Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 30


К оглавлению

30

— Прэч, падлы!!

Раптоўна сярод іх з’явіўся Жывіца і некалькімі рухамі плячэй парасштурхоўваў усіх у бакі.

— Памалу!.. Памалу! — прамовіў ён спакойна.

Сашка падняўся з-за стала і дадаў:

— Ну, досыць гэтага!.. Зараз паглядзім… Альфрэд, хадзі сюды!

Алінчук наблізіўся да стала. Хусткай абціраў са лба кроў.

— Стыркі пазначаныя? — запытаўся ў яго Сашка.

— Я не ведаю… Я купіў карты…

— Стыркі купіў, а пазначыў цынкам сам! — кінуў збоку Шчур.

— Дзе купіў стыркі? — запытаў Сашка.

Вочы ў Альфрэда забегалі па баках.

— У Вільні купіў.

Шчур пырснуў смехам.

Сашка, Лорд і Болек Камета ўважліва агледзелі карты.

— Так. Стыркі цынкованыя! — прамовіў Сашка.

— Я казаў — выгукнуў Шчур і хацеў кінуцца на Альфрэда.

Неспадзявана Сашка тупнуў нагой аб падлогу. Шчур адскочыў. Сашка агледзеў прысутных.

— У сябе ў хаце не дазволю рабіць бардэль!.. Зразумела? Хто хоча парахавацца, можа зрабіць гэта дзе-небудзь у іншым месцы!..

— Паставіў у банк 200 рублёў?

— Так.

Сашка ўзяў з банка 100 даляраў і адклаў банкнот убок.

— Гэта твае 200 рублёў… Розніца малая…

Пасля звярнуўся да прысутных.

— А зараз, хлопцы, ганарова: хто колькі прайграў Альфрэду — хай возьме, хто выйграў — хай кладзе сюды! Але ганарова! Мы не шпанюгі і не альфонсы, а фартовыя!.. Ганарова!..

Разнёсся хор згодных галасоў. Палічылі грошы ў банку. Пасля парахавалі ўсё прайгранае і выйгранае. Сашка падзяліў банк і выйграныя грошы паміж хлопцамі, якія прайгралі. Пасля ўзяў 100 даляраў і звярнуўся да Альфрэда:

— А гэта тваё!

Альфрэд маўчаў. Сашка звярнуўся да Шчура:

— Чыркані запалку і спалі гэтае смецце!

Калі Шчур спаліў банкнот, Сашка зноў звярнуўся да Альфрэда:

— А зараз глядзі! Каб больш з хлопцамі не гуляў! Разумееш? Бо разлічымся з табой па-іншаму… Я разлічуся!.. А вас, хлопцы, папрашу «не стукаць» пра тое, што адбылося… Гэта наша справа, і застанецца яна паміж намі!

Альфрэд хацеў нешта вымавіць, але Сашка абарваў яго:

— Маўчы. У цябе сабачыя вочы і сабачы язык!

Хвіліну маўчаў, а пасля зноў пачаў гаварыць, звяртаючыся да братоў Алінчукоў:

— Дзякую вам, што прыйшлі да мяне ў госці… з пазначанымі цынкам калодамі!.. Хацелі нас на дурніцу ўзяць!.. Больш мы не будзем разам ані гуляць, ані піць!

Звярнуўся да Жывіцы:

— Адчыні вакно!

Жывіца хутка падышоў да вакна і адчыніў яго насцеж..

— Было б несправядліва, каб вас я выпусціў праз дзверы, — сказаў Сашка Алінчукам. — Такіх гасцей адправаджваю праз вакно!.. Ну, ляціце!.. Адзін за другім!..

Ён паказаў пальцам на вакно.

Алінчукі пачалі па чарзе вылазіць праз вакно ў агарод, а Шчур стаяў пры фрамузе і смяяўся. Смяяўся весела, нястрымана, заразліва. Таму ўсе таксама выбухнулі смехам. Стрыманасць захоўвалі толькі Сашка, Жывіца, Мамант і Фэлік Маруда, які працягваў есці, не звяртаючы ўвагу ні на што.

* * *

Пасля «адыходу» Алінчукоў гульня ў карты спынілася. Хлопцы ўзяліся за выпіўку і ежу. Жвава абмяркоўвалі гэты выпадак.

— Але ж Шчур вока мае! — прамовіў Ванька Бальшавік.

Шчур шмаргануў носам.

— Ведаю я такіх шулераў, пільнаваў яго!

Лорд засмяяўся.

— А Кручок добра храбуснуў яго бутэлькай!

— Пачаставаў гарэлкай! — дадаў Камета.

Кручок смяяўся, весела бліскаючы вачыма.

— А чаго хамы хлопцаў ашукваюць!

— Мудра! — пацвердзіў Лорд.

Я падышоў да Сашкі і прамовіў:

— У мяне да цябе ёсць справа. Можа, выйдзем на хвіліну з хаты?

— Нешта важнае?

— Так… Пра Альфрэда…

— Ага! Ты выйдзі і пачакай мяне пры браме!

Я перасёк хату, у якой адбывалася агульная забава. Зводдаль ад брамы пачаў чакаць Сашку. Час ад часу на падворак выляталі хлопцы з паненкамі. Па кутах чуўся дзявочы шэпт, смех і піск.

Хутка падышоў Сашка.

— Ну, што скажаш?

— Учора позна ўвечары я вяртаўся дахаты. Было цёмна. Калі замыкаў брамку, ззаду нехта страляў па мне… Чатыры разы.

— Та-ак?

— Так! Ведаю, што гэта работа Альфрэда.

— Адкуль ведаеш? — жвава запытаўся Сашка.

— Ведаю. Можа, не сам страляў. Магчыма, хто ці з братоў, альбо наняў каго. Мяне сёння раніцай адзін пэўны хлопец папярэдзіў.

— Хто?

— Ён прасіў, каб нікому не казаў пра яго!

— Пра што папярэдзіў?

— Што Альфрэд даў нейкім блатным хлопцам 100 рублёў, каб мяне прыкончылі. Яны прыйшлі да гэтага чалавека і пыталіся: хто я такі? Ён сказаў, каб гэтага не рабілі.

Сашка хвіліну памаўчаў, а пасля прамовіў:

— Ведаю, хто гэта табе казаў.

— ?..

— Ёська Гусяр.

He запярэчыў яму. Сашка задумаўся, а я выняў з кішэні кулю, якую перад тым дастаў з сцяны хаты, і падаў яе. Перамытнік прамовіў:

— З браўнінга паліў! З сямёркі!

Праз хвіліну запытаўся ў мяне:

— Што там у цябе з Альфрэдам?.. Можа, пасварыліся?..

Падрабязна расказаў яму пра сутычку з Альфрэдам ля касцёла, калі праводзіў Фэлю. I пра тое, як прывітаў яго ў хаце Трафідаў, калі ён прыйшоў да Гэлі.

— Добра, што паведаміў! — адгукнуўся Сашка. Паразмаўляю з Жывіцам. Будзем трымаць яго на воку. А ты не дрэйф.

Я засмяяўся.

— Напляваць мне на такіх герояў, што поначы з-за вугла страляюць! Але можа падаслаць на мяне якіх паскуднікаў!.. Хацеў, каб ты пра гэта ведаў.

— Добра. Пабачым, што будзе далей. А як з’явіцца неабходнасць, дык мы раз-два і на шаўро яго пераробім!

Сашка ўжо меўся адыходзіць, аднак мяне ахапіла неспадзяванае жаданне пагутарыць пра Фэлю. Падумалася, што гэта будзе вельмі добра, калі да канца застануся з ім зусім шчырым. Я сказаў:

30