Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 33


К оглавлению

33

Гэта была першая вялікая засыпка. У наступную ноч на мяжы, паблізу Волмы, нашы бааняры «пагналі ката» групе Кузьмы Стэрдона з Душкава. Двое хлопцаў папаліся у нас, а трое ў Саветах; чацвёра ўцалела. Потым заляцела Гэлька Пудзель з групы Бэлькі — згубілася ў лесе каля Затычына (на савецкім баку) і дагэтуль не вярнулася. Пазней, праз некалькі дзён, атрымалі страшную навіну: у пяці кіламетрах ад граніцы, у лесе, непадалёку ад Гараняў, найшлі ў дрыгве пяць трупаў. Гэта была група з Кучкуноў. Чэкісты пачалі шукаць канцы ў гэтай справе і арыштавалі шэсць сялян з Краснага, Ляхаў і Барсукоў. Яны кампаніяй палявалі на перамытнікаў і пад раніцу злавілі кучкуноўскую групу. Адабралі тавар, грошы, а пасля завялі іх у дрыгву. Там пазабівалі ўсіх стрэламі з наганаў, трупы ж утапталі ў багну і замаскіравалі галлём. Гэта зрабілі таму, каб справа не выкрылася, а мёртвыя не гавораць.

З намі таксама здарылася бяда. Ішлі з таварам за граніцу групай у дзесяць чалавек. На мяжы нас пагналі. Мы пачалі блытаць сляды, кружляць. Ззаду грымелі стрэлы. Несліся ў поўнай цемры, інстынктыўна адшукваючы шлях і рэагуючы на шоргат крокаў, каб не пагубляцца. Ужо былі ў кіламетры ад граніцы, аднак стрэлы гучалі без перапынку. Гэта была ўзмоцненая засада. Раптоўна я пачуў, як нехта войкнуў. Потым спатыкнуўся аб чалавека, які сядзеў на зямлі. Пераскочыў праз яго.

— Хлопцы! — пачуўся голас. — Мяне падстрэлілі.

Я затрымаўся і паклікаў сябраў:

— Стойце, хлопцы! За намі ўжо не гоняцца!

Усе спыніліся. Мы вярнуліся да параненага. Гэта быў Алігант. Куля прашыла яму лытку на левай назе. Ісці далей ён не мог. Пасля кароткай нарады вырашылі вяртацца, несучы ўдвух па чарзе параненага. Тады адгукнуўся Мамант:

— Я сам аднясу яго да Ракава… Здужаю… Вы шуруйце далей…

Мы зноў пачалі раіцца. Нарэшце дамовіліся, што Шчур і Мамант вернуцца з Алігантам у мястэчка, а мы з таварам пойдзем далей. Зрабілі параненаму перавязку з падзёртай на палоскі кашулі, а пасля Мамант ускінуў яго, як барана, на плечы. Шчур пакрочыў першым, каб разведваць яму дарогу. Свае ношкі яны пакінулі нам. Лорд хацеў узяць сабе яшчэ адну, але як правадніку яму гэта было зацяжка. Таму зрабілі так: Болек Камета, Ванька Бальшавік і я ўзялі па дзве ношкі.

Шчасліва дабраліся да пункта. А на зваротным шляху нас зноў абстралялі. На гэты раз безвынікова. Мамант і Шчур «гладка перакінулі» параненага Аліганта праз граніцу і занеслі дахаты.

Калі ж пасля здарэння з Алігантам мы вырушылі ў дарогу, дык я, абцяжараны падвойнай ношкай, праз сілу рухаўся наперад, стараючыся не згубіць з вачэй чатырохкутнік шэрай плямы на плячах Лорда. Раптам мне пачало здавацца, што гэта не ношка, а надмагільная пліта, і што на ёй павінны быць выбіты імя і прозвішча, даты нараджэння і смерці. Уяўленне нават пачало маляваць на фоне гэтай «пліты» знак крыжа і эпітафію. Мне падумалася: «Ходзім па начах з магільнымі камянямі за плячыма. А я нават цягну дзве гэтыя пліты!»

Так, натужлівая і небяспечная прафесія перамытніка! Аднак адчуваў, што кінуць яе мне было б цяжка. Прыцягвала яна, як какаін… Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля: гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай… Мы нічога не чытаем. Палітыкай увогуле не цікавімся. Ужо некалькі месяцаў не бачыў газет. Усе нашы думкі віруюць каля адной тэмы — граніцы. А пачуцці каля некалькі іншых, у залежнасці ад густу і тэмпераменту: гарэлка, музыка, песні, гульні ў карты, жанчыны.

Я заўважыў, што ўжо два тыдні, ад таго часу як для нас пачаліся «чорныя» дні — на небе не было Вялікай Мядзведзіцы, — яе зацягнулі хмары.

Калі масалкі падстрэлілі Аліганта, я, вярнуўшыся з-за мяжы, пайшоў да Маманта, каб даведацца, як яны перакінулі параненага. Пераступіўшы парог яго беднай хаты, ўбачыў дзіўны малюнак. Мамант, нязграбны, цяжкі, нібы мядзведзь, стаяў пасярэдзіне пакоя. На ягоным карку сядзеў пяцігадовы хлопчык і паганяў «каня» вяроўчынай. Другі хлопчык, трохі старэйшы, паганяў татку ззаду, стоячы на падлозе. Седзячы на перавернутых дагары начоўках, да гэтай забавы прыглядалася і весела смяялася малая дзяўчынка. А Мамант, удаючы каня, няўклюдна скакаў па хаце цяжкім галопам і іржаў… Гэта быў лагодны і самы лепшы з людзей, якіх я калі-небудзь ведаў; ён быў з тых, каго лёгка ашукаць, пакрыўдзіць, абадраць. I адначасова гэта быў ламброзаўскі тып, пры з’яўленні якога перад турэмнымі кратамі газеты пісалі б «пра пануры пагляд забойцы, пра каменны выраз твару, пазбаўлены людскіх пачуццяў, пазначаны пячаткай злачынства, і пра звярыныя інстынкты дэгенерата» і г. д… пра бедака, безабароннага, нібыта хворае дзіця.

Калі я ўвайшоў у пакой, жонка Маманта, малая, худзенькая жанчынка, паказваючы рухам рукі на Маманта, прамовіла:

— Звар’яцеў! Зусім звар’яцеў! Ён заўсёды такі… Увогуле не мае розуму… Як яго не паб’ю, дык вар’яцее! Без лаянкі не можа абысціся!

А конь-Мамант стаяў пасярод хаты — вялікі, цяжкі, перакананы ў сваёй страшнай правіне. На яго вуснах блукала кранальная ўсмешка. Вачыма ён маліў жонку, каб пакінула яго ў спакоі хоць бы пры чужых людзях. Я не думаў, што ў Маманта такая вялікая сям’я, бо ў калысцы ляжала яшчэ адно дзіця.

Калі вярнуўся дахаты, даведаўся, што Юзік Трафіда прыслаў ліст, у якім паведамляў пра свой шасцімесячны арышт, які будзе адбываць у Наваградскай турме.

33