Узяўшы вядро, я пачаў падымацца па драбіне. Фэля свяціла знізу, а затым хуценька паднялася да мяне. Падаў ёй руку і дапамог замкнуць склеп. Потым пайшлі ў хату.
З часам, астыўшы, стараўся разабрацца ў тым, што здарылася паміж намі ў склепе. Але гэта цяжка было зразумець. He ведаю чаму, аднак мне здавалася, што ўсё адбылося ў выніку таго, што мы папярэдне падгледзелі ў каморы. Бо безумоўна, яна пасля выглядала вельмі ўзрушанай, але тое, што адбылося пазней, пярэчыла гэтаму… А можа, ёй большага і не патрабавалася? Магчыма, тое, што адбылося паміж намі, яе цалкам задавальняла? Калі б у мяне была старэйшая сястра альбо такая жанчына, у якой мог бы, не саромеючыся, запытацца, дык зрабіў бы гэта… Самому ж цяжка было асэнсаваць.
Мог бы запытацца ў Бамбіны ці Алесі Калішанкі, аднак, каб мяне зразумелі, трэба ж пра ўсё апавядаць. А як пра гэта раскажаш?..
З вядром агуркоў у руцэ вярнуўся да хлопцаў. Пакой поўніўся. Гулянка ішла як найлепш.
Агуркі разам з вядром паставіў насупраць Фэлькі Маруды.
— На! Засаджвай!
Маруда, не бавячы часу, засунуў руку ў вядро.
— Гэтаму і з бочкай пастаў, не адмовіцца! — заўважыў Лорд. Шукаючы Шчура, я агледзеў пакой. Убачыў яго на другім канцы стала непадалёку ад Алінчукоў. Падміргнуў мне вокам. Я падышоў туды. Альфрэд банкаваў. Ён выцягнуў з кішэні дзве калоды новых карт. Разарваў апаскі. Стасаваў карты і паклаў 200 рублёў.
— У банку дзвесце! — звярнуўся ён да тых, хто гуляў.
Пачаў раздаваць карты. Я таксама ўзяў адну. Першым гуляў Шчур.
— Давай за 50!
Альфрэд суха вымавіў:
— Пастаў куш!
— He бойся. He акантую цябе.
Шчур паклаў на стол 50 рублёў, дакупіў дзве карты і прайграў, бо меў больш 21. Альфрэд згарнуў яго грошы да агульнай кучы.
Другім гуляў Жывіца. Нехта тузануў мяне за руку. Я азірнуўся. Убачыў малады, дзіцячы твар перамытніка, які дапамагаў спяваць Лорду.
— Чаго хочаш? — запытаўся ў яго.
— Пакажы карту. Хачу «памазаць»! — адказаў мне перамытнік.
Я паказаў яму дзесятку.
— Добра! — вымавіў. — Мажу гузіка.
Ён даў мне залатую манету.
Жывіца прайграў. Надышла мая чарга. Я паставіў трыццаць рублёў і выйграў. Аддаў свайму супольніку дваццаць рублёў, але той не ўзяў. Прамовіў:
— На другі раз застанецца.
— Добра. Як цябе завуць? — запытаўся ў яго.
— Кручок, — адказаў хлопец.
Гульня працягвалася. Амаль усе прайгравалі, ва ўсялякім разе тыя, хто ставіў вялікія грошы. Сашка таксама прайграў сто рублёў. Ён быў апошнім на чарзе.
Альфрэд ператасаваў карты. Пачаўся другі тур. Шчур уважліва сачыў за яго рухамі. Раздалі карты. Шчур паклаў на стале 100 рублёў.
— Пайшло на сто!
Альфрэд даў яму карту.
— Досыць! — вымавіў Шчур.
Альфрэд узяў дзве карты і адкрыў іх:
— Дзевятнаццаць.
Шчур прайграў. У яго было ўсяго 17.
Наступны 50 рублёў прайграў Жывіца. Я дадаў да 20 рублёў Кручка 30 сваіх. Шчур сказаў мне:
— Мажу 50.
Я выйграў 100 рублёў і аддаў ім выйгранае.
Пад канец другога тура банк вырас амаль у сем разоў. Там было больш за 1300 рублёў. Альфрэд хваляваўся. Яго твар пачырванеў. На ім паказаліся кропелькі поту. Ператасаваў карты і раздаў. Ішоў трэці, апошні тур.
Шчур паставіў адразу 170 рублёў. Усё, што меў. Узяў карты і — прайграў. Жывіца таксама прайграў. Ён звярнуўся да мяне:
— Пакажы карту!
У мяне быў туз. Жывіца прамовіў:
— Мажу 300 рублёў.
Даў мне грошы. З другога боку Сашка падсунуў мне два банкноты па сто даляраў. Кручок даў 50 рублёў. Бачачы гэта, я зразумеў, што яны хочуць адыграцца і ўзяць з банка. Паставіў 100 рублёў. Шчур падышоў да мяне:
— Можаш паставіць за мяне 200 рублёў?.. Калі прайграю, заўтра аддам табе.
— Добра.
Паставіў разам 200 даляраў і 650 рублёў. Рукі ў Альфрэда трэсліся. Шчур, нахіліўшыся над сталом, уважліва сачыў за кожным яго рухам.
Альфрэд узяў сабе адну карту, пасля павагаўся хвіліну перад тым, як даць мне другую карту. Шчур не зводзіў вачэй з ягоных рук. Альфрэд даў мне карту. Гэта была дзесятка… Я выйграў.
Захрыпеўшым голасам Альфрэд адлічыў мне грошы.
— Клёва, — прамовіў Лорд. — Маеш, браце, шчасце!
Банк зляцеў напалову. Праз некалькі наступных хадоў зноў падрос. Дайшла чарга да Сашкі. Ён адрывіста вымавіў:
— Банк.
— Як? — збялеўшы, запытаўся Альфрэд.
— Кажу: банк!
— Усё-ё?..
— Так.
Сашка паклаў партманет на стол. Альфрэд палічыў грошы ў банку і прамовіў:
— Тут 1040 рублёў і 370 даляраў!
— Іду на ўсё! — адказаў Сашка.
Пабялеўшы, Альфрэд даў Сашку карту. Узяў сабе. Пасля даў Сашку другую і трэцюю карту. Сашка кінуў іх на стол. Меў 24 ачкі.
— Я прайграў, — вымавіў Сашка і пацягнуўся за партманетам, каб выплаціць прайграныя грошы.
У гэты момант адбылася дзіўная рэч. Шчур, выхапіўшы ў Альфрэда карты, крыкнуў:
— Хлопцы! Стыркі пазначаныя цынкам!
Альфрэд знерухомеў. Жывіца паклаў волатаўскую далонь на грошы ў банку. Сашка нахіліўся ўперад.
— Стыркі падцынкованыя?.. Што?.. — працадзіў глуха.
Альфрэд адхіснуўся.
— Хлусіць, гадзіна! — выкрыкнуў ён пісклявым, амаль плакучым голасам.
— А ты кідала! — крыкнуў Шчур.
— Зайздросціць мне і шукае «салдацкага разрахунку»!
У гэтую хвіліну я заўважыў, што Кручок, які вясёлымі вачыма прыглядаўся да інцыдэнту, схапіў пустую бутэльку ад гарэлкі і кінуўся наперад.
— Дык ты так гуляеш з хлапцамі!
Стукнуў бутэлькай Альфрэда, і шкло разляцелася на дробныя кавалачкі. Альфрэд прыкрыў твар рукамі, бо Кручок замахнуўся на яго абломкам горла ад пляшкі. Браты Алінчукі кінуліся на выручку. Адзін з іх схапіў Кручка ззаду за шыю. Шчур умомант бліснуў нажом і крыкнуў: