Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 17


К оглавлению

17

Вось гэтага чалавека я бачыў перад сабой. Ён меў лагодны твар, з якога весела і добразычліва паглядалі добрыя, дзіцячыя вочы. Шырокія, густыя бровы былі высока ўзнятыя ўгару. У яго была вельмі прыемная ўсмешка. Калі гэта ўсмешка з’яўлялася на твары, дык цяжка было не адказаць на яе. Я заўважыў, што яму вельмі цяжка давалася выказваць свае думкі, чым нагадваў Маманта, які ўвогуле не размаўляў, а жэстыкуляваў.

Жывіца наблізіўся да канапы, на якой ляжаў Сашка, і, відавочна занепакоены, запытаўся ў яго амаль шэптам:

— Ну і што?.. Што з табой?.. Га?..

— Нічога… Падвіхнуў сабе нагу… Быў шухер… Даваў квінта… У Альшанцы масалкі падвярнуліся. Нарабілі гаю як халеры! Уцякаючы, зачапіўся за пень… Гэты прывалок мяне дахаты… He ведаю, як бы сам далез сюды.

Сашка рухам галавы паказаў у мой бок. Жывіца весела зірнуў на мяне і, бліснуўшы вачыма, паціснуў у локці маю руку так, што тая забалела, а пасля кіўнуў:

— Гэта муравана!.. Так!.. Гэта я разумею!..

Пазней Сашка сказаў Жывіцу:

— Схадзі забяры ношкі… Дзве ношкі, яго і маю… Пойдзеш да Капітанскай Магілы, там яны ляжаць на кургане, на зямлі… Прывалачэш сюды!

— Добра… Зараз…

Жывіца сарваўся з месца і пакрочыў да дзвярэй.

— Вазьмі комін, — вымавіў Сашка. — Магчыма, хто трапіцца.

Жывіца з хвіліну стаяў каля парога, разважаючы, а пасля, махнуўшы даланёй, паказаў на ўсю шырыню ўсмешкі свае зубы і адказаў:

— Не трапіцца…

Праз гадзіну Жывіца вярнуўся. Прынёс абедзве ношкі. Рухаўся з імі без напругі. Яго твар быў заліты потам, бо вельмі спяшаўся. Пакінуў іх каля парога і асцярожна прысеў на канапу каля Сашкі. Фэлі ў пакоі не было. Калі прыйшоў Жывіца, Сашка загадаў ёй класціся спаць. Нейкі час Жывіца ўзіраўся мне ў твар, а потым запытаўся:

— Ты чый?

— Юзіка Трафіды, са Слабодкі, сябра, — адказаў за мяне Сашка. — Здаецца, таксама залаты хлопец.

— Ну і клёва! — вымавіў Жывіца, стукнуўшы мяне даланёй па калену.

— Зрабі што-небудзь пашамаць! — сказаў Сашка Жывіцу. — Гарэлка, хлеб і каўбаса ў шафе, агуркі ў місцы на палічцы… З нагой раніцай разбяромся. Фэлька пакліча фельчара… Пацярплю… Мне ўжо не так баліць…

Жывіца паставіў на стол шклянкі і талеркі, а потым падсунулі яго да канапы. Утрох выпілі чатыры пляшкі гарэлкі. Пасля Сашка запытаўся ў мяне:

— Што хочаш рабіць з ношкай?

— Аддам Юзіку… Гэта чужы тавар…

— Тавар зараз твой!.. — выразна вымавіў Сашка. Гэта не «агранда». Ніхто не аддасць… хіба дурань!.. Гэта твой фарт. Разумееш? Жыда халера не возьме!.. Раз-два адкуецца! А ты крыху кадзіла раздзьмухаеш!.. Зразумеў?

— Я ў Юзіка запытаю.

— Добра. Запытайся. А ношку можаш пакінуць у мяне. Я піхну за граніцу. Яшчэ і на гэтым заробіш… Заўтра мне скажаш… Я вашага купца добра ведаю. Гэта жмінда! Яго шчасце, што з Трафідай працуе! Ладныя тысячы зарабіў… Калісьці (два гады назад) Шлёма Бэргер рызманамі і бутэлькамі гандляваў. А зараз Шлёма Бэргер грос купец: у Вільні крамы адчыняе і камяніцы купляе!

Замоўк. Задумаўшыся, ён доўга глядзеў у кут пакоя. Потым вымавіў:

— Ну, дык ідзі сабе!.. А заўтра скажаш… Я хачу, каб ты больш зарабіў.

Развітаўшыся з Сашкам і Жывіцай, я пайшоў дахаты.

Юзік яшчэ не спаў. Калі пастукаўся ў дзверы пакоя, за вокнамі якога заўважыў святло, сябра сам адамкнуў дзверы і ледзьве не задушыў мяне ў абдымках:

— Гэта, брацейка, клёва!.. А я ўжо думаў халера ведама што!.. Лазіў дзве гадзіны па паграніччы — цябе шукаў… Амаль не папаўся… А ты сам… Ну, апавядай, як там было?

Калі падрабязна расказаў пра сваё блуканне па лясах, пра сустрэчу з Сашкам на паграніччы, як і пра ўсё, што адбылося пазней, Юзік задумаўся… Праз хвіліну вымавіў:

— Ведаеш, брат, клёвыя гэта хлопцы, і ты добра зрабіў, што дапамог яму. Але з Сашкам не сыходзься, бо гэта сарвігалава! З ім не адзін загінуў! Гэтая «кампанія» не для цябе! Так!

— Ён увогуле не запрашаў рабіць разам…

— Ну і клёва! А з таварам табе добра пашанцавала! Ён прадасць за граніцай, бо калі тут «пойдзе па блату», дык ты мала атрымаеш. Сашка ў пяць разоў болей возьме. Ён табе хоча дапамагчы. Бачыць, што хлопец ты што трэба, ну, і таго…

— Дык я раніцай схаджу туды.

— Добра.

— А я думаў, што тавар трэба вяртаць.

Юзік усміхнуўся і сказаў тое самае, што я нядаўна пачуў ад Сашкі:

— Гэта не агранда! Бэргера д’яблы не возьмуць. За дзве партыі ўсё верне. А мы крыху падкуёмся… Пару хлопцаў сапраўды кінулі ношкі… Можа, вып’еш?

— He. Я выпіў у Сашкі разам з Жывіцай.

Праз хвіліну Юзік з усмешкай запытаў:

— Ты Фэлю бачыў?

— Бачыў.

— Ну, як табе, спадабалася?

— Ладная!.. Вельмі ладная!

— Так, так… Дзеўка — маляваная, але ўрэдная, халера! Ты туды пойдзеш, дык не захапіся. Яна любіць хлопцам галовы круціць.

— На мяне нават не глядзела.

— Яна ні на кога не глядзіць, бо вочы паскудныя мае… Ашалееш, як у іх зазірнеш!

Трафіда ўздыхнуў і замоўк. Магчыма, і ён быў у яе закаханы.

Калі мы пайшлі спаць, я доўга не мог заснуць. Перад вачыма праплывалі розныя малюнкі і постаці. Бачыў то сем цудоўных зорак у сузор’і Вялікай Мядзведзіцы, то камічны твар Ёські Гусяра, то Салаўя, які спявае, то Лорда, які жартуе, то Антося, які іграе на гармоніку, то Сашку, то Жывіцу. Нарэшце ўсіх засланіла Фэля. Мела прыгожыя аголеныя плечы, выдатны годны твар, чорныя валасы… I так прыемна мне ўсміхалася!

5

Назаўтра, паснедаўшы, пайшоў да Сашкі. Ён адпачываў на канапе. Нага была забінтавана.

— Як маешся? — запытаўся ў яго.

17