Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 34


К оглавлению

34

Мяне вельмі непакоіла Трафідава сястра — Гэля. Дзяўчына ходзіць сумная, задуменная. Некалькі разоў бачыў яе з заплаканымі вачыма. He раз заўважаў, як увечары цішком выходзіла з хаты. Аднойчы я вырашыў пасачыць. Лепей бы гэтага не рабіў!.. Заўважыў, як на змярканні Гэля спаткалася на мосце з Алінчуком і пакрочыла з ім за мястэчка. Калі б дома быў Юзік, перадаў бы яму, каб той засцярог сястру перад Альфрэдам, расказаўшы пра заляцанні апошняга да шматлікіх местачковых дзяўчат і да Фэлі. Сам жа гаварыць ёй пра гэта не мог, паколькі яна не так мяне зразумела б. Магла падумаць, што зайздрошчу. Гэля вярнулася са спаткання збялеўшай, засмучанай. На яе твары прыкмеціў сляды слёз. I я нічога не мог зрабіць.

Я вельмі пасябраваў з Янінкай. Калі вечарам бываю ў пакоі, дзяўчынка абавязкова прыходзіць да мяне і апавядае розныя фантастычныя гісторыі пра птушак, звяроў, пра тое, што кажуць дрэвы і кветкі. Адкуль у гэткай малой такая фантазія? Цікава, якой яна будзе праз некалькі гадоў, калі стане дарослай паненкай?

Сёння раніцай прыйшоў Лорд. Заўважыў, што ў пакоі ёсць Янінка, і вымавіў:

— Выйдзі на хвілінку. Я хачу табе нешта сказаць.

Дзяўчынка паглядзела на нас і з неспадзяванай паважнасцю зазначыла:

— Можаце казаць усё. Я ў гэтым разбіраюся… Я чужыя сакрэты не слухаю і не выдаю!

Лорд, засмяяўшыся, ухапіў яе пад пахі і падняў угару.

— Гэтага я не люблю! — прамовіла Янінка.

— Выбачайце, пані! — нізка нахіліўшыся, адказаў Лорд.

— Калі ласка. Я не разгневалася… А зараз пайду, а вы паразмаўляйце «свабодна».

Выйшла з пакоя.

— Гэта будзе нумар! — адзначыў Лорд.

— Добрае дзіця, — прамовіў я.

— Дзіцё! — адказаў Лорд. — Гэтая сікса ўсім нашым марухам фору дасць… Такая разважнасць… Фу-ты, ну-ты!..

— Што хацеў сказаць? — запытаўся я ў Лорда.

— Будзе «агранда».

— Калі?

— Сёння ідзём у дарогу. На зваротным шляху нясём скуркі. Разумееш?

— Так.

— Ну, і зробім агранду ў лесе, непадалёку ад граніцы. Сезон канчаецца, трэба крыху адрамантавацца да зімы.

— Хлопцы пра гэта ведаюць?

— Самі прасілі… На гэта намаўлялі Камета, Шчур і Мамант.

— Каб хто-небудзь не заляцеў!

— Ну, цяжка, але неяк абыдзецца. Трэба збольшага направіцца. Сем месяцаў усё ішло гладка. Адну завалім. Папярэджваю цябе, каб ведаў. Калі будзем уцякаць, трымайся мяне.

— Добра.

Вечарам таго дня вырушылі ў дарогу. Тавар ішоў каштоўны: шаўро, лакеркі, хром, баціставыя і ядвабныя панчохі! Ношкі былі па 40 фунтаў.

На пункт прыйшлі каля трэцяй гадзіны ночы. Хлопцы накіраваліся да гумна, а я разам з Лёўкам папраставаў да хутара. Хлопцы спачатку падколвалі з майго раману з Бамбінай, асабліва Ванька Бальшавік. Але аднойчы Шчур сказаў яму:

— А табе шкада?.. Вочы вылазяць ад зайздрасці! Мела рацыю Бамбіна: не для пса каўбаса!

Потым усе пагадзіліся з гэтым, тым больш калі прыкмецілі, што Бамбіна пачала лепей дбаць пра нашае «карыта». Зараз, прыйшоўшы на мяліну, яны кіраваліся да гумна, а я разам з Лёўкам крочыў у хату. Часам толькі Бальшавік не вытрымліваў і казаў: «Падаўся на цёплыя ножкі!»

Бамбіна адамкнула нам дзверы. He звяртаючы ўвагі на прысутнасць Лёўкі, яна абняла мяне гарачымі пульхнымі рукамі. Затым, хутка адаслаўшы Лёўку спаць у бакоўку, вярнулася вясёлая, узбуджаная і нецярплівая. Дапамагла мне зняць намочаныя да каленяў боты і адзенне. Раніцой я знаходзіў усё сухім і чыстым. Мне было з ёй добра. З часам я заўважыў, што яна пачала мяне па-іншаму кахаць… неяк пяшчотней, чуллівей. I я ўсё мацней прырастаў, нават сумаваў па ёй, калі доўгі час не бачыў Лёні. Пераканаўся, што розніца ў гадах не замінала нам. А часам яна нават падавалася маладзейшай — столькі ў ёй было рухавасці, смеху і нейкай дзявоцкай бяздумнасці.

Назаўтра вырушылі ў зваротны шлях. Неслі скуркі. За плячыма я нёс 380 скурак алтайскай вавёркі (19 пачак па 20 скурак у кожнай). Ношка атрымалася надта важкай. Астатнія хлопцы таксама неслі скуркі — толькі вавёрчыныя.

Дарога была незвычайна цяжкая. Ноч — чорная, нібы смала. Мясцовасць — гразкая, ліпучая, як той дэкстрын. Падобныя на мух, мы цягнуліся па балоце, з высілкам дастаючы з глебы свае ногі. Тры разы адпачывалі, пакуль падышлі да граніцы недалёка ад Затычына, дзе надумалі зрабіць агранду.

Увайшлі ў лес. Пачалі прадзірацца па вузкай сцежцы сярод густа паросшых ялінак. Затым выбраліся на шырокую паляну і сярэдзінай падаліся наперад. Узбіліся на нейкую шырокую дарогу, разбітую коламі возаў. Пад нагамі загрукаталі дошкі. «Мост», — падумаў я, стараючыся ісці цішэй.

Нехта, спяшаючыся, мінуў мяне і знік у цемры. Гэта быў Шчур. Лорд на хвіліну затрымаўся, узяў мяне за руку. Нахіліўшы блізка твар, ён шапнуў: «Зараз». Крочылі адзін каля другога. Неспадзявана з левага боку ад дарогі ўспыхнуў электрычны ліхтарык. Бліскавічна слізгануў святлом па доўгай вужацы з хлопцаў, якія ішлі сярэдзінай дарогі. У той жа момант пачуўся нялюдскі крык:

— Сто-ой… Страляю!.. Сто-о-ой!..

Ліхтарык згас. Бухнулі два рэвальверныя стрэлы, пасля яшчэ два. Вакол усё завіравала. Разнесліся крыкі. Затрашчалі прыдарожныя кусты. Трэск стаяў па лесе. Мы з Лордам адскочылі налева, туды, адкуль прагучалі стрэлы і вокліч. А хлопцы джгалі справа ад дарогі.

Праз некалькі хвілін усё заціхла. Мы падняліся. Паблізу раздаўся свіст. Лорд адказаў. Да нас падышоў Шчур. Гэта ён страляў і крычаў. Пачуўся яго ціхі смех.

— Ну, як там? — запытаўся Шчур у Лорда.

— Клёва! Шухер як трэба! Агранда — «першы» клас!

Мы шчасліва перайшлі граніцу. Назаўтра Болек Камета павёз скуркі ў Вільню. Там іх можна было прадаць значна даражэй, чым у мястэчку. Я, Лорд, Шчур і Мамант аддалі яму свае «долі». Усіх скурак, разам з ягонымі, атрымалася 1840 штук.

34