Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 19


К оглавлению

19

— Так… Паганае надвор’е!

Марудна сунуліся вузкім завулкам. Ногі танулі ў балоце. Лорд спыніўся і запытаўся ў мяне:

— А можа, пойдзеш да Калішанак?

— Што за яны?

— Вясёлыя дзяўчаты. Нагамі на жыццё зарабляюць!.. Тут пару крокаў. Хадзі!

* * *

На ўскрайку мястэчка мы падышлі да адасобленай хаты. Лорд пастукаў у ваканіцу. З сярэдзіны адгукнуўся вясёлы голас:

— А хто там?

— Я, ягамосць граф Баляслаў з прыяцелем!

— Ага! Зараз.

Праз хвіліну мы ўвайшлі ў велікаваты пакой. Ён быў дастаткова чысты. Па сценах вісела шмат малюнкаў і жывапісных рэпрадукцый. У адным куце хаты стаяў вялікі стол, засцелены блакітнай цыратай.

— Хай жыве Франька! — крыкнуў Лорд. Схапіў аберуч дзяўчыну і, падняўшы ўгару, хутка закруціўся па хаце, ды так, што тая засвісцела нагамі ў паветры.

— Адпусці, вар’ят, бо ў лоб трэсну, — крычала дзяўчына.

Я ўбачыў Болека Камету, які сядзеў за сталом. Лорд таксама заўважыў яго і, шырока раскінуўшы рукі, вымавіў, звяртаючыся да мяне:

— Глядзі, Уладзік. Мы трапілі на неба! — ён паказаў рукой на старэйшую мажную жанчыну і прагаварыў: — Сонца! — пасля, паказваючы па чарзе на трох дзяўчат, якія знаходзіліся ў пакоі, дадаў: — Зоркі! — Нарэшце паказаў на перамытніка і вымавіў: — А гэта камета! Усё ў камплекце!

Зузя Калішанка, гаспадыня памяшкання, рыхтавала вячэру. Яна паставіла на стол вялікую міску адваранай бульбы, якая паравала аж пад столь, і ладную міску кіслага малака.

— Кіслае малако з бульбай — гэта аб’ядзенне! — цалуючы коньчыкі пальцаў, сказаў Лорд. — Што ты на гэта, Камета!

— Угум… — адгукнуўся перамытнік, які відавочна быў ужо п’яны.

— Найсаладзейшая Зузя! — звярнуўся Лорд да гаспадыні. — Каб кропельку вадзіцы!

— Ага, зараз! — адказала жанчына. — Каб мне пасля бузы нарабілі.

— Хіба ты нас не ведаеш, анёл! — соладка казаў Лорд.

— Вядома, што ведаю. Таму і не дам.

Аднак пані Зюзя доўга не ўпіралася і хутка прынесла пляшку гарэлкі. Камета ажыў, вярнулася мова.

— Кажу і сцвярджаю, хлопцы, што няма парадку на свеце! — прамовіў ён сіпата. — Халера яго ведае, дзе ўсё падзелася! Ані выпіць, ані павесяліцца, нават Антося няма!

— Hi бяды! Абыдземся. У такой кампаніі, — Лорд падміргнуў жанчынам, — не надаесць і без музыкі!

Сузана Калішанка ўжо больш дзесяці гадоў прафесійна займалася гандлем любові. Па гэтай дарозе пайшлі таксама і тры яе дачкі. Калі глядзеў на тых чатырох жанчын, дык атрымліваў дзіўнае ўражанне. He верылася, што гэта — адна сям’я: матка і дочкі. Малодшая дачка, Алеся, была пульхнай бландынкай. Сярэдняя, Франька, мела рыжыя валасы, была амаль гэткай крэпкай і высокай, як і матка. А матка іх была рослай, тугой брунеткай. He зважаючы на старэйшы ўзрост, Зузя яшчэ добра трымалася і «працавала» ўпаровень з дочкамі. У некаторых сталых наведвальнікаў яна карысталася большым попытам, чым дочкі, бо была майстрам у мастацтве любові.

Тую ноч я пераспаў у Калішанак з Алесяй. Яна мне вельмі спадабалася. Ёсць у ёй нейкае падабенства да Трафідавай сястры Гэлі.

Болек Камета вылецеў з хаты, як толькі мы выпілі ўсю гарэлку.

— Гэта мачыморда! — вымавіў Лорд. — За гарэлкай на край свету пойдзе.

6

Восень.

Золата вісіць на дрэвах. Золата лунае ў паветры. Золата шапоча пад нагамі. Навокал мора золата.

Крочым па залатых кілімах. I гэты сезон, калі глухія восеньскія ночы надоўга атуляюць зямлю, таксама называецца «залатым».

Граніца кіпіць жыццём. Партыя за партыяй, ноч у ноч перамытнікі ідуць за граніцу. Яны працуюць шалёна. Ім ледзьве хапае часу на прапіванне заробленых грошай. Амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень спім пасля доўгай працоўнай ночы.

Я схуднеў і ўчарнеў. Трафіда таксама. Аднак я стаў нашмат здаравейшы і мацнейшы, чым тады, калі ўпершыню апынуўся на граніцы. Зараз для мяне трыццацікіламетровы пераход ноччу, усляпую, з 30–40-фунтовай ношкай на плячах, — проста забава. Быў ужо за кардонам 11 разоў. Некалькі разоў нас абстралялі… Калі ўпершыню ў цемры пачуў посвіст куль, мне чамусьці зрабілася весела. Ведаў, што трапіць ноччу ў мяне цяжка, зрэшты, нават не дбаў пра сябе.

Калі мы выходзілі ў дарогу і па некалькі, часамі больш чым дзесяткам людзей знікалі ў змроку, дык мне здавалася, што мы крочым, нырнуўшы ў ваду. Як маракам, нам пагражалі ўсялякія небяспекі, але мы спрытна абміналі іх і даплывалі да прыстані.

Калі б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкінуць на даўжэйшым адрэзку граніцы павалоку змроку, дык мы б убачылі партыі перамытнікаў, якія цягнуцца да граніцы… Ідуць утрох, упяцёх і нават дзесяткам і больш дзесятка. Большыя групы вядуць «машыністы», якія дасканала ведаюць мяжу і пагранічча. Меншыя ходзяць пераважна «на ўласную руку». Ідуць нават жанчыны, па некалькі адразу, каб за золата, срэбра і даляры купіць у Польшчы тавараў і з ліхвой прадаць у Саветах. Ёсць і ўзброеныя групы, але іх няшмат. Зброю перамытнікі не носяць. А калі хтосьці з іх бярэ з сабой комін, дык пры затрыманні, калі бачыць, што мае справу не з «хамамі», абрэзаў якіх перамытнікі баяцца больш за ўсё, тады адкідвае зброю ад сябе. Са зброяй ходзяць Алінчукі, Сашка і некаторыя іншыя перамытнікі, што маюць на тое вельмі важкія падставы.

Адхінуўшы заслону змроку на паграніччы, мы ўбачылі б акул граніцы: сялян, якія з абрэзамі, карабінамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і каламі ў руках цікуюць здабычу. Часам убачылі б і дыверсійную банду ў складзе дзесятка ці некалькіх дзесяткаў людзей, узброеных рэвальверамі, карабінамі, гранатамі, а зрэдку і кулямётамі. Убачылі б мы і канакрадаў, што пераводзяць коней з Саветаў у Польшчу і з Польшчы ў Саветы. Нарэшце мы б убачылі нязвыклую постаць… чалавека, які самотна перамервае пагранічча і пераходзіць мяжу… Найчасцей ідзе самымі небяспечнымі дарогамі. Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён… Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзесятках сутычках, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы. Перамытнікі і стражнікі, агенты ўсіх падраздзяленняў выведкі і контрвыведкі, сяляне — усе баяцца яго… Злавіць перамытніка — запаветная мара! Але ўзбіцца на такую сатану — найстрашнейшая справа! Убачылі б і шмат іншых цікавых рэчаў… Пра некаторыя з іх раскажу далей на працягу маёй аповесці.

19