— Агуркоў бы…
Шчур пырснуў смехам. Сашка зарагатаў. I крыкнуў сястры, якая перамервала пакой:
— Фэлька, пачакай! Прынясі агуркоў… Поўнае вядро для сябра Маруды. Мігам!
— Добра, — адказала Фэля.
Пасля, наблізіўшыся да дзвярэй, спынілася і зноў звярнулася да брата:
— Дык хадзі, дапаможаш!
Сашка падняўся, паклаў карты на стол. Хвіліну вагаўся, пасля падышоў да мяне:
— Уладзік, схадзі дапамажы Фэлі прынесці агуркі!
Спяшаючыся, я падняўся і накіраваўся за дзяўчынай, якая чакала ля дзвярэй.
Разам з Фэляй апынуліся ў вялікіх сенцах.
— Ёсць ліхтарык? — запыталася дзяўчына.
— Маю.
Размаўлялі стоячы ў сенцах. Праз хвіліну заўважыў, што Фэля нападпітку. Крочыла не вельмі ўпэўнена, пару разоў яе занесла ўбок. Намацаўшы дзверы складзіка, адчыніла іх. Пасвяціў усярэдзіну ліхтарыкам. Пачуўся здушаны жаночы крык, і я ўбачыў хлапца і дзяўчыну, якія ляжалі на падлозе. Ён усхапіўся і стаў на калені, а яна, каб не пазналі, закрыла далонямі твар. Фэля тузанула мяне за рукаў і пацягнула ў сенцы:
— Загасі ліхтарык!.. Хадзі!..
Выйшлі на панадворак. Каля сцяны хаты прыціскалася іншая пара. Пры нашым з’яўленні яны адскочылі адзін ад другога і хутка зніклі ў цемры.
Даляцеў ціхі смех Фэлі. Вельмі ціхі, каб я не пачуў. Узнікла жаданне пасвяціць ліхтарыкам ёй у твар, аднак не асмеліўся зрабіць гэтага. Смех дзіўна падзейнічаў на мяне… Стала горача, а калені нібы самлелі. Тады ж адчуў дотык рукі і пачуў ненатуральны нервовы шэпт:
— Ідзі туды… у камору… Вазьмі вядро і ліхтар… Ідзі…
— Яны там… — перарваў яе.
Пырскнула смехам.
— Дурны ты!.. Ідзі!..
Камора была ўжо пустой. Я знайшоў вялікае ацынкаванае вядро і ліхтар. Узяўшы ўсё, выйшаў на двор.
— Ужо?
— Ужо.
— Дык хадзем!
Крочыла шпарка. Апынуліся ў агародчыку за хатай. Убачыў абсыпаную зямлёй пахіленую стрэшку скляпка. Фэля пакруціла калодку і, нізка нахіліўшыся, ступіла ўсярэдзіну. Падаўся за ёй. Сутыкнуліся ў цемры. Мімаволі, не разумеючы, што раблю, прыцягнуў яе да сябе і моцна абняў. Маўчала. Праз хвілю прамовіла:
— Ну, адпусці!
Адразу адпусціў. Яна запаліла ліхтар і адамкнула малыя дзверцы ў склеп. Павярнуўшыся да мяне, з бледным тварам і нейкім дзіўным голасам, якога я ніколі раней у яе не чуў, прамовіла:
— Залазь туды!.. Трымай ліхтар!..
Па стромкай прымітыўнай драбіне я злез уніз. Паставіў на зямлю ліхтар.
— Лаві, — пракрычала зверху.
Кінула мне вядро і пачала злазіць. У склепе пахла цвіллю. Святло ліхтара гублялася па цёмных закутках.
Я глядзеў угару на дзяўчыну, якая памалу сыходзіла ўніз па драбіне. Бачыў яе смуглыя ногі. Адной рукой Фэля падабрала сукенку… больш, чым было патрэбна для свабоды рухаў.
Калі знаходзілася на прадапошняй перакладзінцы, я падхапіў Фэлю на рукі і азірнуўся навокал па склепе. Угледзеў вялікую скрыню, пастаўленую ўверх дном. Пасадзіўшы дзяўчыну, пачаў цалаваць твар, вусны, шыю. Зірнуў на яе. Вочы былі заплюшчаны. Пачаў расшпільваць сукенку. He пярэчыла гэтаму зусім.
Проста вачам не верылася, што яна такая прыгожая і гэта яна… недаступная, гордая Фэля… Яе вочы заставаліся заплюшчаныя, а твар яшчэ больш пабялеў. Заўважыў, што прыкусіла зубамі ніжнюю вусначку… Але пазней… амаль у апошнюю хвіліну, прамовіла вельмі спакойным голасам, які збянтэжыў мяне:
— Пусці!.. Досыць таго!..
Мяне ахапіла злосць. Паспрабаваў узяць яе прымусам. Неспадзявана пачала крычаць надзвычай непрыемным голасам:
— Пусці, халера!.. Цябе прасіць?.. Зараз закрычу!.. Ужо!.. «Пошол вон!»
Трасучыся ўсім целам, адскочыў ад яе. А яна, не звяртаючы на мяне ўвагу, пачала марудна даводзіць да парадку сукенку. Уважліва агледзела сябе, а потым, узяўшы вядро, падышла да бочкі, што стаяла ў куце склепа. Пачала накідаць агуркі. Роўным спакойным голасам лічыла:
— Раз, два, тры, чатыры…
Гэта найбольш мяне заела. Са злосцю назіраў за яе раскаванымі, зграбнымі рухамі.
— …22, 23, 24, 25…
Агуркі ляцелі ў вядро. Я сціскаў кулакі і кусаў вусны. Імкнуўся крытычна паставіцца да яе… Мела шырока расстаўленыя ногі і нахілілася клубамі да мяне. Пераконваў сябе, што гэта непрыстойная падстава і што, увогуле, у ёй, у Фэлі, няма нічога такога вельмі прыгожага. Хлусіў сам сабе і ведаў пра гэта. А з кута склепа далятала:
— 46, 47, 48, 49, 50… хопіць!
Накрыла агуркі кружком і прыціснула вялікім камянём.
— Бяры вядро! — сказала мне Фэля.
— Сама бяры… Графіня!..
Яна некалькі секунд глядзела мне ў вочы і раптам пачала смяяцца. Ніколі дагэтуль, ні пасля я не чуў ад яе такога прыемнага смеху і не бачыў такога прыгожага твару. Падышла і засунула ў мае валасы пальцы правай рукі.
Левай рукой пагладзіла мяне па шчацэ.
— Бачыў, якая я?
— Ну і што?
— Бачыў? — паўтарыла яна.
— Ну?
— Спадабалася табе?
— Але.
— Ну… дык пасля шлюбу… Будзеш мець усё… Усё, што хочаш!
— Дык навошта мяне… мучыла?
Яна ціха рассмяялася, а пасля прыцягнула мяне да сябе. Я адчуў на шыі яе руку, а на вуснах пацалунак. Доўгі. Пачуццёвы. Я не ўмеў так цалаваць. Прыпала да мяне цёплым, моцным целам. А калі зноў хацеў ухапіць яе ў абдымкі, адпіхнула мяне і прамовіла:
— Гэта, хлопец, для таго, каб ты ведаў, якая я, што не ашукаешся!.. Ну, бяры вядро і хадзі!
Я маўчаў і стаяў на месцы. Яна ўзяла мяне за руку і павольна сказала:
— Разумееш: нельга! Я не хачу стаць салдацкай анучай!.. Мне, можа, горш, чым табе!.. Ты крыху падумай сабе калі-небудзь над гэтым… Ну, бяры вядро!..