Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 31


К оглавлению

31

— У мяне да цябе яшчэ адна справа. Толькі не ведаю, з чаго пачаць. Як табе пра гэта сказаць…

— Як хочаш… Можаш не казаць…

— Раскажу, калі нічога не скажаш Фэлі!

Ён быў відавочна здзіўлены.

— He казаць Фэлі?!. Ну добра, не скажу.

— Слова?

— Кажу: не даведаецца… Гэтага дастаткова. He давяраеш — не кажы!

— Я быў з Фэляй у склепе… Ты паслаў па агуркі…

— Ну?

— Я пайшоў… Ты ж папрасіў..

— Ну, ну?

— Ну і там, таго…

— Што?

— Ну, разумееш…

— Ты палез да яе?

— Так.

— I што?

— Сказала, што… пасля шлюбу!

Сашка раптам засмяяўся. Пасля, паклаўшы мне на плячо руку, вымавіў:

— Фэлька не цнатлівачка. Ёй 27 гадоў. Ужо не аднойчы падпускала. Кажу адкрыта… Хоць і сястра… Але што з таго? Лепей мець такую бабу, чым іншую! Будзе табе добрая жонка і самы прыгожы тварык у мястэчку. Я цябе не намаўляю. Як хочаш… Толькі гэта табе Фэля першаму сказала… He губляй шанец, бо можа перадумаць…

На хвіліну спыніўся, а потым дадаў:

— Фэлька магла разоў сто замуж выйсці, але не мела жадання!.. He ведаю, што гэта на яе зараз наляцела?.. Хлопцы за ёй увіваюцца… Пасаг таксама ёсць… Пакідаю за ёй усю гаспадарку і 15000 рублёў. Разумееш? Мне нічога не трэба. Калі надумаешся, паразмаўляй з ёй, і зрабіце гэту справу. Я супраць не буду. Гэта ваш інтарэс. Альфрэд таксама да яе заляцаўся. Два гады яна яго за нос вадзіла, і нічога… Ну, пайду да хлопцаў.

— Я жаніцца яшчэ не збіраюся. Хачу пагуляць… Я яшчэ малады!

— Гэта твая справа! Хадзем піць альбо ідзі лепей прыгледзься да Фэлі!

Сашка пакінуў мяне ля брамы, а сам пайшоў у памяшканне. Праз хвіліну туды ж зайшоў і я. Спыніўся ў вялікім пакоі.

Забава працягвалася. Антонік рэзаў польку, а моладзь скакала да змору. Іхнія твары гарэлі ад алкаголю і руху. Заўважыў Фэлю, яна танцавала з Цвіком. Пачаў за ёй сачыць. Тое, што адбылося зусім нядаўна паміж намі, зараз здавалася неверагодным. У яе быў такі халодны недатыкальны выраз твару, танцавала на такой адлегласці, што цяжка было даць сабе веры, што той выпадак быў рэальнасцю.

Фэля адчула мой погляд і звяла бровы. Прыкмеціў, што Фэля таксама пачала за мной непрыкметна цікаваць. Сама ў танцы змянілася. Пачала скакаць прыгажэй і… з імпэтам. Дражніла мяне. Зразумеў гэта. Агледзеўшы хату, убачыў Бэльку, якая сядзела на лаўцы з Маняй Дзюньдзяй. Падышоў да яе:

— Паненку Бэльку прашу на скокі!

— Ой, няма жадання… ногі ўжо баляць…

— Але я вельмі прашу!.. Вельмі!..

Трохі здзіўленая, тая паглядзела на мяне. Усміхнулася.

— Ну, добра. Але не доўга.

Пачалі скакаць. Я знарок, каб паказаць, што вельмі ёю захоплены, асабліва блізка прыціснуў яе да сябе. Адначасова імкнуўся трымацца бліжэй да Фэлі. Прыкмеціў, што яна таксама пачала больш жвава размаўляць з Цвіком і нават смяялася.

Забава скончылася вельмі позна. Я праводзіў Бэльку да хаты. Яна жыла на другім канцы мястэчка.

Бэлька адчыніла дзверы ў сенцы і там узялася за дзвярную круцёлку ад свайго пакоя. Я пасвяціў ліхтарыкам.

— Ты адна жывеш? — запытаўся ў яе.

— Так. Матка з дзецьмі на другой палавіне хаты.

Я прыціснуў яе да сябе. Адпіхнула мяне рукамі.

— Ведаю, хлопец, чаго ты ад мяне хочаш. Але сёння нічога не будзе!.. Трэба адаспацца… Заўтра ў дарогу дыбаю.

— А калі?

— Як-небудзь… у цябе ёсць час… Ну, ідзі, а не, дык замкну ў сенцах дзверы!..

Моцна, па-мужчынску, яна паціснула мне далонь.

— Жычу Бэльцы шчаслівай дарогі!

— Дзякую. Прыемных сноў!

Я выйшаў на вуліцу. У мястэчку было ціха. Задумлівы, нібы змораны, лысы месяц плыў сярод хмар. На паўночна-заходнім ускрайку неба мігцела Вялікая Мядзведзіца. Доўга ўглядаўся на яе… Уздыхнуў і пакрочыў дахаты.

11

Надыходзіў канец залатога сезона. Гэта адчувалі перамытнікі і таму працавалі, не шкадуючы сябе.

Болек Лорд сабраў нашу партыю. Зараз ён ужо машыніст. Мамант з Ванькам Бальшавіком, якія пачалі былі хадзіць з партыяй Цвіка, пусцілі яго ў трубу і далучыліся да нас. Нам не хапае толькі Юзіка Трафіды, Бульдога і Кітайца, якія сядзяць у астрогах. З намі таксама няма Петруся Філосафа — ён хворы і застаўся дома пад даглядам гадзіннікавага майстра Мужаньскага; няма і Салаўя — выехаў да сваякоў у Маладэчна. Затое сярод нас быў новенькі. Высокі малады хлапец маіх гадоў, заўсёды добра апрануты… нават у дарогу. Празвалі яго, напэўна, сыходзячы з гэтай падставы, Алігантам. Гэта яго першая дарога. Тавар пільнуе Лёва. Тавар танны: алоўкі, пудра, туалетнае мыла, грабеньчыкі, батыст. Бэргер не рызыкаваў даць на першы раз дарагі тавар. Ношкі ў нас лёгкія: па 35 фунтаў кожная. Разам з машыністам Лордам і кантралёрам Лёўкай нас было дзесяць. Сабраліся ў хляве на Загуменнай вуліцы на ўскраіне мястэчка. Там былі прыхаваны ношкі.

З набліжэннем начы выйшлі і накіраваліся на поўнач. Болек Лорд вёў нас па новай дарозе, па якой некалі хадзіў з групай Булыгі — слыннага перамытніка, машыніста і правадніка, забітага вясной 1922 года пры перакідцы «фігурак» з Саветаў у Польшчу.

Я іду задумаўшыся, гляджу на сем цудоўных зорак Вялікага Воза і няведама чаму даю ім жаночыя імёны. Першую ўгары злева называю Эвай, другую — Ірэнай, трэцюю — Зосяй, чацвёртую спераду ўгары — «кола Воза» — Марыляй, пятую — «ніжняе кола» — Гэленай, шостую — задняе верхняе «кола» — Лідай, нарэшце, сёмую — ніжняе «кола» — Лёняй. Стараюся запомніць гэтыя імёны.

«Добра, што хлопцы не ведаюць, пра што я думаю! Засмяялі б мяне! Гэта будзе маёй таямніцай!»

Я ўсміхнуўся зоркам, і падалося, што тыя смяюцца ў адказ сваімі прыгожымі прамяністымі вачыма.

31