Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 23


К оглавлению

23

Вярнуўся дахаты, аднак Юзіка там не знайшоў. He было яго і на раніцу, а днём я даведаўся, што Трафіду арыштавалі бааняры. Схапілі ў дратах, з якіх не здолеў выблытацца. Раніцой адаслалі яго ў Стоўбцы, у староства. Юзіка злавілі другі раз, і таму ён мог атрымаць некалькі месяцаў за перамытніцтва. Акрамя гэтага, папаліся Бульдог і Кітаец. З імі было горш, пакольку папаліся на савецкім баку. Салавей казаў, што Бульдога або забілі, або падстрэлілі, бо той бег за ім, а пасля стрэлу грымнуўся вобземлю і заенчыў. Ратуючыся, Салавей кінуў яго. Пра Кітайца ніхто нічога не ведаў: напэўна, папаўся ў Саветах, бо да гэтага часу не вярнуўся назад.

Болек Камета прапанаваў мне ўвайсці ў склад славутай вялікай групы Цвіка, з якой пасля «засыпкі» Трафіды той пачаў хадзіць за граніцу, аднак я пакуль што не хацеў гэтага рабіць. Чакаў, што будзе далей. Грошай меў больш пяцісот рублёў, бо за тую ношку, якую Сашка Вэблін піхнуў у Саветах, я атрымаў 420 рублёў золатам, таму нішто не змушала да пільнай працы.

Болек Лорд сказаў, што хоча арганізаваць новую групу і вадзіць яе замест Трафіды. Пра гэта ўжо размаўляў з Бэргерам.

Я сядзеў дома. Гэля шыла на машынцы. Янінка, як звычайна, штосьці балбатала, а я піў гарбату. Размаўлялі пра Юзіка, якога пад аховай адвезлі ў Стоўбцы. У гэты час дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў Альфрэд Алінчук. Убачыўшы мяне, спахмурнеў. Відавочна, да гэтага моманту ён не ведаў, што жыву ў сям’і Юзіка Трафіды.

Алінчук прывітаўся з Гэляй і Янінкай, а пасля нерашуча накіраваўся да мяне. Працягнуў уперад далоню. Тады я, узяўшы ў адну руку шклянку, а ў другую намазаную маслам лусту хлеба, вымавіў, не падаючы рукі:

— А, гэта пан?.. He вітаюся з панам, бо ўжо выходжу!..

Гэля са здзіўленнем глядзела на нас. Сапнуўшы носікам, Янінка надзвычай паважна прамовіла:

— О, гэта так! Навошта прывітвацца, калі зараз жа трэба адыходзіць?.. А я з Гэлькай ніколі не вітаюся!..

Неўзабаве, узяўшы шапку, выйшаў з памяшкання, пакінуўшы там Алінчука з Гэляй, якая праводзіла мяне здзіўленым позіркам.

Я пайшоў да Сашкі Вэбліна. Захацелася ўбачыць Фэлю, але ў пакоі яе не было.

Прывітаўся з Сашкам. Ён стаяў ля стала і на рамяні даводзіў брытву.

— Што добрага скажаш? — запытаўся ў мяне.

— Няма нічога добрага! Юзіка злавілі…

— Ведаю, ведаю… Хлопцы казалі, што Бульдога забілі, але гэта няпраўда. Прастрэлілі яму нагу і завезлі ў Менск.

— Адкуль ведаеш?

— Я ўсё ведаю!

Сашка перастаў вадзіць брытвай і спачатку паспрабаваў яе пазногцем, затым на валасах, нарэшце, правёў знізу ўверх языком па лязу. Безумоўна, была добра адшліфавана, бо адклаў яе ўбок і пачаў намыльвацца.

— He ходзіш за мяжу? — старанна расціраючы памазком мыла на твары, запытаўся ў мяне.

— He.

— Чаму?

— He спяшаюся… Грошы ёсць.

— Маеш рацыю. Ёсць сармак, дык гуляй! Для працы маеш час!.. Калі ж табе забракне работы, прыходзь да мяне… А зараз гуляй!.. Ад працы, браце, коні дохнуць!..

Выпінаючы худыя шчокі, пачаў галіцца.

— Куды ідзеш? — запытаўся ў мяне пазней.

— Ішоў да Петруся Філосафа. Паабяцаў мне кніжку. Ну, і сюды на дарозе заглянуў.

— Гэта добра! Пойдзем разам. Хачу аддаць гадзіннік у рамонт… Ён жа ў гадзіннікавага майстра жыве.

Зноў замоўк і галіўся далей. Праз хвіліну прамовіў:

— Ага! Ледзь не забыўся табе сказаць. У наступную нядзелю ў нас будзе вечарынка. Дык ты прыходзь! Абавязкова…

— Добра.

— Бо заўтра еду ў Рубяжэвічы. Там ёсць кавалачак працы. Магчыма, раней не ўбачымся… аж на вечарынцы.

Фэля прыйшла, калі Сашка пагаліўся і памыўся. Мела на сабе прыгожую цёмна-зялёную сукенку. Выглядала выдатна. Была ў добрым настроі. I досыць зычліва прывіталася са мной. Ахвотна застаўся б тут у хаце, але пасаромеўся казаць Сашку, што не маю жадання ісці да Петруся. Таму са шкадаваннем развітаўся з Фэляй, і разам з Сашкам выйшлі на вуліцу.

Крочылі па Менскай вуліцы. Заўважыў, што ўсе людзі, якія абміналі нас, з асаблівай увагай глядзяць на Сашку і азіраюцца нам услед. Гэта мне імпанавала. Апынуліся ў нейкім крывым і вузкім завулку.

У адным месцы, выходзячы з-за будынка, я ўбачыў шаўца, які біў папружкай дзесяцігадовага хлапчука. Відавочна, шавец быў п’яны і таму з лютасцю дубасіў дзіця. Сашка нечакана кінуўся наперад і, адпіхнуўшы ўбок шаўца, вырваў у яго з рук скураную дзягу.

— Чаго ты разышоўся?

— А табе якая справа да гэтага?

— Ну, не кідайся! Бо зараз жа даведаешся, як гэта баліць!

Сашка замахнуўся папружкай на шаўца.

— Дык жа ён, халера, разбіў мне лямпу!

Шавец паказаў на кавалкі шкла, што ляжалі на зямлі. Сашка засунуў руку ў кішэню. Выняў пяцідаляровы банкнот і, нахіліўшыся над хлопчыкам, які з шырока расплюшчанымі вачыма ўзіраўся ў твар свайго выратавальніка-абаронцы, сказаў яму:

— Трымай, смык! Плюнь на бацьку і дай яму гэтыя грошы! Няхай купіць сабе дзесяць лямпаў! А як вырасцеш, дык бі хама! Чуеш: улі, як ён табе!

Мы пакрочылі далей. Папругу Сашка кінуў у калюжыну.

* * *

Трапілі ў вялікую, светлую ад вапеннай пабелкі хату. На сценах вісела шмат гадзіннікаў, а пры адным з вакон сядзеў малы лысаваты чалавечак і, нахіліўшыся, нешта рабіў над сталом, на якім ляжалі гадзіннікі і розны інструмент для іх рамонту.

Каля доўгага стала я заўважыў Петруся і Юліка. Юлік штосьці пісаў у сшытак, а Пятрусь, гледзячы яму праз плячо, папраўляў.

Прывіталіся з прысутнымі. Сашка падышоў да Мужаньскага і паказаў яму гадзіннік. Той, уважліва агледзеўшы рэч, вымавіў:

— Дасканалы гадзіннік. Каштоўная штука!.. Праўда, крыху занядбаны. Трэба яго прачысціць!

23