Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 14


К оглавлению

14

Юзік меўся пайсці да гандляра і запытаўся ў мяне:

— Патрапіш сам дахаты?

— Чаму ж не?.. патраплю…

— Тады добра… Ты тут нічога не павінен… Я за ўсё заплаціў.

Развітаўшыся з сябрамі, Трафіда выйшаў з «салона».

Забава не спынялася. Я быў ужо зусім п’яны. Мне зрабілася вельмі горача і весела. Я піў, еў, смяяўся, слухаў песні Салаўя і гармонік. He памятаю, калі выбраўся з салона Гінты і як апынуўся на вуліцы.

Памалу сунуўся нейкім цёмным завулкам. Крок за крокам чэпаў па гразкім балоце. Нечакана да мяне даляцеў здзіўлены крык, і ў некалькіх метрах перад сабой я ўбачыў купку людзей, што біліся пры святле ад вакна нейкага дома. Тры мужчыны білі чацвёртага, які, павалены на зямлю, бараніўся ад іх з апошніх сіл. He раздумваючы, я рвануўся наперад. Бакавым ударам, з усяго размаху цела, збіў аднаго, другому так засадзіў кулаком у твар, што той, пакаціўшыся назад, сеў у балота. Трэці кінуўся на мяне; ён таксама быў п’яны. Пачаў мяне кусаць. Я біў яго кулакамі па галаве. Той адпусціў. Гатовы да новай бойкі, хоць і быў напаўпрытомным, я ўсё ж ускочыў на ногі. Раптам мяне званітавала. Пасля адчуў, што нехта вядзе мяне пад руку. Гэта быў той мужчына, якому я прыйшоў на дапамогу. Ён нешта пытаўся, але я не разумеў яго.

Потым ужо памятаю, як выціралі мне мокрым ручніком твар, як нахіляліся нада мной нейкія незнаёмыя абліччы. Потым алкаголь адабраў рэшткі свядомасці.

Раніцой я прачнуўся ў незнаёмым памяшканні. Быў здзіўлены тым, што тут апынуўся. Запытаўся голасна:

— Ці ёсць хто ў хаце?

У дзвярах кухні паказалася смешная круглая галава амаль без валасоў.

— Пан учора быў такі п’яны… Пан нічога не разумеў! — гаварыў, набліжаючыся да мяне, незнаёмы мне жыд.

— Але як я тут апынуўся?

— Я прывёў пана сюды… Пан, напэўна, прыезджы, бо я пана не ведаю. Учора ўначы галганы хацелі мяне забіць, а пан мяне абараніў.

— Я жыву на Слабадзе, у Трафіды.

— Дык пан Юзікаў сябра?

— Так.

— Гэта прыстойны чалавек! Гэта залаты чалавек!.. Ай!.. Мяне завуць Ёська, а гэта мой дом.

Мне хацелася смяяцца, калі я глядзеў на рухі і міміку жыда.

Пасля таго як я апрануўся, Ёська ўпрасіў мяне застацца з ім паснедаць. Вымушаны быў згадзіцца. Ёська паставіў на стол бутэльку пэйсахоўкі, а з буфета прынёс фаршыраванага шчупака. Неўзабаве прыйшла з кухні і прысела побач з намі ягоная жонка, маладая і вельмі прыгожая жыдовачка, з малым дзіцем на руках. Я пачаў з імі гаворку. Ёськава жонка таксама дзякавала мяне за дапамогу яе мужу.

— За што вы пабіліся? — запытаўся я ў Ёські.

— Мы гулялі ў карты. Я іх абыграў… На фарт гуляў… не абшукваў, — тлумачыў мне жыд. — А яны вырашылі адабраць ад мяне грошы. Калі б яны былі цвярозымі, дык гэтага не зрабілі б… А так маглі мяне забіць!

Ёська паказваў мне гузакі на галаве, сінякі на руках і карку. Калі я выходзіў з хаты, Ёська падаўся за мной у сенцы.

— Магчыма, пану што-небудзь будзе патрэбна?.. Дык хай пан прыйдзе… Я ўсё зраблю!

— А чым пан займаецца? — запытаўся я.

Усміхнуўшыся, ён паклаў мне далонь на плячук і прагаварыў:

— Няхай пан запытае ў Юзіка: чым займаецца Ёська Гусяр?.. Ён пану раскажа… Шчаслівай дарогі!..

Ад Трафіды я даведаўся, што гэта прафесійны злодзей.

— Калісь быў славутым злодзеем, — казаў Юзік, — але, ажаніўшыся па каханні, пацішэў. Найчасцей гуляе ў карты. Шулер.

4

З Сашкам Вэбліным — каралём граніцы і перамытнікам — упершыню спаткаўся пры незвычайных абставінах. Сустрэліся ў ягоным каралеўстве — на граніцы.

У чацвёрты раз я ішоў праз граніцу з групай Трафіды. Непадалёку ад Альшанкі перабраліся праз граніцу. Ноч была цёмная. Паўднёвую частку неба загрувасцілі хмары. Усходні вецер сёк па вачах, і гэта ўскладняла дарогу.

Я крочыў услед за Юзікам. Перад выхадам з мяліны, на паграніччы, дзе перахоўваліся ношкі, мы выпілі па паўпляшкі гарэлкі. Зрабілася цёпла і весела. Я прызвычаіўся да нашай работы і палюбіў яе. Мяне вабілі далёкія дарогі. Захапляла таямнічасць нашых паходаў. Мне падабалася адчуванне лёгкай узбуджанасці, якую выклікае небяспека. Палюбіліся адпачынкі па лясах і днёўкі на мялінах. Я палюбіў сваіх сябраў, іх гучныя, простыя забавы.

Некалькі дзён таму купіў сабе новы гарнітур. Цяпер меў «на сваю руку» кішэнны ліхтарык і гадзіннік. А на дарогу ў сваю кішэню клаў адну альбо дзве пляшкі спірытусу. Быў ужо прафесійным перамытнікам. Фартаваў таксама, як астатнія хлопцы.

Прастуючы за Юзікам, думаў пра розныя рэчы. Без намаганняў сачыў за ім. Я таксама навучыўся насіць цяжкія ношкі. Адначасова сачыў за мясцовасцю, прыслухоўваючыся і назіраючы па баках — перад і тыл былі забяспечанымі.

У некалькіх кроках ад граніцы ўвайшлі ў нейкі зараснік. Наперадзе булькацела вада. Трафіда пасоўваўся вельмі павольна, часта спыняўся. Ніколі дагэтуль ён не паводзіў сябе так асцярожна, як зараз. У адным месцы затрымаўся, і мы вельмі доўга стаялі без руху. Я пачаў замярзаць… Зноў пакрочылі далей. Плёскат вады ўсё ўзмацняўся. Раптам Юзік пачаў адыходзіць назад. Наблізіўся да мяне. Схапіўшы за руку, прымусіў прысесці ў хмызняку… Перад сабой я выразна пачуў булькатанне вады і — у той жа момант начную цішыню разарваў карабінавы стрэл і перапалоханы голас, амаль крык:

— Сто-ой!..

У тое ж імгненне прагучала некалькі стрэлаў з рэвальвера. Пасля загрымелі з карабінаў. Ззаду даляцеў тупат ног людзей, якія ўцякалі. Дуднела зямля. Трашчэлі кусты. Несліся бясконцыя крыкі:

— Стой!.. Стой!.. Стой!..

Навокал усё віравала. Што адбываецца, у цемры цяжка было зразумець. Трафіда падняўся і, цягнучы мяне за руку, пачаў таропка адыходзіць убок. Пасля ўперад. Я кіраваўся за ім. Адчуў, што ідзём па вадзе, якая была мне ніжэй калена. Стараўся не згубіць з вачэй сябра, што крочыў наперадзе.

14