Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 32


К оглавлению

32

Пасля днёўкі ў лесе выходзім на ноч у дарогу і праз дзве гадзіны дабіраемся да хутара Бамбіны. Упрэлі, бо крочылі вельмі хутка. Улазім у гумно і пры ўваходзе скідваем з плячэй ношкі. Сядаем на салому, адпачываем. Потым утрох: я, Лорд і Лёва ідзём у бок хутара. Падкрадаемся да вакна і назіраем за тым, што адбываецца ўсярэдзіне… Чужых людзей у памяшканні няма. Бамбіна штосьці робіць пры стале, павярнуўшыся да нас бокам. Пад столлю гарыць вялікая керасінавая лямпа. Уваходзім у сенцы і адтуль у хату.

— Добры вечар каханай гаспадыні! — кажа Лорд.

Бамбіна паварочваецца да дзвярэй. Хвіліну пазірае на нас, а затым, пляснуўшы ў далоні, весела ўсміхаецца.

— Добры вечар!.. не спадзявалася… Сядайце!..

— Што ў вас чуваць? — пытаецца ў яе Лорд.

— Усё добра… А ў вас?

Расказваем ёй аб прыгодзе з апошняй партыяй. Пра засыпку Трафіды, Бульдога і Кітайца. Бамбіна па-бабску выказвае свой жаль па хлопцах.

— Ну, а зараз зноў працуеце? — прамовіла яна праз хвіліну.

— А як жа?.. працуем, — адказвае Лорд.

— Есці хочаце? — пытаецца Бамбіна.

— Яшчэ як! — кажа Лорд.

— Колькі вас прыйшло?

— Акрамя нас трох, яшчэ сямёра.

Бамбіна ўзялася за работу. Пачала смажыць яечню. Лёўка сказаў, што стаміўся і таму не будзе есці. Пайшоў спаць на другую палову хаты.

Праз паўгадзіны мы, нагружаныя кашамі з ежай, вырушылі да гумна. Бамбіна праводзіла нас з ліхтаром у руцэ.

Хлопцы весела прывіталіся з ёй. Ванька Бальшавік завіхаўся ля нашай гаспадыні, засыпаючы яе рознымі кампліментамі. У нейкі момант штосьці сказаў. Я не пачуў тых слоў.

— He для пса каўбаса! — адцяла Бамбіна.

— Мудра! — прамовіў Лорд.

— Кажу і сцвярджаю, хлопцы, — з натхненнем прагаварыў Камета, — што наша Бамбіна — гэта студня з мудрасцю! Куфэрак з золатам, а не баба!

— Кругом шаснаццаць! — дадаў Шчур.

— У такім выпадку, — казаў далей Камета, — трэба выпіць. Няхай Бамбіна жыве сто гадоў!

— Пяцьсот! — паправіў Лорд.

— Тысячу! — рычыць Шчур.

Бамбіна смяецца і выпівае з намі шклянку гарэлкі.

Скончылі есці. Узяўшы ліхтар, Бамбіна паднялася.

— Дабранач, хлопцы! He кідайце тут акуркаў.

Пасля, звярнуўшыся да мяне, прамовіла:

— Зрабі ласку, дапамажы занесці дахаты кашы.

Я збіраю ў кашы посуд, і мы выходзім з стадолы. Калі зачынялі вароты, пачуў голас Бальшавіка. Потым Шчур пырскае смехам і штосьці яму адказвае.

— Мудра! — разносіцца голас Лорда.

— Кажу і сцвярджаю, хлопцы… — пачаў гаварыць Камета.

Аднак што ён «казаў і сцвярджаў», я не пачуў, бо мы пайшлі ў бок хаты.

У пакоі паставіў на лаўцы кошыкі і хацеў вяртацца ў гумно.

— Куды ты? — паклікала Бамбіна.

— Да хлопцаў… Спаць…

— А са мной горш?

— He горш… але…

— Што?

— He выпадае… Што хлопцы падумаюць?.. Будуць з мяне смяяцца… кпіць…

— Няхай смяюцца! Абы не плакалі!.. Табе што? Ці ты яшчэ такі зялёны, што баішся іх размоў?.. Я, бачыш, не баюся… Напляваць мне на ўсё!

Позна ўвечары, калі Бамбіна, пагасіўшы святло, пачала засынаць, прыгадаў сабе Вялікую Мядзведзіцу і тыя імёны, якімі назваў паасобныя зоркі. Прыпомніў, што да гэтага часу не ведаю імя сваёй каханкі. Безумоўна, Бамбіна — гэта не імя. Яна ўжо спала. Пабудзіў яе, тая, разамлеўшы, пацягнулася.

— Ну?.. Чаго табе?..

— Як цябе завуць?

— А навошта гэта табе?.. Толькі дзеля гэтага разбудзіў мяне?

Яна была відавочна здзіўлена.

— Ну так… Хачу ведаць…

Рассмяялася, а потым адказала:

— Лёня.

— Лёня?.. Гэта значыць Леаніда? Так?

— Так… Падабаецца табе?

— Вельмі! — шчыра адказаў я.

Яна пачала смяяцца. А пасля гарачэй, чым звычайна, абняла мяне.

Ад таго часу, але толькі калі былі адны, называў яе Лёняй. А, цікуючы за сузор’ем Вялікай Мядзведзіцы, пры сустрэчы вачыма з яе сёмай зоркай заўсёды прыгадваў Лёню і… сумаваў па ёй.

Я заўважыў, што пасля гэтай начы ў нашыя адносіны закралася больш цяпла і адданасці.

12

Залаты сезон скончыўся. Двойчы клаўся снег, але хутка знікаў. У бліжэйшыя дні магла стаць «белая сцежка». Гэта вельмі ўскладніла б нашу працу.

Хлопцы працавалі, напружваючы ўсе сілы. Хацелі найлепшым чынам выкарыстаць рэшту восені.

Для перамытнікаў канец залатога сезона закончыўся хваляй неспадзяваных няўдач. Пачалося з таго, што Цвік «паклаў» сваю партыю. Яны засыпаліся на мяліне ў Саветах непадалёку ад граніцы. Іх высачыў падпольнік Макараў. Я ніколі яго не бачыў, аднак шмат чуў пра яго ад хлопцаў.

Макараў сам некалі быў перамытнікам і хадзіў з групай кантрабандыстаў. Потым увайшоў у кантакт з чэкістамі і пачаў «крыць» групу за групай. Паколькі добра ведаў, як працуюць перамытнікі, дзе іх пункты, нарабіў нам шмат шкоды.

Умеў лавіць і перамытнікаў, якія хадзілі «на ўласную руку». Ён увесь час увіхаўся на граніцы, хітра наладжваў на нас засады.

Хлопцы расказалі мне, як выглядае Макараў. Гэта быў высокі, моцны мужчына гадоў пад 40. Меў кароткую рыжую бараду і вялікі шрам ад нажа на левай шчацэ.

Вестку пра засыпку групы Цвіка, якая налічвала 14 чалавек, прынёс Бронак Келб — адзіны ацалелы перамытнік. Ноччу ён захацеў выйсці за патрэбай на двор, але пачуў нейкія шоргаты і шэпт каля варот. He ведаючы яшчэ, што адбываецца, на ўсялякі выпадак залез пад сячкарню, якая стаяла справа ад увахода. Калі чэкісты ўваліліся ўсярэдзіну і пачалі выцягваць з сена разаспаных хлопцаў, ён, схаваны ў цяні пад сячкарняй, прасядзеў, калоцячыся ад страху, да канца вобыску. А калі чэкісты разам з арыштаванымі перамытнікамі выйшлі з гумна, выбраўся праз падваротню, якая была закладзена доўгай дошкай, і да раніцы, амаль што бягом, дабраўся да Польшчы і расказаў пра засыпку. Ракаўскія жыды (купец, які пасылаў тавар, і сваякі Юдкі Балеруна) выслалі ў Менск Шлёму Жарабца, у якога там было шмат уплывовых знаёмых, і ён павінен быў пастарацца выкупіць у першую чаргу Юдку, а калі атрымаецца, і ўсю групу. У гэты ж дзень вечарам Шлёма з 5000 даляраў, зашытымі ў халявы ботаў, пайшоў за граніцу разам з братам Цвіка — Міхалам Гарбатым.

32