Вачыма я шукаў Фэлю, аднак не знайшоў. Антон перастаў іграць. Танцы спыніліся. Хата напоўнілася галасамі, гаманой. Дзяўчаты пачалі збірацца на адным баку. Хлопцы стаялі каля сцен або па некалькі адразу пахаджвалі па хаце. Трымаліся ненатуральна. Былі занадта надзьмутыя, выпрастаныя. Такімі іх прымушала быць «перамытніцкая слава».
Паненкі перашэптваліся, хіхікалі і зыркалі на хлопцаў. А тыя рабілі выгляд, што занятыя важнымі размовамі пра «інтарэсы» і, увогуле, не звяртаюць на іх увагу. Такія паводзіны былі адзнакай добрага тону.
Шчур тузануў мяне за руку. Я зірнуў на дзверы. У хату ступіў Альфрэд Алінчук, адзеты з шыкам і бляскам, напамажаны, паголены і нібы адпаліраваны. За ім сунуліся Альбін, Адольф, Альфонс і Амброжык. Затрымаліся цесным гуртом непадалёку ад увахода. Размовы патроху прыціхлі. Хлопцы кідалі свае погляды на Алінчукоў і толькі «мамзэлі» (як казаў Лорд) пачалі яшчэ жвавей шаптацца, хіхікаць і яшчэ выразней заляцацца ўсмешкамі, «запускаць жураўля» ў бок Алінчукоў.
У гэты момант я ўбачыў Болека Камету… Ён выйшаў на сярэдзіну хаты, прыгладзіў вусы, паважна агледзеў усіх і раптам, без усялякіх да гэтага падстаў, весела зарагатаў. Гэтага было дастаткова, каб дзяўчаты пачалі смяяцца. Хлопцы таксама ўзарваліся смехам, зрэшты, не ўсе, некаторыя, каб устрымацца, «захаваць павагу», кусалі нават шчокі.
Болек Камета спыніў свой погляд на Антосю, які, абапёршыся падбародкам на інструмент, сядзеў у куце хаты.
— А… пан маэстра! Наша ўшанаванне!.. Прашу ўрывак «на сопках Маньчжурыі»!.. Эйн, цвэй, дрэй!..
Камета кінуў гарманісту залатую манету. А калі Антось павольна зайграў стары расейскі вальс, ён, ухапіўшы пад пахі першую ад краю дзяўчыну, пачаў кружыцца па хаце. Гэта была Гэлька Пудзель. Дзяўчына пачырванела. Камічна дрыгала нагамі ў паветры і адпіхвала ад сябе Камету. Па хаце праляцеў гучны выбух смеху. Болек адпусціў Гэльку, якая скокнула да дзяўчат і адтуль паказала яму язык.
— Па-французску не ўмею, — сур’ёзна адказаў Камета, і хата зноў напоўнілася смехам.
Камета пакрочыў да дзвярэй, якія вялі ў суседні пакой. Хутка пара за парай насярэдзіну пачалі выходзіць танцоры. Перапыненая забава працягвалася далей. Я і Шчур адшукалі месца на лаўцы. Справа ад мяне стаяла, як звычайна скрыўленая, нібы незадаволеная, Маня Дзюньдзя. Некалі разам з Трафідам бачыў яе на рынку. Цяпер прыткнулася ля моцнай дзяўчыны з зачэпістым поглядам чорных смелых вачэй.
— Хто гэта? — запытаўся я ў Шчура.
— Тая, у жоўтым, гэта Маня Дзюньдзя… перамытніца…
— Ведаю яе… А тая ў ружовым?
— Бэлька… Таксама перамытніца. Яна ў іх машыніст… баба гетман!
Бэлька, відавочна, пачула, што размова ідзе пра яе, і паглядзела ў наш бок. Шчур кіўнуў ёй галавой. Адказала лёгкім рухам далоні, якую падняла ўгару. Пасля выпрасталася і, выпіраючы наперад моцна развітыя грудзі, якія трэсліся пры кожным яе руху і да шаленства цвялілі хлопцаў, пачала прыглядацца да танцораў.
— О… I Сашка ёсць! — вымавіў Шчур.
Я ўбачыў Сашку, што выходзіў з дзвярэй, за якімі нядаўна знік Баляслаў Камета. Ён павольна крочыў, паціскаючы працягнутыя да яго рукі. Наблізіўся да нас.
— А ты чаму не танцуеш? — шапнуў мне.
— Маю час…
— А з кім будзе танцаваць… З табой? — прамовіў Шчур.
— Як гэта з кім? — Сашка паказаў рукой на залу. — Дзяўчаты нібы кветкі!.. О, панна Бэлька сумуе… запрасі яе на танец!
Я пакінуў Шчура і пачаў танцаваць з Бэлькай.
— Пан не тутэйшы? — запытала мяне дзяўчына.
— Так. Прыехаў да Юзіка Трафіды.
— Ён сядзіць?
— Сядзіць.
— Шкада яго.
— Што зробіш…
Убачыў, як Сашка падышоў да Алінчукоў і адразу разам з імі падаўся ў пакой, з якога нядаўна выйшаў.
— Панна ведае Алінчукоў? — запытаўся я ў перамытніцы.
— Ведаю.
— Хлопцы іх не хваляць!
— Дрэнь! — адказала дзяўчына.
Абняў яе мацней. He пратэставала. Падумаў, што трэба сказаць ёй нейкі камплімент, і вымавіў:
— У вас вельмі прыгожыя вочы.
— Ну? — прамовіла з запытаннем і ўсміхнулася.
— Праўду кажу! — шчыра адказаў ёй.
Яна засмяялася і рухам галавы адкінула назад валасы. Пасля прамовіла:
— Я ўсё маю прыгожае… не толькі вочы!
— Ого!.. Дык панна Бэлька такая… шчырая… I ўпэўненая ў сабе?..
— Але… Такая…
— Люблю смелых. Калі б ніхто не бачыў, пацалаваў бы панну за гэта!
— А потым бы пан хваліўся па ўсім мястэчку!
— Нічога такога! Даю слова…
— Ну, ну, паглядзім! — загадкава адказала яна.
Адчуў, што падабаецца мне, і што доўга танцаваў бы з ёй, аднак яна сказала:
— Досыць калясіць! Мне ногі баляць. Учора з дарогі вярнулася, а раніцай зноў ісці!..
— Далёка ходзіце?
— Пад Пятроўшчыну.
Гэта было вельмі далёка ад мястэчка — тры вярсты ад Менска.
Адвёў Бэльку да сяброўкі, якая ўступіла ёй сваё месца на лаўцы. Забава працягвалася далей. У хаце стала горача. Твары прысутных блішчэлі ад поту. Заўважыў, што некаторыя хлопцы на падпітку. Спачатку не зразумеў, калі яны здолелі напіцца. А потым убачыў, што тыя выходзяць удвух, утрох на двор і ружовенькімі вяртаюцца назад. Я позіркам шукаў Шчура, але нідзе не мог яго знайсці, пакуль той сам не падышоў да мяне і, міргаючы вокам, не вымавіў:
— Хадзі на хвіліну.
Пакрочыў за ім у наступны пакой.
Апынуліся ў хмарах тытунёвага дыму. Спачатку я нават паветра не мог ухапіць у грудзі, так спёрта было ў малым пакоіку, здавалася, да края напоўненага людзьмі. Калі ж трошкі пачаў арыентавацца, дык убачыў доўгі стол, а навокал яго перамытнікаў, якія сядзелі або стаялі. Некаторых ведаў асабіста, іншых — зрокава, а некалькіх бачыў упершыню.