Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 21


К оглавлению

21

Калі мы выходзілі са стадолы, Бальшавік крыкнуў:

— Ушанаванне Бамбіне!.. Поспеху!.. — ляснуў у далоні і шматзначна кашлянуў.

Бамбіна сустрэла нас у сенцах. Зараз жа вярнулася ў хату і занадта пахапліва пачала гаварыць мне:

— Столькі працы, а дапамагчы няма каму. Юзік параіў мне, каб узяць пана для галопу!..

Юзік пасміхаўся куточкамі вуснаў. Лаўлю тую ўсмешку, і мне чамусьці робіцца сорамна. Зразумеў, што ўсе хлусяць. А Бамбіна далей пляскала языком:

— Пан мне не адмовіць… Гэта лёгкая работа… Робім перавязы для пераношчыц… Столькі таго сабралася… Немагчыма ўжо тавар прымаць!..

— Чаму ж не. Я дапамагу. He ведаю толькі, ці патраплю працаваць?

— Пан убачыць — нічога цяжкага.

Са святліцы ўваходзім у малы бакавы пакойчык. Адзінае вакно занавешана вялікай жаночай хусткай. Над доўгім сталом гарыць падвешаная да бэлькі лямпа, і пры яе святле сядзіць, схіліўшыся над сталом, жыд Лёўка. Вакол яго стосамі ляжаць розныя рэчы: панчохі, шаўкі, рукавічкі, шалікі, грабеньчыкі, брытвы, машынкі для стрыжкі, паяскі, хром, шаўро, лак…

Пры нашым з’яўленні жыд выпростваецца і пацірае худыя далоні:

— Мне гэтага ўжо досыць! Хай яго халера возьме! Што я з гэтага маю? Няшчасны працэнт!

З пагардай сапнуўшы носам, зноў нахіліўся над сталом.

Юзік таксама ўзяўся за працу. Бамбіна пачала паказваць мне, як «напаўняць перавяз». Дакраналася далонямі да маіх рук. Упіралася ў маё плячо грудзямі. Адчуваў на твары дотык яе валасоў і няшмат разумеў з таго, што мне казала. Заўважыла гэта, усміхнулася і прамовіла:

— Спачатку няхай пан складае панчохі. Тузінамі. Стосам. Больш нічога. Пазней пан сам разбярэцца ў тым.

Неўзабаве Юзік пачаў збірацца ў дарогу. Лёва напісаў і даў яму распіску для купца. Юзік, развітаўшыся з Бамбінай і Лёўкам, звярнуўся да мяне:

— Хадзі на хвіліну!

Выйшаў з ім на падворак. Юзік пачаў мне паціху казаць:

— Гэта Бамбіна папрасіла мяне, каб я цябе пакінуў… Нібыта для дапамогі. Разумееш? Калі табе не дужа хочацца тут заставацца, хадзем з намі… Як хочаш… Але раю застацца… Ёсць для чаго… He пашкадуеш!..

— Як жа гэта?..

— А так… Ці ты не разумееш? Стары бык, дваццаць тры гады на гарбе, а ламаешся, як пятнаццатка!.. Толькі не апракудзься!

— Што? Што? — адказаў я, здзіўлены.

— Нічога, нічога, — адрэзаў Юзік і знік у цемры.

З адыходам Юзіка мне зрабілася сумна. Зірнуў на паўночную частку неба. У разрывах хмар дзе-нідзе выглядалі цікаўныя зоркі. Вялікае Мядзведзіцы я не бачыў. Знерухомеўшы, доўга стаяў, слухаючы далёкі брэх сабакі, і пазіраў на мігатлівае ўдалечыні святло ў вокнах хацін. У бліжэйшай вёсцы я пачуў залівісты сабачы брэх.

«Нашы прайшлі», — падумаў.

Наляцеў халодны ўсходні вецер. Зрабілася зусім цёмна. Я хутка вярнуўся ў хату.

— Дзе пан хадзіў? — звярнулася да мяне Бамбіна.

— Праводзіў Юзіка.

— Яго не трэба праводзіць. Ён сам усюды патрапіць. Пэўна, абгаворвалі мяне.

— Нічога блізкага!

Яна прыжмурыла вочы і локцем штурханула мяне ў бок.

— Ужо ж я ведаю… Ведаю вас! Чула, пра што там адны размаўляеце! Але досыць пра тое. Мяне не паменьшае…

Мы напружана працавалі гадзіны да 10-й вечара. Затым Бамбіна пайшла рыхтаваць вячэру. Апроч нас на чорнай палове хаты круцілася зусім глухая дзеўка і працавіты, маўклівы парабак — далёкі сваяк Бамбіны. Яны працавалі на гаспадарцы, а Бамбіна займалася перамытніцтвам.

Калі засталіся ў пакоі адзін на адзін з Лёўкам, дык і далей моўчкі ўкладвалі пакеты. Перавязы — гэта пасы для дзяўчат, якія пераносяць тавар з пункта ў горад. Яны ўяўляюць сабой нешта накшталт вялікіх камізэлек даўжынёй ад грудзей да ног. Гэта падвойныя палатняныя мяшкі, пустэчу паміж якімі запаўняюць таварам. Пераношчыца апранае такую камізэльку вагой ад 20 да 30 фунтаў і замацоўвас яе паяскамі на плячах. На пакет апранае кажух і накіроўваецца ў дарогу. Патаемнымі шляхамі і сцежкамі крочыць адна або з сяброўкамі да горада. Такая пераношчыца робіць за дзень два, тры або нават чатыры рэйсы, зарабляючы ад пяці да дваццаці рублёў золатам.

Бамбіна мела сем пераношчыц, якія працавалі надзейна, паколькі добра ведалі мясцовасць. Спрыялі іхняй працы навакольныя лясы, даючы поўную абарону і схоў. Дарога была настолькі надзейная, што дзяўчаты працавалі не толькі ўначы, але і днём.

Бамбіна паклікала мяне з Лёўкам на вячэру. Закончылі работу і выйшлі ў святліцу, дзе ўбачылі вялікі стол, засцелены беласнежным абрусам. Вячэра была шчодрая, але простая. Была і гарэлка, закрашаная нейкім сокам. Лёўка еў мала, неахвотна. Сядзеў задуменны і штосьці рахаваў у памяці: перакошваў твар, моршчыў лоб, варушыў пальцамі рук. Калі я глядзеў на яго грымасы, узнікала жаданне рассмяяцца. Гэты чалавек нічога не бачыў і не чуў — быў цалкам адданы інтарэсам — каваў грошы.

Бамбіна заахвочвала мяне есці. Штораз падлівала гарэлку. Напачатку я піў стрымана, аднак пазней, развесяліўшыся, пачаў піць і есці без аглядкі. У пэўны момант адчуў, што Бамбіна, якая сядзела на канцы стала, паклала мне нагу на калена. Засунуўшы пад стол руку, я пачаў лашчыць моцную лытку. Спрабаваў сягаць вышэй калена, аднак было нязручна. Расчырванелая Бамбіна блішчэла вачыма, паказваючы ўсмешкай добрыя зубы, і весела смяялася. Падміргвала мне, рухам брыва павяла на Лёўку і паказала мне язык. Я выбухнуў рогатам. Засяроджаны жыд здрыгануўся і сказаў Бамбіне:

— Я ўжо, можа, пайду сабе… Я хачу спаць…

— Добра, добра!

Бамбіна, хутка падняўшыся з месца, узяла з каморы ліхтарык і разам з Лёўкам выйшла з пакою: завяла на другую палавіну, туды, дзе ён спаў — у бакоўку.

21