— Калі пан гэта зробіць?
— Сёння не здолею. Маю неадкладную справу. Хіба што заўтра.
— Да паўдня?
— Добра. Да дзесяці гадзін зраблю.
Дамовіўшыся наконт аплаты, Сашка выйшаў.
— Што чуваць, хлопцы? — запытаўся я ў Петрука і Юліка.
— Сёння ідзём у дарогу, — адказаў Юлік.
— З кім?
— Мамант, Салавей і мы.
— А хто вас вядзе?
— Мамант. Ён добра ведае розныя шляхі… Некалі ён толькі адзін хадзіў… са спіртам…
— Чый тавар?
— Наш. На сваю руку ідзём.
— Ваш?
— Ну, так. Панясём спірт. Лепей заробім, чым у жыда. Можа, і ты хочаш ісці з намі?
Я з хвіліну вагаўся.
— Пайшлі! — сказаў Юлік. — Нам весялей будзе. Ну і заробіш таксама.
— Але ж у мяне няма спірту.
— I ў нас няма. Чакаем Маманта. Па спірт да Шэрага пойдзем.
Фактычна праз квадру гадзіны прыйшоў Мамант, крыху пазней — Салавей, кіўнуўшы нам галавой, прысеў.
— Гэты таксама ідзе з намі, — сказаў яму Юлік.
Мамант доўга глядзеў на мяне, а пасля, з відавочнай напругай і цяжкасцю кіўнуўшы галавой, вымавіў:
— Дык сто?
— Так, — адказаў Юлік. — Возьмем сто пляшак. Можам ужо ісці.
Узялі мяшкі і разам з Салаўём выбраліся з хаты. Праз гадзіну вярнуліся назад. Вынялі з мяшкоў бутэлькі і паставілі іх на стале. Было сто пятнаццаць бутэлек спірытусу.
— Тут больш, чым трэба, — сказаў я Юліку.
— Мамант бярэ трыццаць пляшак, а пяць разап’ём па дарозе.
Пачалі рабіць ношкі. Спачатку на стале пакінулі па дваццаць бутэлек. Затым, выцягнуўшы коркі, далілі іх дапаўна, каб было менш посуду. Пасля зрабілі пяць ношак, у якіх размясцілі бутэлькі, пераклаўшы іх тоўстым лямцом і сенам. Пакаваў Мамант. Рабіў гэта з вопытам прафесійнага «спіртаношы».
Чакалі вечара. Дарога была вельмі далёкая. Вымушаны былі ісці да аднаго з менскіх прадмесцяў, таму шмат залежала ад таго, каб мы як мага раней вырушылі.
Пасля другой гадзіны папалудні з усходу пачалі паўзці шэрыя «дзяды», якія заслалі ўсё неба. Пачаўся дождж. Ён наўскасяк забіваў вакно. Рабілася ўсё цямней. Мамант ад радасці паціраў далоні. Такое надвор’е хоць і рабіла дарогу цяжэйшай, давала амаль поўную гарантыю для нашай бяспекі.
Калі пачало цямнець, мы з’елі вячэру і выпілі разведзенага вадой спірытусу. Пасля чаго ўзяліся за ношкі. Мужаньскі — малы і смешны, гледзячы добрымі блакітнымі вачыма, паціскаў нам рукі.
— Зычу вам шчасця, панове! He затрымлівайцеся там. Хутчэй вяртайцеся! Я буду без вас сумаваць!..
Вырушылі ў дарогу. Крочылі вельмі марудна, абмінаючы розныя, схаваныя ў цемры, перашкоды, і стараліся прызвычаіцца да змроку. Аднак цемра была такая моцная, што прасоўвацца наперад маглі толькі ўсляпую.
Дождж усё мацнеў. Вецер таксама. Штосьці ўбачыць перад сабой было немагчыма. Нечакана Мамант спыніўся, я крочыў за ім, наступны быў Пятрусь, Юлік і апошнім — Салавей.
— На! — прамовіў праваднік, усоўваючы мне ў руку канец аборкі. Я зразумеў і перадаў яе з рук у рукі наступнаму сябру. Цяпер ішлі, трымаючыся за вяроўку. Было нязручна, аднак ведалі, што не пагубляемся.
Пачалі прадзірацца праз нейкі падгайнік, а пасля пакрочылі лесам. У пэўным месцы лес скончыўся. Мамант, узяўшы мяне за плячо, моцна паціснуў. Я зразумеў яго: зараз будзе мяжа. Асцярожна паведаміў пра гэта Петрусю.
Дождж ліў штораз мацней. Мы прамоклі наскрозь, і толькі рух разаграваў нас. Дарога, як ніколі перад гэтым, была цяжкай. Абсалютна нічога не бачачы, з неверагоднай затратай энергіі мы валакліся па мокрай зямлі. Аднак Мамант крочыў досыць упэўнена. Зрэдку спыняўся, шоргаў нагой па глебе, штосьці мармытаў, пасля зноў ішоў.
Калі лес скончыўся, крочыць стала лягчэй. Ва ўсялякім разе я не чапляўся за розныя перашкоды і не патрэбна было ўвесь час захінаць вочы ад удараў галінак, якіх не бачыў у цемры.
Пасля трох гадзінаў дарогі мы адпачылі і выпілі спірту. Пазней зрабілі яшчэ адзін прыпынак і толькі пад раніцу, прайшоўшы трыццаць тры вярсты жахлівай дарогі, праз дзесяць гадзін ад моманту выйсця з Ракава, мы ў поўнай цемры дабраліся да Менска. Пры тым, што мы былі прызвычаеныя да паходаў.
Са спірытусам хадзілі два разы, а потым зрабілі перапынак, бо Мамант і Салавей перайшлі ў партыю Цвіка. Там работа была лягчэйшая і больш надзейная — хадзілі бліжэй і не патрабавалася пра штосьці думаць.
У суботу вечарам я піў з хлопцамі ў салоне Гінты. Было весела. Антось так рэзаў на гармоніку, што аж шклянкі трэсліся на стале. Неспадзявана нехта зачапіў мяне нагой пад сталом. Гэта зрабіў Мамант. Я паглядзеў на яго. Кусаючы пазногаць большага пальца на левай руцэ, перамытнік вялікім пальцам правай рукі і вачыма паказваў на дзверы. Зірнуў туды. У дзвярах стаяў Альфрэд Алінчук. У гэты ж момант Мамант сіпата засмяяўся і вымавіў:
— П’янчужка.
Усе рассмяяліся. Альфрэд паспешліва знік за дзвярыма.
Пілі далей. Забава ішла ваўсю. Лорд спяваў:
Гэй, там піва! Гэй, гарэлка!
Гэй, там рэжуць на гармоні!
Гэй, там мая Марысенька
Шклянкай аб бутэльку звоніць!
Позна ноччу я вяртаўся дахаты. На небе мігацелі зоркі. Увайшоў на дзядзінец Трафідавай сялібы. Засоваў брамку. У гэты момант справа ад мяне ляснуў стрэл… Потым другі, трэці і чацвёрты… Я зваліўся на зямлю побач з брамай. З саду даляцелі крокі, якія паспешліва аддаляліся. Я хутка падняўся і, выняўшы з кішэні нож, праз адчыненую фортку кінуўся ў сад. Там было ціха. Хвіліну прыслухоўваўся, пасля вярнуўся да брамы і выйшаў на вуліцу. Паблізу нічога не бачыў. Шкада, што не меў пры сабе ліхтарыка. Можна было б па садзе дагнаць таго, хто страляў, а зараз быў бездапаможны што-небудзь зрабіць. Ад таго часу заўсёды насіў пры сабе ліхтарык.