Мы дабраліся да гразкага берага рачулкі, парослага чаротам. Вылезлі з вады. У гэты ж момант адбылося нешта незвычайнае. Тут жа спераду ляснуў стрэл, і я адчуў, як хтосьці зваліўся на мяне. Удар быў настолькі неспадзяваны і моцны, што я паляцеў на зямлю і скаціўся з берага ў ваду. Мяне прыдушыла цяжкая ношка. Хтосьці бег рэчышчам, распырскваючы ваду. Вакол грымелі стрэлы і разносіліся ўсхваляваныя галасы. Заслонены абрывістым берагам, я сядзеў у гразкім глеі.
Праз некалькі хвілін навокал мяне запанавала цішыня: стрэлы і крыкі аддаліліся ўлева. Тады я паціху вылез з вады на бераг і пасунуўся ў процілеглым напрамку, далей ад граніцы.
Увайшоў у лес. Ступаць было цяжка. Кожную хвіліну маю дарогу перагароджвалі дрэвы, кусты і залежы галля. He ведаючы мясцовасці, баяўся трапіць у рукі зялёнак.
У нейкім месцы, прысеўшы на паваленую хвою, доўга адпачываў. Пасля ўсляпую вырушыў наперад, імкнучыся трымацца аднаго накірунку. Такім чынам меркаваў выбрацца з лесу.
Па доўгім пераходзе прыпыніўся на ўскрайку лесу ў гушчары кустоў. Мне запомнілася, што калі ішлі за граніцу, дык вецер дзьмуў у твар. Гэта значыць — дзьмуў з усходу. Зразумеў, што, крочучы па ветру, я перайду назад граніцу. Крыху паразважаўшы, прыкінуў, што вецер мог змяніцца, і тады памылюся. Мяне ахапіла роспач. Адчуваў сябе згубленым у акіяне цямрэчы, у якім не дам рады той небяспецы, што хавалася на кожным кроку. Ворагі адусюль цікуюць на маю загубу. Калі б са мной быў Юзік, дык лёгка вывеў бы адгэтуль. Але дзе ён цяпер? Магчыма, дарэмна шукае мяне?
У пэўнае імгненне прыйшло ў галаву тое, што казаў Трафіда пра зоркі, калі мы ўпершыню вярталіся з-за граніцы. Я пакрочыў назад, стараючыся як мага далей адысці ад лесу.
Апынуўшыся ў чыстым полі, пачаў разглядаць неба. Яго большую палову зацягнулі хмары, аднак на другой палове ўбачыў сузор’е (як пасля даведаўся ад Петруся Філосафа) Вялікага Воза, або Вялікай Мядзведзіцы. На цёмным фоне неба мігцела сем вялікіх зорак, і я, стаіўшы ўздых, доўга ўзіраўся на іх з радасцю, якая распінала мае грудзі. Прыгадаліся Юзікавы словы: «Калі за намі пагоняцца і разаб’юць групу, дык трымайся так, каб гэтыя зоркі былі заўсёды ў цябе з правага боку. Куды не пойдзеш, заўсёды выйдзеш на граніцу!»
Я стаў правым бокам да зорак і адчуў, што вецер дзьме ў патыліцу. Так: напрамак — на захад — дакладны!
Рушыў наперад. Каб не рабіць галасу, крочыў павольна, бо не ведаў, дзе знаходжуся, і каб без патрэбы не стамляцца.
Мінаў палі, лугі, узгоркі… Перайшоў нейкі ручэй, але не ведаў, дзе знаходжуся. Можа, яшчэ ў Саветах, а можа, ужо ў Польшчы? Вырашыў ісці як мага далей. Лічыў за лепшае трапіць у лапы польскіх стражнікаў, там за перамытніцтва (асабліва па першым разе) пакаранне было лягчэйшае, чым у Саветах, дзе гэтая справа каралася вельмі сурова.
Бязгучна, упоцемках, памалу, крок за крокам пасоўваўся ўперад. Калі спыняўся, доўга прыслухоўваўся, стараючыся пры гэтым прабіць вачыма змрок.
Апынуўшыся каля падножжа нейкага кургана, узышоў на ўзгорак. Прыгадалася апавяданне Юзіка пра капітана і здань. «Дык гэта ж Капітанская Магіла», — падумаў я.
Зразумеў, што знаходжуся ў Польшчы. Зараз мне будзе лёгка адшукаць шлях да мястэчка.
Прысеў, абапёршыся ношкай аб схіл пагорка, і доўга глядзеў на паўночны захад… Там, дзе казачнымі фарбамі пералівалася шырока раскінутая па небе цудоўная Вялікая Мядзведзіца. Я яшчэ не ведаў гэтай назвы, але моцна палюбіў яе. Проста не мог адарваць вачэй ад тых зорак.
Калі сядзеў нерухома, загледзеўшыся на зоркі, да мяне даляцеў знізу нейкі шоргат. Падняўшыся, падцягнуў уверх лямкі ношкі і падрыхтаваўся ўцякаць. Шоргат не спыняўся. Я ціха апусціўся ўніз і лёг у лагчынку каля кургана. Праз нейкі час заўважыў постаць, якая памалу паўзла да насыпу. Гэта быў чалавек.
«Напэўна, не зялёнка, а перамытнік, — падумаў я. — У зялёнак шынялі колеру хакі, якія ў начы святлейшыя за твар… Пры тым няма сэнсу красціся ўдалечыні ад граніцы… Магчыма, гэта хто-небудзь знаёмы? Можа, я ведаю?»
Паўзун сеў. Я ўбачыў яго чорны, пахілены абрыс. Крыху пазней заўважыў шэры прастакутнік ношкі.
Пачуўся ціхі стогн і неспадзявана прагучаў сцішаны праклён. «А можа, гэта Юзік?» Не вагаючыся болей, паклікаў:
— Юзік, гэта ты?
Цёмная постаць сутаргава схамянулася. З хвіліну панавала маўчанне, а пасля прагучаў ціхі голас:
— Хто там?.. Хадзі сюды!.. О, халера!..
Я падышоў да сядзеўшага ў траве чалавека. Схіліўся над ім. Незнаёмы запытаўся:
— Ты хто?
— Я?.. Уладзік… Сябра Юзіка Трафіды.
— Адкуль ідзеш?.. Ад чырвоных?..
— Не… ішлі мы з таварам у дарогу… Вёў Трафіда… У Альшанцы зялёнкі пагналі нам ката…
Пачуў здзіўленае:
— Ага!.. Гэта вы былі!..
— Пайшлі! — сказаў я перамытніку.
— Не магу, халера! Звіхнуў нагу.
— Дык я дапамагу табе.
— Добра. Вазьмі маю ношку.
Ён ссунуў ношку з плячэй на траву. Хвіліну памаўчаў, а пасля прагаварыў:
— Бяры ношку і пакладзі на кургане… Разумееш?.. Сваю таксама… Інакш няма як… Потым пашлю за імі… Будзь упэўнены!..
Я узняўся на ўзгорак і паклаў ношкі. Пасля вярнуўся да перамытніка.
— Здолееш занесці мяне ў мястэчка? — хрыпла запытаў ён.
— Чаму ж не? Адпачываючы, можна.
Ускінуўшы яго на плечы «на барана», павольна пакрочыў праз поле ў напрамку Ракава. Зрэдку перамытнік удакладняў мне дарогу: «Управа!.. Улева!» I так памалу пасоўваліся наперад у начным змроку. Час ад часу перамытнік стагнаў ад болю, асабліва калі я чапляўся або падкідваў яго на плячах.