Хлопцы былі ў разгуле. На галоўным месцы сядзеў Камета са шклянкай у адной руцэ, з бутэлькай у другой і выкрыкваў:
— Кульгавае наша шчасце, хлопцы, дык падапрэм яго бутэлькамі!
— Мудра! — адказаў Лорд.
— Хто не курыць і не п’е, той гніе, а не жыве!
— Мудра! — рыкаў Лорд і дадаваў: — А ў падмацаванне гэтага — яшчэ па адной.
Шчур пацягнуў мяне да стала. Пасадзіў побач на вузкай лаўцы. Лорд паставіў перада мной поўную шклянку гарэлкі і прамовіў:
— Даганяй!
На другім канцы стала гулялі ў карты. Там знаходзіліся браты Алінчукі, Сашка, Жывіца, Ванька Бальшавік і яшчэ некалькі незнаёмых людзей. Гулялі ў «ачко». На стале ляжалі пачкі банкнотаў і купкі залатых манет.
Сашка банкаваў. Хоць у яго на шчоках з’явілася чырвань, гуляў спакойна, старанна тасуючы і раздаючы карты. Перад ім ляжаў значны стос грошай. У нейкі момант Болек Камета звярнуўся да яго:
— Аддасі карту за 50?
Сашка кіўнуў яму галавой:
— За 500 аддам.
— Пайшло 50.
Камета ўзяў тры карты і прайграў. Выплаціў.
— Кажу і сцвярджаю, хлопцы, што ні ў картах, ні ў бабах не маю поспеху!.. Толькі ў гарэлцы. Дзе круцяцца бутэлечкі і звоняць ды міргаюць мне шкляначкі!.. Ну, яшчэ па адной!
— Мудра!
Лорд пачаў насвістваць. Свістаў ён выдатна, але рэдка паказваў гэта мастацтва, таму варта было яго паслухаць. Перарваў свіст і запеў прапітым, сіпатым, як бы застуджаным, голасам:
Прыйшоў туды пад вечар ўсё ж,
Прыбраны зух, ў кішэні нож…
Нейкі, зусім малады, з дзіцячым тварам незнаёмы мне перамытнік, які спяваў звонкім альтам, пачаў дапамагаць:
Мяне сябры бяруць за пас
I садзяць ураз за стол:
«Ты, Болек, хлопец клявы!
Напіся хоць бы кавы!..»
Болек Камета пры слове «кавы» зморшчыўся, нібыта ад абразы, і зрабіў выгляд, што яго ванітуе. Некаторыя рассмяяліся, а Болек Лорд спяваў далей:
«…Бо смага выйшла аж да края!
Усё схлябала зграя тая…»
— Хлусня! — крыкнуў Болек Камета. — Кажу вам і сцвярджаю, хлопцы, пакуль ёсць граніца, нам хутчэй вады забракне, чым гарэлкі!
— Мудра! — адказаў хтосьці за Лорда, які спяваў далей:
Я, як анёлак, там гуляў,
Хоць дзюрак сем у чэрап ўзяў!..
— Фэлька адну мае, але клёвую! — кінуў Ванька Бальшавік, выскаляючы зубы на другім канцы стала.
— Ты Фэлькай морду не абцірай! — бліснуў у яго бок вачыма Сашка.
— Я нічога… Я проста так… гуляю…
— Ну дык гуляй… I глядзі ў мяне!..
Усе былі ўзбуджаныя алкаголем. Разносіліся выбухі шалёнага смеху. У паветры ляталі салёныя жарты. Курылі без перапынку. Падлога была засмечаная недапалкамі і пачкамі ад папярос. На стале блішчэлі расплюханыя лужы гарэлкі і піва.
Мамант, Камета, Шчур і Лорд пілі бесперастанку. Фэлік Маруда, сканцэнтраваўшыся, павольна і паважна еў вялізны кавалак вантрабянкі. Шчур, піхнуўшы мяне локцем у бок, вымавіў:
— Бачыш, на аргане грае?
Болек Камета пачуў гэта і звярнуўся да Маруды:
— Фэлік, любы! Ты зараз выглядаеш, як леў на пустыні, які рыкае і паядае.
— А дзе ты бачыў ільва? — запытаўся ў яго Шчур.
— На малюнку.
— На якім малюнку?
— Езус на ільву ў Ерусалім уязджае.
— Дык гэта ж асёл! — здзівіўся Шчур.
— А я думаў, што леў! — адказаў Камета.
Маруда адарваўся ад яды. Доўга перажоўваў. Праглынуў. А пасля з вельмі паважным выглядам выказаўся:
— А ты выглядаеш, як трынаццаты апостал!
Вымавіўшы гэта, ён зноў узяўся за яду. Усе выбухнулі смехам. Выказванне Маруды, што Камета выглядае, як трынаццаты апостал, здалося нам, невядома чаму, вельмі смешным.
— Адрэзаў яму.
— Адбрахаўся.
— Адгрызся.
— Вось дык пад’ехаў!
— Гэта стары дасціпнік! Як не кажа, дык не кажа, а як скажа…
— Гэта як чорт у балота нарыгае.
Разносіліся галасы перамытнікаў.
Болек Камета выпіў паўшклянкі гарэлкі. Тыльным бокам далоні абцёр вусны. Паправіўшы вусы, вымавіў.
— Гэта гарадскі хлапец, адпаліраваны…
Шчур падхапіў:
— У млын са збожжам ездзіў!
— Карову да быка вадзіў! — дадаў Лорд.
Камета працягваў далей:
— Добра абабіты!
— Катлетай па мордзе! — дадаў Шчур.
— I налятаны, — казаў Камета.
— Каля гумна за свіннямі, — дадаў Лорд.
Маруда скончыў яду, са смакам аблізаў пальцы і флегматычна прамовіў:
— Я маю вас там, дзе курыца яйка трымае!
Зноў шалёны выбух смеху. У гэты момант у пакой увайшла Фэля. Спынілася ў дзвярах і хвіліну прыплюшчвала вочы, стараючыся нешта ўбачыць скроз хмары тытунёвага дыму. Смех заціх. Перарваліся размовы. Усе скіравалі свае вочы да ўвахода.
Фэля была апранута ў чорную шаўковую сукенку. На нагах — чорныя шоўкавыя панчохі і лакеркі, на шыі — залаты ланцужок ад гадзінніка, на руках ззяла шмат бранзалетаў і пярсцёнкаў. Павольна рушыла далей. Ступала велічна, з гонарам падняўшы ўгару незвычайна прыгожую галоўку. Позіркі хлопцаў абляпілі яе, ішлі за ёй, сачылі за кожным яе рухам, жэстам. Ванька Бальшавік аж рот разявіў ад захаплення. Гульня і п’янка перапыніліся. А яна, задаволеная эфектам, які зрабіла на прысутных, лёгкімі крокамі накіравалася да брата.
Сашка зморшчыў лоб:
— Ну… Чаго сюды?..
— Можа, штосьці трэба?
— Нічога не трэба… Ідзі адсюль!
Фэля надзьмула вусны і страсянула галавой. Агледзела ўсіх. Я сустрэў яе погляд, і аж холадна зрабілася… у грудзях нечакана не хапіла паветра.
Раптоўна прагучаў голас Маруды: