Я ад нейкага часу моцна пасябраваў з Петрусём Філосафам. Гэта малады хлапец, гадоў 19-ці. Мае такія незвычайныя вочы: уважлівыя і спакойныя. Ніколі не заўважыў, каб Пятрусь піў гарэлку або гуляў з хлопцамі ў мястэчку. Безумоўна, і ён піў, аднак рабіў гэта адно каб «пагрэцца» або для «гумару», але не для забавы. He жартаваў. Амаль заўсёды маўчаў і не прымаў удзелу ў агульных размовах. Калі ж яго пра штосьці пыталіся, адказваў паважна, ёмка. Заўважыў, што нават у дарогу бярэ з сабой кніжкі, якія, як толькі меў час, чытаў. Каля яго заўсёды трымаўся Юлік Вар’ят, і яны пра нешта размаўлялі. Ад хлопцаў я чуў, што Пятрусь адукаваны і што ён асеў на паграніччы ў 1920 годзе, калі пад час наступу Чырвонай Арміі на Варшаву згубіў бацьку і маці. Разам з Юлікам Вар’ятам жыў ён у аднаго эмігранта — Мужаньскага, які танна і добра рамантаваў гадзіннікі і якога лічылі дзіваком.
Як пачалося маё сяброўства з Петрусём Філосафам, раскажу больш падрабязна. Я ўжо прыгадваў, як Юзік Трафіда паказаў на небе сем зорак, што некалькі разоў дапамаглі мне адшукаць дарогу з-за граніцы. Вельмі прыцягвалі яны мяне, і калі на небе не было хмар, глядзеў туды, і мне было так весела, нібыта глядзеў у вочы самаму лепшаму прыяцелю. Затое, калі неба засцілі хмары, мяне адольваў смутак.
Аднойчы ў прыгожую ціхую ноч, калі неба іскрылася зоркамі, я звярнуўся да Ванькі Бальшавіка, які, абапёршыся на кінутую ў траву ношку, адпачываў непадалёку ад мяне. Дакладна паказаў яму тыя сем зорак. Калі ён нарэшце ўцяміў, пра якія зоркі кажу, дык запытаў:
— Ну, бачу іх… I што з таго?
— Што яны нагадваюць табе сваім выглядам?
Гледзячы прыжмуранымі вачыма ў неба, Бальшавік доўга маўчаў. Пасля надзьмуў вусны і вымавіў:
— Гуся… Тлустага гусака з доўгай шыяй…
Гэта мяне абразіла. Раптам убачыў, што ён мае вушы, якія брыдка тырчаць, доўгі сіні нос, тоўстыя вусны, і што ён… дурань… Адчуў нават фізічна агіду. Болей з ім не размаўляў.
Іншым разам задаў гэтае пытанне Фэльку Марудзе. Ён доўга не мог зарыентавацца, пра якія зоркі пытаюся. Калі ж урэшце зразумеў, дык адказаў:
— А… бачу… Гэтую каструлю!..
Ён мяне раззлаваў. Яму заўсёды ў думках толькі каструлі з ежай. Урэшце, чаго пытацца пра зоркі ў людзей, якія ніколі не глядзяць на неба і за гарэлкай і жратвой нічога іншага не бачаць!
Доўга наважваўся запытацца пра гэтыя зоркі ў Петруся Філосафа, які імпанаваў мне сваім выглядам і разважлівасцю. Аднаго разу надарылася добрая магчымасць, і я звярнуўся да яго з гэтым пытаннем.
Пятрусь умомант зразумеў мяне і адказаў:
— Гэтыя зоркі маюць агульную назву. Назву сузор’я. Называюцца Вялікі Воз.
— Вялікі Воз? — радасна паўтарыў я.
— Так. Ёсць яшчэ адна назва, лацінская: Ursa Major.
— Гэтага я не разумею.
— Яно азначае: Вялікая Мядзведзіца… I гэта праўдзівая назва сузор’я.
— Вялікая Мядзведзіца! Вялікая Мядзведзіца! Як вучоныя людзі маглі даць ёй такую цудоўную назву!.. Вялікая Мядзведзіца! — паўтараў я з захапленнем.
— Пан цікавіцца зоркамі? — запытаўся Пятрусь. — Магу пазычыць кніжку па касмаграфіі. Там пан прачытае шмат чаго цікавага пра зоркі.
— He… He трэба, — адказаў я. — Мяне зацікавілі толькі гэтыя зоркі.
Ад таго выпадку я пасябраваў з Петрусём Філосафам і яго неадлучным кампаньёнам, Юлікам Вар’ятам.
Мы сядзім на мяліне ў стадоле Бамбіны. Ужо папалуднавалі. Ежа разагрэла, а гарэлка ўзбудзіла. Курылі папяросы. Нечакана адгукаецца Юлік Вар’ят і з захапленнем у голасе кажа:
— Ведаеце, хлопцы, учора чытаў адзін урывак пра арлеанскую дзеву… Гэта, хлопцы, баба! Гэта баба!
— Ну і што там, гэта… армянская дзеўка, — зацікавіўся Ванька Бальшавік, — здорава давала?
Прыходзячы на дапамогу сябру, якога такое пытанне проста выбіла з раўнавагі, да размовы далучыўся Пятрусь Філосаф.
— Зусім не давала! Бо, як бачым з самой назвы, была дзева. А называлася не армянская, а арлеанская, ад назвы горада Арлеан у Францыі.
Ванька Бальшавік з недаверам паківаў галавой і вымавіў:
— Ну, ну! Тут штосьці не так!.. Хто яе там правяраў?!. А калі была дзевай, дык чаму называлася цэлым горадам?
Тады Юлік пачынае апавядаць гісторыю жыцця Жанны д’Арк. Штораз з большым запалам. Размахвае рукамі. Збіваецца… Нарэшце дайшоў да таго моманту, як яе спалілі на вогнішчы. Тут п’яны перамытнік не вытрымаў і неспадзявана для ўсіх заплакаў… Ніхто гэтага не чакаў. З хвіліну ўсе моўчкі глядзелі на хлопца, які плакаў. Пасля я пачуў, як Ванька Бальшавік коратка, нібы пытаючыся, пырскнуў смехам. Гэтага хапіла нам усім, каб выбухнуць шалёным рогатам.
Юлік перастаў плакаць. Збялеў. Глядзеў на нас шырока расплюшчанымі, напоўненымі слязьмі вачыма. Затым, падняўшыся з месца, прамовіў:
— Ведаеце што?.. Ведаеце што?.. Я вам гэтага ніколі не казаў, але думаў… Так… А зараз скажу вам: вы хамы! хамы! хамы!.. Бо з гэтага смяяцца нельга… Так… вы хамы!.. Толькі Пятрусь…
— Такі самы дзівак, як і ты! — спакойным голасам адгукнуўся Шчур, перакідваючы ў другі кут рота папяросу.
— Мудра! — падтрымаў яго выснову Лорд.
Мне ж стала сорамна, бо і я смяяўся з Юліка. Пасля, каб не абразіць яго чым-небудзь, пачаў больш уважліва сачыць за сабой.
Вечарам прыходзіць Юзік і звяртаецца да мяне:
— Хадзі, Уладзік, дапамажы перавязы рабіць для пераношчыц. Зваліўся тавар з трох груп. Лёўка і Бамбіна не паспяваюць. Заробіш як за адзін пераход!
Хвіліну падумаўшы, я падняўся і разам з Юзікам выйшаў са стадолы. Кіруемся сцежкай у садзе. Удалечыні заўважаю вялікую хату. Вакол яе панавала цішыня і парадак.