Данёс да могілак. Тут адпачылі, потым панёс далей. Дарога цягнулася бясконца. Я вельмі стаміўся.
Нарэшце ўвайшоў у нейкі завулак, а пасля на падворак вялікай хаты. Тут, побач з вакном, апусціў яго на зямлю. Ён паціху пастукаў у шыбіну. Неўзабаве з сярэдзіны данёсся незадаволены жаночы голас:
— Хто стукае?
— Адчыні, Фэля! Жвава!
— Зараз… Паспееш…
Мы апынуліся ў будынку. Гэта была ладная пярэдняя хата, меньшую частку якой займала развешаная бялізна. Справа я ўбачыў двое дзвярэй: адны на кухню, другія да кутняга пакоя.
Фэля — сястра Сашкі Вэбліна запаліла лямпу і шчыльна занавесіла вокны. Калі пры святле зірнуў на яе, дык знерухомеў, не зводзячы вачэй. Гэта была высокая, смуглая жанчына гадоў 28. На яе плечы ападалі густыя чорныя валасы, заплеценыя ў косы. Была распранутая: усцягнула спадніцу і на нагах мела хатнія тапці, але ўвогуле не зважала на маю прысутнасць. Круцілася па пакоі, штосьці парадкуючы. У яе быў дзівосны твар — падоўжаны, матава-белы, правільны, які меў нейкі асаблівы выраз годнасці. Яго аздаблялі вялікія выразныя вочы, цёмныя бровы і з прыгожым абрысам вусны. Асабліва зачароўвалі яе аголеныя плечы і смуглая шыя. Дасюль я не бачыў прыгажэйшай жанчыны. Так мне здавалася, і так тады думаў. I сапраўды — Фэля Вэблінянка была найладнейшай дзяўчынай мястэчка. Каханнем да яе згаралі ўсе тутэйшыя хлопцы. Аднак вельмі хутка астывалі ад яе досціпаў і пад халодным, пагардлівым поглядам прыгожых зялёных вачэй, у якіх жыла незвычайная моц, што прываблівала і… палохала. Глядзецца ў іх — як у прорву!
Фэля дапамагла мне пакласці Сашку на канапу і пачала нажніцамі распорваць яму бот на правай назе. Нахіліўшыся, я стаяў побач. Сачыў за рухамі поўных, зграбных рук, якія яснелі аголенай прывабнасцю. Нечакана яна перапыніла сваю працу — заўважыла мой сквапны погляд і амаль крыкнула:
— Чаго ўставіўся? Дапамагай!.. Адзін клопат, халера!.. Трэба павесіцца!
— Ну, ты супакойся! — са злосным бляскам у вачах сказаў ёй Сашка. — Бо я цябе зараз утаймую.
Фэля кінула нажніцы на канапу і выйшла ў бакоўку. Праз хвіліну вярнулася, зашпіляючы на грудзях блузку. Яе твар змяніўся да непазнавальнага. Вочы холадна ззялі. Вусны былі моцна сцяты.
Калі здымалі бот з вывіхнутай нагі, Сашка ад болю пагрыз да крыві вусны; потым ён звярнуўся да сястры:
— Скокні хуценька да Жывіцы. Каб ён зараз жа быў тут! Калі не застанеш Жывіцу ў хаце, ляці да Маманта. Але на адной назе… Пайшла!
Нешта буркаючы, Фэля апранула паліто і захінула галаву вялікай цёплай хусткай. Грукнуўшы дзвярыма, выйшла з хаты.
— Змяя, пся крэў! — выгукнуў Сашка і пачаў аглядаць вывіхнутую ў костцы і моцна апухлую нагу.
Сашка Вэблін быў самым вядомым перамытнікам на паграніччы — ад Радашковіч да Стоўбцаў. Паколькі добра ведаў мяжу і абодва паграніччы, ён быў дасканалым правадніком, але яго баяліся і купцы, і большасць перамытнікаў. Баяліся за празмерную, проста шалёную адвагу, якая штурхала яго на незвычайныя, амаль бяссэнсоўныя ўчынкі. Ён меў шмат ворагаў у мястэчку і на паграніччы, якія, ненавідзячы яго, адначасова і паважалі гэтага караля перамытнікаў. Ён меў некалькі адданых яму сяброў, якія палюбілі яго за адвагу, за шырыню жыцця, за марнатраўства і за «фантазію». Найбліжэйшым ягоным прыяцелем быў Жывіца, самы моцны мужчына на паграніччы. Той быў поўнай супрацьлегласцю Сашкі, і я неаднойчы здзіўляўся, што магло аб’ядноўваць гэтых людзей з такімі рознымі характарамі?
Сашку было трыццаць пяць гадоў. Высокі і худы, ён хадзіў нахіліўшыся ўперад. Меў шэрыя, заўсёды прыжмураныя вочы, а ў іх праглядалі такія глыбіні, што лепей туды было не зазіраць. Звычайна ён часта смяяўся і жартаваў, аднак рабіў гэта толькі адной мімікай твару… Вочы заставаліся заўсёды халоднымі. Усмешка выглядала як грымаса.
He раз Сашка зарабляў вялікія грошы. Аднак з такой бесклапотнасцю раскідваў іх, што праз некаторы час зноў нічога не меў. Ніхто з такім азартам не гуляў у карты, як ён! Ніхто не даваў жанчынам столькі грошай! Ніхто столькі не прапіваў.
Калі я застаўся адзін на адзін з Сашкам, ён, гледзячы на апухлую нагу, доўга маўчаў і чамусьці ўсміхаўся, а пасля вымавіў:
— Наша фартуна ходзіць па коле, то лясне ў морду, то ў вочы плюне!
— Гэта так, — пацвердзіў ягоныя словы.
— Гэта Юзіку пагналі ката ў Альшанцы? — запытаўся ён праз хвіліну.
— Яму.
— Колькі вас было? Дзесяць?
— Адзінаццаць.
Паківаў галавой.
— Ну і ну!.. Ці ўсе вернуцца?.. Масалкі густа секлі!..
— Хтосьці таксама валіў у іх.
Ён падняў на мяне вочы.
— Кажаш, нехта сёк па іх з капыта?
— Так.
— Гэта і добра… Бо занадта смеласці набраліся!.. Забыліся, што ёсць граніца і што мы фартуем… Палявалі б як на зайцоў…
Я не зусім яго зразумеў.
Неўзабаве вярнулася Фэля, а следам у хату, спяшаючыся, увайшоў моцны мужчына гадоў трыццаці. Яго магутнасць скрадваў чорны гарнітур, але і пад адзеннем адчуваліся сталёвыя скруткі цягліц.
Гэта быў слынны перамытнік Жывіца, які за граніцу насіў па тры ношкі за раз. Мамант таксама быў вельмі моцны, аднак нязграбны, а Жывіца, пры магутным збудаванні, быў надзвычай спрытным. Пра яго мне апавядалі такую гісторыю. Аднаго разу Жывіца заклаўся па п’янцы з Юрліным — досыць заможным машыністам перамытнікаў, — што перанясе яго каня з Віленскай вуліцы на Менскую да хаты сваёй маткі, дзе ён жыў. Калі б занёс гэтага каня, дык той стаў бы яго ўласнасцю, калі б не — прайграў бы Юрліну пяцьдзесят рублёў золатам. Каню звязалі пярэднія і заднія ногі. Жывіца падлез пад ніз і падняў яго. Крыху пахілены, прытрымліваючы вяроўкі, якімі быў звязаны конь, ён павольна крочыў па вуліцы. Прайшоў большую частку дарогі, аднак на Рынку конь неспадзявана тузануўся — і абое паваліліся на зямлю. Жывіца прайграў заклад, хоць мог і выйграць. Ламанне падкоў і срэбраных рублёў было для яго забаўкай.