Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 8


К оглавлению

8

2

Пасля сямі гадзін дарогі ад часу пераходу граніцы мы знаходзімся каля хутара Бамбіны. Гэта быў «пункт», з якога перакідваўся тавар у Менск.

Па чарзе пералазім праз паркан і пракрадаемся ў бок гумна. Я засланяю далонямі твар ад удараў галінак садовых дрэў. Зноў пералезлі праз паркан і ўперліся ў сцяну. Пачуў Трафідаў голас:

— Лорд, схадзі паглядзі, як там у гумне… Жвава!

Перамытнік, прайшоўшы каля нас, знікае за рагом будыніны.

Хутка даляцела ціхае парыпванне павольна адсунутай завалы. Калі праз некалькі хвілін Лорд вярнуўся, кінуў нам коратка:

— Хадзем!

У стадоле было цёпла. Пахла сенам. У цемры бліскалі захіленыя рукамі праменні святла ад ліхтарыкаў.

Чую голас Трафіды:

— Ношкі скідайце сюды… у кучу!.. Адным духам, хлопцы!

З уздыхам прыемнай палёгкі я скінуў з плячэй невыносны цяжар. Падышоў да Трафіды і вымавіў:

— Юзік, мне вельмі хочацца спаць!

— Залазь на шасток і кімар.

Трафіда паказаў на драбіну, па якой я ўзлез на гару. Сцягнуўшы з ног боты, накрыўся курткай і, як у цёплую ванну, праваліўся ў моцны сон.

Прачнуўся я позна. У гумне панаваў паўзмрок. Некалькі перамытнікаў сядзела недалёка ад мяне. Паціху размаўлялі. Я пачаў прыслухоўвацца. Ванька Бальшавік апавядаў нейкую эратычную гісторыю. Гэта была яго ўлюбёная тэма. Звычайна расказваў альбо пра Думенку і яго пераемніка — Будзёнага (ён сам некалі служыў у кавалерыі Будзёнага), альбо пра жанчын. Яго слухалі: Фэлік Маруда — моцны і крыху сагнуты, з расплюшчаным спераду носам мужчына сталага ўзросту; Юлік Вар’ят — малады перамытнік з надзвычай буйнай фантазіяй (адсюль — вар’ят), і Салавей — малы, шчуплы, заўсёды ўсмешлівы хлопец; ён прыгожа спявае, бо валодае выдатным голасам.

Аблізваючы сасмяглыя вусны, Ванька расказвае:

— Баба, скажу вам, была як адлітая з бетону! Нідзе не ўшчыкнеш. Дасі пстрычку па… — як звон гудзіць! Пацярэ нагамі — іскры лятуць! Э-лек-трыч-насць!

— Халера! — кажа Фэлік Маруда.

Юлік Вар’ят з шырока расплюшчанымі вачыма круціць галавой.

Паблізу ад іх са зробленай у сене нары, як з-пад зямлі, вылазіць Болек Лорд. Вочы ў яго іранічна прыплюшчаныя.

— Цела, скажу вам, хлопцы, нібы алябастар!.. — Ванька прыцмоквае вуснамі і лашчыць даланёй паветра.

Лорд, не вытрымаўшы, прагаварыў:

— Цьфу, пся крэў: алябастар! Пяты парэпаныя! Гной паміж пальцамі! Калена як наждак! На палову вярсты сырам смярдзіць! А ён: а-ля-бас-тар! Цьфу, цьфу.

— А табе што?

— Анічога. Злавіў слухачоў, дык залівай.

Яны пачынаюць спрачацца паміж сабой і ўзаемна дацінаць адзін другога.

Я падняўся. Абуў боты і падышоў да іх.

— Дзе Юзік? — запытаўся я ў Салаўя.

— На хутар пайшоў.

— Візіт Бамбіне складае, — дадаў Лорд.

— Рабуючы цыцкі! — уставіў Ванька Бальшавік.

— Доўга ж есці не нясуць! — неспадзявана прагаварыў Фэлік Маруда.

— Гэтаму заўсёды ў галаве шамка стаіць, — кажа Лорд.

— I мае ж дар да жратвы, — кідае Шчур.

Мы запальваем папяросы і асцярожна, каб не зацерушыць у сена, курым. Хутка астатнія перамытнікі выпаўзаюць з нораў. Пацягваючыся, пазяхаючы, далучаюцца да нас.

He хапае толькі жыда Лёўкі і Юзіка.

Шчур, дастаўшы з кішэні карты, прапаноўвае згуляць у 66. Бульдог паслаў на сене сваю куртку подшыўкай наверх, і на ёй пачалі гуляць у карты. Да іх далучыўся Мамант і Ванька Бальшавік.

Побач з імі з сур’ёзнай мінай Лорд пачаў апавядаць Юліку Вар’яту, як можна без стрэльбы ўпаляваць зайца.

— Разумееш, купляеш пачак табакі і раніцай, пакуль заяц спіць, абыходзіш палеткі і на кожны камень кладзеш па каліву тытуня… Раніцой заяц прачнецца, пацягнецца, пачухае лапкай за вухам і, як сабачка, пабяжыць за патрэбай. Прыскочыць да камяня і адразу ж панюхае. Тытунь заляціць яму ў нос. Чыхне — трэснецца ілбом у камень, ападзе набок і ляжыць. А ты раніцой выходзіш і збіраеш іх у мяшок.

— Баіш?

— Баю? Галаву даю наадрэз, што не. А на мядзведзя палююць інакш. Палююць толькі ўвосень, калі лісце з дрэваў ападае. Тады бярэш вядро з клеем і ідзеш у лес, дзе жывуць мядзведзі. Намазваеш клеем лісты, а сам хаваешся. Мядзведзь ідзе: члап-члап! члап-члап! Да яго лап прыліпаюць лісты. Усё больш, больш, аж, нарэшце, столькі іх назбірае, што не можа з месца паварухнуцца. Тады выходзіш з-за кустоў, абвязваеш яго вяроўкай, на воз і дахаты!

Шчур, гуляючы ў карты, не вытрымаў і адгукнуўся:

— Яшчэ аднаго вар’ята маем!

— He вар’ята, а пана вар’ята! — адказаў Лорд.

— Такі пан на саломе спіць і зубамі блох ловіць!

Распачалі сварку. Заўважыў, што робяць гэта не са злосцю, a для забавы. Апоўдні Трафіда прыйшоў у гумно. Быў відавочна на падпітку.

— Ну, братва, валіце да мяне!.. Зараз будзе шамка!

Усе пазлазілі з гары на ток.

— Як там тавар? — запытаўся Лорд у Юзіка.

— Зараз прыйдуць «пераношчыцы». Лёўка ва ўсю працуе. Бамбіна жратву вам шыкуе.

— He заціснуў яе там? — пытаецца Бальшавік.

— Патрэбна мне такая… абноска!

Знадворку данесліся крокі, і ў гумно, надзіва лёгкім крокам, увайшла рослая, налітая кабета гадоў 35. «Прыфранцілася». Па ўсім гумне пацягнуўся пах парфумаў. На нагах мела шаўковыя, пад колер цела, панчохі, кароткая сукенка моцна падкрэслівала буйныя формы.

— Дабрыдзень, хлопчыкі! — прагаварыла голасна, весела, паказваючы сваёй усмешкай ладныя белыя зубы.

Усе прывіталіся. Ванька Бальшавік, падскочыўшы наперад, узяў у яе з рук два вялікія кашы. Паставіў іх на ток, а пасля, жартуючы, паспрабаваў абхапіць Бамбіну. Жанчына ж так стукнула яму кулаком у грудзі, што ён заваліўся.

8