— Добра. Быў фельчар, агледзеў мне нагу. За пару дзён ужо можна будзе хадзіць.
— Выдатна!
— Ну, як там з таварам?
— Мне ўсё роўна. Юзік сказаў, што ты найлепей апыліш. Але я не хацеў бы дадаваць табе клопату.
— Які там клопат… Апылю разам з маім таварам. Тыдзень пачакаю… А можа, табе зараз сармак патрэбны?
— Маю крыху… Для мяне хопіць.
— Ну і клёва!
У пакой увайшла Фэля. Яна была ў прыгожай цёмна-сіняй сукенцы і лакіраваных чаравіках. Я прывітаўся з ёю. Заўважыў, што ў яе зялёныя вочы. Яна пачала прыбіраць у пакоі. З прыемнасцю сачыў за яе зграбнымі рухамі. Некалькі разоў зкоса зірнула на мяне.
Праз нейкі час Сашка спытаў у сястры:
— Пойдзеш у касцёл?
— А як жа!.. Пайду…
— Адна?
— А з кім?
— Вось сябручок цябе праводзіць. Ты пойдзеш з Фэляй? — запытаўся ў мяне Сашка.
Крыху зніякавеўшы, я хутка вымавіў:
— Безумоўна. З ахвотай пайду!
Неўзабаве разам з Фэляй выйшаў з памяшкання. Дзень быў выдатны. Вуліцай, у напрамку касцёла, цягнулася шмат народу, пераважна моладзь. Паколькі я не ведаў, пра што размаўляць з Фэляй, дык крочылі ў маўчанні. Калі набліжаліся да касцёла, нас абмінала шмат святочна апранутых людзей. Амаль кожны вітаўся з маёй таварышкай.
— Ушанаванне панне Фэліцыі!
— Дзень добры, панна Фэля!
Яна адказвала ім, нядбала ківаючы галавой.
Непадалёку ад касцёла заўважыў групу з пяці мужчын ва ўзросце ад дваццаці пяці да трыццаці пяці гадоў. З імі быў і Альфрэд Алінчук, якога бачыў разам з Гэляй у Трафідавым садзе. Умомант зразумеў, што гэта браты Алінчукі. Былі апрануты па-мяшчанску з прэтэнзіяй на шык: лакеркі альбо чаравікі, рознакаляровыя касцюмы, яркія гальштукі, капелюшы і цыліндры. У руках усе трымалі лясачкі.
Калі Альфрэд Алінчук прыкмеціў мяне разам з сястрой Сашкі, дык высунуўся наперад, і на твары з’явіўся злосны, задзірысты выраз. Калі ж падышлі яшчэ бліжэй, яго засаладзіла масляная, штучная ўсмешка. Нахіліўся — як некалі перад Гэляй — адразу капелюшом, лясачкай і галавой:
— Маё ўшанаванне панне Фэліцыі!
Фэля, кіўнуўшы галавой, зычліва вымавіла:
— Ушанаванне пану!
Пасля звярнулася да мяне:
— Я сама пайду. Можаце пачакаць, калі маеце ахвоту і час. А як не, дык да пабачэння!
— Я пачакаю.
— Добра.
Яна пайшла ў касцёл, а я пачаў шпацыраваць побач. На касцёльных прыступках размясціліся маляўнічыя групы дзяўчат у каляровых сукенках. Хлопцы, надутыя, нібы паўліны, дэфілявалі перад касцёлам туды-сюды, хто гуртам, а хто паасобку, нібыта не звяртаючы ўвагі на дзяўчат, хоць знарок зіркалі на іх спадцішка.
Хтосьці тузануў мяне за рукаў. Убачыў Лорда. Паціснуў яму руку.
— Што тут робіш? — запытаўся ён.
— Чакаю Фэлю Вэблінянку.
— О! Дык ты яе ведаеш?
— Так.
— Ну, ну!.. Моцная дзеўка!
Потым кіўнуў галавой у бок дзяўчат на касцёльных прыступках, вымавіў:
— Цэлы касяк баб сабраўся! Усялякага колеру і калібру! На любы густ. На выбар!
Пакусваючы англійскія вусікі, некуды падаўся ад мяне.
Я пачаў шпацыраваць па дзядзінцы, штохвілі зіркаючы на дзверы касцёла ў чаканні Фэлі.
У нейкі момант апынуўся непадалёку ад братоў Алінчукоў. Альфрэд заступіў дарогу і, зводзячы вузкія бровы, глядзеў мне ў вочы. Хацеў прайсці міма, аднак той сказаў:
— Ты прывёў Фэлю?
— Я… А табе што да гэтага?
— Ну дык матай дахаты.
— Гэта чаму?
— Я яе адвяду.
— Гэта як яна захоча.
Алінчук нахіліў да мяне пачырванелы твар і сыкнуў:
— Не скачы, смыку, бо ўтаймую!.. Фраер!..
— Ану паспрабуй!
Я зрабіў крок назад. Альфрэдавы браты павыцягвалі рукі з кішэняў. У той жа момант адзін з Алінчукоў хістануўся, папхнуты, і перад Альфрэдам стаў Шчур. Наблізіў твар да яго твару і, па-забіяцку пасвістваючы яму ў нос, жмурыў вочы. Заціскаючы кулакі, Альфрэд адхіснуўся. А Шчур, павольна працэджваючы праз зубы словы, вымавіў:
— Ты, шпанюга! Чаго так расхадзіўся?
— Мудра! — даляцеў голас Лорда, які набліжаўся да нас.
— Бачыш ты яго! Зу-ух! — з’едліва прагаварыў Шчур, паказваючы рухам галавы на Альфрэда.
— Зух — на аднаго ўдвух! А супраць зуха — здохлая муха, — адгукнуўся Лорд. I праз момант дадаў: — Сцеражыся, Шчур, каб табе яны не ўлілі! Глядзі: пяць такіх жаканаў!
— Я маю іх там, дзе курыца яйка трымае! Усіх пяцёх. Моцныя, але пысаю!
— Ну, ты не кажы! Калі Фрэдак не зух, дык свіння не прыгажуня! Гэта небяспечны задзіра!
— Каровам хвасты задзіраць.
Каля нас пачалі збірацца разявакі. Разнесліся выбухі смеху. Алінчукі выйшлі за тын на вуліцу. Пабаяліся рабіць авантуру, бо ведалі, што Шчур не будзе біцца на кулакі, а мае падрыхтаваны нож. А Шчур, нібы надакучлівая муха, трымаючы ў кішэнях рукі, у развалку кружыў непадалёку.
Лорд шпацыраваў са мной.
— Ты сцеражыся Алінчукоў. А найбольш Альфрэда. Гэта дрэнь! Ён да Фэлькі клеіцца. Хацеў цябе адстрашыць… Ты купі сабе лязо, бо ўсялякае можа быць!
Нараніцу, трымаючыся парады Лорда, купіў сабе вялікі складанчык на пружыне. Юзік навастрыў яго, як брытву, нават галіў ім валасы на руцэ.
Калі Фэля выйшла з касцёла, я разам з Лордам адвёў яе да хаты. Запрасіла нас у памяшканне.
Сашка быў адзін і відавочна сумаваў. Прапанаваў раскінуць «тысячу» па пяць рублёў за партыю. Гулялі ў карты да змяркання. А пасля, развітаўшыся з Сашкам, я разам з Лордам выйшаў з хаты. Фэля не паказалася са свайго пакою, каб развітацца з намі.
Калі выбраліся на вуліцу, пачаў ісці дождж і сарваўся вецер.
— Халера, сабачы час! — вымавіў Лорд.