну і добра. Наступным разам купім табе гарнітурчык эф-эф. Прыбярэшся, як сам граф! Тут ужо я пастараюся! А боты трэба пакрапіць… на шчасце і каб добра насіліся! Ідзём да Гінты!

Мы абмінулі дзвюх дзяўчат, якія павольна крочылі каля латкоў з таварамі. Яны лускалі семкі і сплёўвалі лушчынне ва ўсе бакі. Адна была ў чырвонай сукенцы і зялёнай хустачцы на галаве. Другая — у зялёнай сукенцы і жоўтай хустачцы. У руках неслі вялікія скураныя сумкі з бліскучымі, нікеліраванымі замкамі. Дзяўчаты занадта смела, амаль з выклікам, зірнулі на нас.

— Гэльцы і Маньцы нашае найніжэйшае ўшанаванне! — весела азваўся да іх Юзік.

— Нашых два!.. — адрэзала адна.

— Пашмараванні, — дабавіла другая.

— Што за яны? — запытаўся я ў Трафіды.

— Перамытніцы. Гэлька Пудзель і Маня Дзюньдзя.

— Дык і жанчыны ходзяць з кантрабандай?

— Яшчэ як! Некаторыя лепей фартуюць, чым хлопцы. Але іх няшмат. На ўсё мястэчка дзесяці не набярэцца. Ходзяць тыя, хто мае сваякоў за мяжой.

Мы наблізіліся да рэстарацыі Гінты. Перад уваходам віраваў натоўп хлопцаў з бутэлькамі ў кішэнях і руках. Дзверы ўсярэдзіну былі адчынены насцеж: адтуль разам з парам і тытунёвым дымам далятаў шум галасоў і воклічы п’яных.

Да нас падышоў Шчур. Бліскаючы вачыма і паказваючы жоўтыя зубы з-пад тонкіх вуснаў, ён халоднымі касцістымі пальцамі паціснуў нашыя далоні. I, сплёўваючы праз зубы на боты сялян, якія праходзілі побач нас, запытаў:

— Да Гінтулькі… ці што?

— Так.

— I я з вамі.

Шчур выглядаў дзівакавата. На галаве ён меў вялікую амерыканскую клятчатую шапку, а на шыі па-турэцку завязаную чырвоную хусцінку. Рукі заўсёды трымаў у кішэнях нагавіц. Ішоў ён перавальваючыся. Гэта быў растоўскі злодзей з цёмным і бурным мінулым. Увесь парэзаны нажамі, сам ніколі з нажом не раставаўся. Hi разу не прамінуў ні адной бойкі, нават заведама прайгранай.

Мы ступілі на патанаючы ў балоце падворак і праз цёмныя, жахліва смуродныя сенцы апынуліся ў вялікім пакоі. Спачатку нічога не мог разгледзець: усё знікала ў густым тытунёвым дыме. Ужо пазней я заўважыў некалькі столікаў з людзьмі. Былі гэта толькі перамытнікі.

Неспадзявана на процілеглым канцы залы зайграў гармонік, напаўняючы пакой гукамі старога расейскага марша. Гэтак гарманіст Антось — малы чалавечак, неакрэсленага ўзросту, з зеленаватым тварам і раскудлачанымі ва ўсе бакі валасамі — прывітаў уваход Трафіды.

— Здароў, хлапцы! — выгукнуў Юзік, абыходзячы столікі, вітаючыся з прысутнымі.

Антосю ён кінуў залатую пяцірублёўку. Гарманіст, не спыняючыся, спрытным рухам рукі злавіў яе ў паветры.

— Гэта табе за марш, — сказаў Трафіда.

Па яго прыкладу я абышоў столікі, паціскаючы рукі перамытнікам. Даланю Маманта не здолеў абхапіць, той жа не сціскаў яе, відавочна, баючыся, каб не пашкодзіць маю руку.

Перамытнікі ссунулі тры столікі і заставілі іх бутэлькамі з півам і гарэлкай, талеркамі з кілбасой, хлебам і агуркамі.

Напачатку з нашай групы я ўгледзеў толькі Болека Лорда, Фэльку Маруду, Бульдога і Маманта.

Галоўнае месца за сталом займаў Болек Камета — славуты перамытнік, мужчына гадоў пяцідзесяці, з доўгімі чорнымі вусамі. Гэта быў вядомы на ўсё пагранічча п’яніца і гуляка. Пазней я даведаўся, што мянушку «Камета» той атрымаў вось з якой нагоды: калі ў 1912 годзе на зямлю «ішла» камета Галея і меўся адбыцца канец свету, ён на гэтай падставе прапіў і прагуляў усю сваю гаспадарку. Каля яго сядзеў Кітаец — высокі, худы хлопец з жоўтым абліччам і прыгожымі, крыху раскосымі, вачыма. Было яшчэ некалькі хлопцаў, але я пазнаёміўся з імі бліжэй праз нейкі час.

12