— Кажу і сцвярджаю, — гаварыў Камета, вылупліваючы вочы і рухаючы вусамі, — хто не п’е — той не жыве, а гніе!
— Мудра! — ухваліў Лорд, ударам аб калені выбіваючы коркі адразу з дзвюх бутэлек.
Наліў гарэлку да палавіны шклянак.
Мамант, штосьці мармычучы і нахіляючы набок галаву, прысунуў да сябе шклянку і асцярожна выпіў, нібы баючыся скрышыць у руцэ шкло. Выпіў гарэлку, хукнуў у паветра, а пасля падміргнуў мне і нешта буркнуў. Я ніколі не чуў, каб Мамант сказаў больш, чым адзін сказ. Звычайна абмяжоўваўся адным словам або жэстам рукі і падміргваннем вока.
— Ведаеце, хлопцы, — адгукнуўся Кітаец, — што мне сказаў Фэлік Маруда?
— Што камбінуе, як венік з’есці! — ляпнуў Бульдог.
— Не… Ён сказаў, што гусь найдурнейшая птушка на свеце!
— ?.. — рухам далоні і ўзнятымі ўгору брывамі запытаўся Мамант.
— Бо… адной замала, а двух зашмат!.. Курэй, качак заўсёды можна дапасаваць: мала дзвюх — з’еш тры, мала трох — упрэш чатырох, а з гусямі горш!
— Напэўна, ты памыліўся, — прагаварыў Шчур. — Мусіць, гаворка ішла не пра птушкі, а пра цялушкі.
He звяртаючы ўвагу на шпількі, Маруда, трушчачы зубамі косткі і аблізваючы пальцы, даводзіў гуся да парадку.
Болек Лорд выконваў абавязкі гаспадара. Ён прыносіў з буфета гарэлку і закуску, наліваў шклянкі гарэлкай і півам і, як умеў, бавіў хлопцаў. He забываўся ён і пра музыку — заносячы час ад часу Антосю гарэлку ў шклянцы і закуску. Набліжаючыся да яго, прыпяваў:
А насупраць пан Антоні:
Рыпцюм-пыпцюм на гармоні!
Ім-там турлю! Ім-там турлю!
Ім-там турлю! Уха-ха!
Антось прыпыняў гранне. Браў шклянку. Выпіваў адным духам гарэлку і, абапёршыся локцямі на гармонік, пачынаў прыкусваць. Ён нагадваў мне пацука, які абгрызае хлебную скарынку.
Вечарэла. За вокнамі штораз рабілася цямней. Хлопцы пазавешвалі фіранкі. Гінта запаліла керасінавую лямпу, якая на драцяной дузе вісела пад столлю.
Працягвалі выпіваць.
Нечакана Кітайца пачало ванітаваць. Спачатку на стол, а пасля на падлогу.
— Нарабіў сечкі для сабакі! — прагаварыў Лорд, уладкоўваючы Кітайца на вузкай, абцягнутай чорнай цыратай, канапе, што стаяла пад вакном.
— Антось, грай пахавальны марш! — крыкнуў Шчур.
Гарманіст пачаў выконваць марш Шапэна. Шчур зноў наліў шклянкі і пракрычаў:
— За здароўе нябожчыка, хлопцы! Няхай ён жыве!
— Мудра! — адказаў Лорд, беручы шклянку ў рукі.
Я ніколі не бачыў, каб пілі гарэлку ў такой колькасці. Асабліва шмат спажывалі Мамант і Болек Камета. Таксама не марнавалі часу Фэлік Маруда з Бульдогам. Найменей піў Юзік, ну, і я.
У пэўны момант я пачуў крык адразу з некалькіх горлаў:
— Ура!
— Няхай жыве!
— Давай яго сюды!
Я азірнуўся і ўбачыў Салаўя. Гэта быў малады хлопец. Усміхаючыся і крыху збянтэжаны такой гучнай сустрэчай, ён падышоў да стала. Па чарзе паціснуў нам рукі. Болек Камета пачаў яго прасіць:
— Салавей! Душачка! Заспявай, браток!
Сталася дзіўная рэч. Раптоўна гэтыя галаслівыя, п’яныя людзі сцішыліся, і ў пакоі залегла маўчанне. З суседняга пакоя адчыніла дзверы ўстрывожаная Гінта, але, пераканаўшыся, што ўсё ў парадку, зноў іх прымкнула.
Хлопец з хвіліну стаяў нерухома пасярэдзіне пакоя, а затым зацягнуў песню перамытнікаў ціхім, крыху дрыжачым голасам, які паступова набіраў моц і пачуццё:
Пайшлі хлопцы на работу,
Дзяўчаты смуткуюць:
Днём і ноччу ўсё мяркуюць,
Ці назад прыбудуць.
Салавей падняў угару вочы. Сум і стрыманая скарга гучалі ў яго голасе. Я адчуў, як у мяне па плячах і па галаве пабеглі мурашы. У пакоі я нічога не бачыў, акрамя дзівосных вачэй Салаўя, і кожнай клеткай сваёй душы адчуваў пранікнёны матыў песні.
Калі Салавей скончыў спяваць, усе доўга маўчалі. Паглядзеўшы на Маманта, я ўбачыў, што па яго няроўных, шэрых, нібы вычасаных з каменя шчоках цяклі слёзы. Пачуўся голас Шчура:
— Гэта, пся крэў!
— Салавей, дарагі! — выцягнуўшы да яго рукі, казаў Болек Камета. — Спявай, душка! Яшчэ спявай! Злітуйся, Божа! Спявай!
— Дайце яму перадыхнуць! — вымавіў Лорд. — Тонік! — крыкнуў ён Антону. — Грай наперамену «Дунайскія хвалі»!
Антось зайграў вальс, а Лорд, усадзіўшы за стол Салаўя, паіў яго гарэлкай. Я прыгледзеўся да перамытніка. У яго былі дзіцячыя вочы. Лёгкая ўсмешка блукала па ягоных вуснах. Ён ствараў уражанне не звычайнага перамытніка, а пераапранутага каралевіча. Падумалася: можа, недзе ёсць каралевічы з тоўстымі шчокамі, з тупымі позіркамі вачэй і брыдкімі вуснамі.
Крыху пазней Салавей зацягнуў іншую, больш вясёлую пагранічную песню.
— Хлопцы, кажу і сцвярджаю, што калі я не вып’ю падвойную, дык маё сэрца разарвецца! — прагаварыў Камета пасля таго, як Салавей скончыў песню.
— Мудра! — адгукнуўся Лорд, наліваючы амаль поўныя шклянкі.
У нейкі момант я заўважыў, як Мамант выняў з кішэні гімнасцёркі 20-даляровы банкнот і, сапучы, усунуў яго Салаўю. Той паглядзеў здзіўлена на грошы і адкінуў іх на стол.
— Чаго ты!.. Навошта?.. Я не хачу… Бо не буду спяваць!..
— Забяры грошы! — адрывіста прагаварыў Юзік Трафіда Маманту. — Гэта свой хлопец… сам фартуе… За грошы ён не спявае!
З цяжкасцю падняўшыся з месца, Мамант узяў са стала банкнот і аддаў яго гарманісту. Антось з абыякавым выглядам сунуў грошы ў кішэню і нават не падзякаваў. Для яго гэта не мела ніякага значэння. Іграў бы і без аплаты. Галоўнае, абы навокал быў смех, воклічы, каб плюхала ў шклянках гарэлка, каб усе былі вясёлыя.