Неўзабаве вярнулася. Замкнула дзверы ад сенцаў на грубую жалезную засоўку. Потым адвесіла занавеску, якая захіляла ложак, што стаяў у куце пакоя, паправіла падушкі і, адкінуўшы набок коўдру, пачала скідваць з сябе свэтар. Я глядзеў на яе.
— Ну, хадзі! — упершыню звярнулася на «ты».
— Патушыць лямпу?
— He, не трэба. Я пазней патушу.
Жанчына была цудоўная. Ложак мяккі, чысты і цёплы. Але думкі мае ўсцяж ляцелі за групай Юзіка Трафіды, якая ў гэты час рухалася ў начным змроку сярод розных небяспек… Распорваючы чорную ноч, хлопцы крочаць на захад. У вушах ім свішча вецер, могуць свістаць і кулі, а мяне сярод іх няма.
Цяпер, напэўна, хлопцы мінаюць Старое Сяло. Шырокім, роўным крокам наперадзе ідзе Юзік. Мружыць вочы, напружвае слых, нюхае паветра. За ім флегматычна калыхаецца Лорд з высунутай уперад ніжняй сківіцай. Потым з кіслай мінай на твары тупае Бульдог. За ім, нахіліўшыся ўперад, сунецца мажны змрочны Мамант. Падскокваючы, крочыць Ванька Бальшавік з заўсёднай усмешкай на твары; прыгадалася яму нейкая незвычайная эратычная гісторыя: «Шкада, што няма каму яе расказаць!» Наступным, калываючыся, валачэцца Шчур, правую руку трымае ў кішэні, а ў руцэ — нож. За ім ідзе Пятрусь Філосаф: пра штосьці думае, звёўшы бровы. Пасля яго след у след ступае неразлучны сябар — Юлік Вар’ят: ідзе лёгка, весела, нібы прытанцоўвае. Затым перавальваецца з нагі на нагу Ісак Консул — жыд, які пільнуе тавар: ён уціскае ў плечы худую шыю і недаверліва глядзіць па баках — асабліва не любіць лес і пераходы праз хмызы; а найгорш, дык гэта — вада… «Хто яго ведае, што там можа па ночы сядзець!» Пасля лёгкім, дробным крокам ідзе Салавей… бесперапынку ўсміхаецца. Далей, распусціўшы па ветру вусы, — Болек Камета, які думае пра вяртанне ў мястэчка і пра добрую выпіўку. У канцы, апошнім сярод іх, валачэцца Фэлік Маруда. Пры хадзьбе ён ківае ўзад і ўперад галавой, нібы ўвесь час перад кімсьці кланяецца: заўважыў, што адстаў ад гурта, пачынае бегчы за сябрамі. А мае такі «чуй», што заўсёды адшукае хвост партыі. Сцежку сябраў адчувае нюхам, як сабака… Калі, даганяючы групу, налятае на Камету, той бурчыць:
— Цягнецца, халера, як смурод за войскам. А пасля нясецца, як асмалены.
— А можа, махнём курткамі? — кажа яму Маруда. — На дадатак дам даляра.
— Цьфу, вар’ят! — плюецца Камета і крочыць далей.
Ляжу з заплюшчанымі вачыма і думаю пра ўсялякія рэчы. Пра Сашку, пра гарманіста Антося і жанчын: пра Гэлю, пра Алесю Калішанку, пра Фэлю Вэблінянку. У думках параўноўваю іх і шукаю падабенства ці адрозненне. Раптам чую голас Бамбіны:
— Пасунься крыху!
Пералазіць праз мяне. Ідзе да стала. Сама ў адной кашулі. Паказвае прыгожае ружовае цела. Знарок некалькі разоў праходзіць па хаце туды і назад. Узлезшы на лаву, здымае штосьці з паліцы. Становіцца на дыбачкі, бо нібыта не дастае. Ведаю, што робіць гэта проста так — толькі каб распаліць мяне. I яна ведае, што я так думаю. З’яўляецца жаданне выскачыць з ложка і схапіць яе за рукі… кусаць альбо цалаваць… Ці я ведаю? Нарэшце, пагасіўшы лямпу, бяжыць да ложка.
— Ху!.. Зі-імна!..
Сваім гарачым, пружыністым целам ціснецца да мяне.
А хлопцы цяпер, напэўна, абмінаюць Смалярню. Доўгім вужом плывуць у начным змроку і думаюць, думаюць, думаюць. Кожны нясе ў сабе шмат думак. Кожны знаходзіцца не там, дзе яго цела, а там, куды лятуць яго мроі.
Калі потым, праз два дні, прыйшла наша партыя, я пасаромеўся выйсці да хлопцаў. Ведаў, што хлопцы будуць строіць кепікі. Калі ж заглянуў у гумно, павіталіся са мною моцнымі крыкамі:
— Ура!
— Няхай жыве!
— Як там найсмачнейшая Бамбіна?
— Прастаўляй саладуху! Ёсць за што!
Я зрабіў абураны выгляд.
— Супакойцеся, хлопцы. Хтосьці падумае, што і сапраўды…
— Ну, не брашы… Ведаем… Нас не ашукаеш!
— Няма чаго ашукваць, але і няма чым хваліцца. А што, я павінен нагаворваць, як Ванька?
Такімі паводзінамі я збіў усіх спанталыку. Крыху пазней Ванька Бальшавік запытаўся ў мяне адзін на адзін:
— Уладзік, скажы праўду. Я нікому не скажу… Хай я здохну, калі хоць адно слова каму піскну!..
— Ну, чаго ты хочаш?
— Скажы праўду, ці ладныя цыцкі мае… Бо астатняе ведаю… бачна адразу!..
— Ведаеш што? — адказаў я. — Заўсёды думаў, што ты крыху дурнаваты. А зараз бачу, што зусім дурань!.. Хочаш ведаць, якія ў Бамбіны цыцкі, дык запытайся ў яе сам. Можа, табе і пакажа альбо скажа…
Калі ў абед у стадолу зайшла Бамбіна, яна, як звычайна, весела прывіталася з хлопцамі. Усе з увагай сачылі за намі. Аднак яна, як заўжды, шмат жартавала, заляцалася. А я, як заўжды, маўчаў. Хлопцы былі здзіўленыя. Я нават Юзіка ашукаў. Ён пазней запытаўся, калі мы ішлі пакаваць перавязы:
— Ну і як табе, ці атрымалася з Бамбінай?
— Добра.
— Як, варта грашыць?
— Сто грахоў вартая!
— Ну і клёва! Будзе мякчэйшая баба… Бачыў, якія кашы з шамкай прыцягнула!
Другі тыдзень не іду на справу.
Здарылася няшчасце. Нашую групу разбілі. Было гэта так. Вярталіся без тавару. Шчасліва абмінулі ўсе небяспечныя месцы і наблізіліся да граніцы. Калі былі недалёка ад Альшанкі, злева прагучалі стрэлы і крыкі. Трафіда падаўся ўправа. Мы апынуліся ўжо пры самай граніцы, але ў гэтым месцы на засеках былі нацягнуты драцяныя агароджы. Калі, шукаючы выйсця, кінуліся ўздоўж іх, дык спераду вылецелі салдаты і прымусілі нас уцякаць каго куды ў поўнай цемры.
Я застаўся адзін. Далёка не пабег. Знарок тут жа ля дратоў лёг на зямлю, а пасля, як мінула пагоня, калечучы рукі і ногі і разрываючы адзенне, памалу прадзёрся на той бок засекі.