Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 25


К оглавлению

25

Назаўтра ўважліва агледзеў брамку і сцяну хаты пры браме. Усе кулі сядзелі ў тоўстых бярвеннях. Адну здолеў выцягнуць і схаваў яе.

Калі пастукаўся ў дзверы, Гэля, адамкнуўшы іх, з трывогай запыталася:

— Гэта пан страляў?

— He… Гэта нейкі дурань зганяў ахвоту… Хацеў мяне настрашыць…

— Тут вечарам нейкія круціліся пад вокнамі! — паведаміла дзяўчына.

Назаўтра мяне досыць рана разбудзіла Янінка:

— Там вас нейкі вар’ят кліча!

— Які вар’ят? Чаму вар’ят?

— Ну, бо смяецца і смяецца!

— Дык у цябе кожны, хто смяецца — вар’ят?

— He… Можна крыху пасмяяцца, а ён увесь час…

— Дзе ён мяне чакае?

— За гумном. Сказаў, каб я нікому, акрамя Уладзіка, не казала і што справа ве-е-льмі важная!

Я хутка апрануўся і выйшаў з памяшкання.

За гумном убачыў Ёську Гусяра, які сядзеў у зараслях лапухоў. Ён блішчаў круглай лысай галавой і выглядаў з-за шырокіх лісцяў, нібы месяц з-за хмар.

— Што скажаш? — прамовіў я, вітаючыся.

— Ёсць адна справа. Вельмі важная!

— Калі ласка… Слухаю…

— Толькі гэта па сакрэту. Магу сказаць табе, але пад прысягай, што нікому не перадасі, што гэта пачуў ад мяне.

— Даю табе слова, што нікому пра гэта не скажу!

Ёська, азірнуўшыся па баках, ціха вымавіў:

— Алінчукі хочуць звесці цябе са свету. Альфрэд падбіваў пару нашых хлопцаў, каб яны цябе прышылі. Даваў сто рублёў.

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Яны прыйшлі параіцца. Мяне ўсе ведаюць… пыталіся: што ты за такі пан? Сказаў ім, каб не рабілі гэтага і што ты сябра Юзіка Трафіды… Зараз павінен пільнавацца, бо Алінчукі — гэта халеры!

— Добра, што ты мне расказаў! — прамовіў я да Ёські. — Хоць буду ведаць, хто на мяне палюе! Зараз буду сцерагчыся!.. Учора ўначы, калі вяртаўся дахаты, па мне стралялі!

Ёська здзіўлена выгукнуў:

— Та-ак?! Гэта не з нашых!.. Гэта яны самі секлі! Глядзі! Можа, хочаш мець добрую рулю, дык табе дам… У мяне іх некалькі…

Я развітаўся з Ёськам, які асцярожна падаўся берагам рэчкі, абыходзячы збоку мястэчка. Я пайшоў у хату снедаць. Увесь час разважаў пра тое, што расказаў Ёська.

9

Увечары я апрануўся ціп-топ! Адзеў зеленаватую, у залатыя кветачкі, камізэльку і з выдумкай завязаў цёмна-фіялетавы гальштук у ружовыя пасачкі. Касцюм быў цёмна-сіні. Узяўшы лясачку, выйшаў з хаты.

На рынку сустрэўся са Шчурам.

— Ты куды? — запытаўся ў мяне перамытнік.

— Да Сашкі.

— Ага, на вячоркі! I я туды дыбаю.

Шчур апрануўся, як сам пан граф. Шэры касцюм, лакіраваныя чаравікі, зялёны гальштук. На галаве светлы фетравы капялюш з шырокімі палямі.

He даходзячы да Сашкавай хаты, мы здалёк пачулі гукі гармоніка.

— Антось рэжа! — вымавіў Шчур.

Дзверы ў хату былі адчынены, і шырокі струмень святла вылятаў адтуль на падворак. Каля хаты сноўдаліся нейкія людзі. Чуўся смех і шэпты.

Мы ўвайшлі ў пакой. Нас аглушыў гармонік, на якім з натхнёным выразам твару іграў, прыжмурыўшы вочы, Антось.

Тут гаспадарылі гул, рух. Ад тупату ног хісталіся сцены. Сярэдзіну прасторнага памяшкання займалі пары танцораў. Антось рэзаў моднага ў той час у нас «Карапэта». Некаторыя падсвіствалі і напявалі мелодыю танца.

Мы разам са Шчурам сталі каля сцяны і прыглядаліся да танцораў. Рухам галавы Шчур паказаў на высокага хлопца з цёмным цыганскім тварам і па-казацку расчэсанымі валасамі.

— Гэта Цвік… Машыніст… — прамовіў у мой бок сябра.

Цвік танцаваў з маладой, амаль пятнаццацігадовай дзяўчынкай, якая ледзьве сягала яму да грудзей. Была вельмі зграбная, з мілым тварыкам. У танцы смешна падскоквала вакол перамытніка, які раз-пораз падымаў яе ўгару. Цвік танцаваў з размахам, выгінаста, з прыскокам і прытупам.

— Гэта яго каханка, — праз хвіліну вымавіў Шчур.

— Ну-у?.. — выгукнуў я, здзіўлены.

Непрыгожых дзяўчат не прыкмеціў увогуле. Каханкамі перамытнікаў былі найпрыгажэйшыя дзяўчаты мястэчка.

Заўважыў Лорда, які, зацята бліскаючы напамажанай галавой, нядбайна, нібы без жадання, танцаваў з высокай крамянай дзяўчынай у цёмна-зялёнай сукенцы. Яна была выдатна збудаваная, але твар мела бляклы, як у вупара, амаль мёртвы, што маска. Можа, наклала больш, чым трэба, неадпаведнай колеру скуры памады.

Убачыў і Ваньку Бальшавіка, які з пакутлівай усмешкай прыціскаў да сябе мясістую дзяўчыну з моцнымі ружовымі аголенымі плячыма. Так абхапіў яе ў танцы, што яна вымушана была адкінуць галаву назад.

Заўважыў дзвюх дзяўчат, якія танцавалі разам. Былі непрыгожыя. Трымаліся з выклікам. Адна высвіствала мелодыю танца, другая прытупвала нагамі і трэсла коратка астрыжанымі валасамі.

— А гэта што за кралі?

— Андзя Салдат і Гэлька Пудзель… Яны перамытніцы…

Я лепей прыгледзеўся да дзяўчат. Андзя Салдат была з шырокімі плячыма і вузкімі клубамі. Выглядала як мужчына, пераапрануты ў кабету. На сабе мела вельмі кароткую сукенку памаранчавага колеру. На яе пальцах прыкмеціў шмат пярсцёнкаў, а на руках бранзалеты. Калі Андзя была высокай і шчуплай, то Гэлька Пудзель — нізкай і моцнай. Мела вясёлы сімпатычны твар з задзёртым угару носікам. На ёй была блакітная сукенка, на шыю завязала чорную стужку. Гледзячы на такую смешную пару, я ад душы пацяшаўся.

Акрамя гэтага, танцавала вельмі шмат хлопцаў і дзяўчат, большасць з якіх я асабіста не ведаў.

Хлопцы з паненкамі стаялі каля сцен, сядзелі на лаўках. Дзяўчаты былі ярка прыбраныя. Тыя з іх, якія мелі прыгожыя ногі, насілі вельмі кароткія сукенкі. Хлопцы мелі пераважна цёмна-сінія, карычневыя, зялёныя і светлыя гарнітуры. Камізэлькі ж і гальштукі, якія выглядалі з-пад расшпіленых фрэнчаў, былі самых фантастычных колераў і ўзораў.

25