Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 89


К оглавлению

89

— Падымайся! — загадаў Кручок.

А калі салдат падняўся, Кручок вылаяўся і прамовіў:

— Што ж гэта вас так вучаць: спачатку страляць, а пасля крычаць «стой»!

— Мяне, таварыш, сабака напалохаў. Падумаў — воўк!

— He трэба лепшага ваўка, чым ты, чалавеча!.. Дулічы ведаеш?

— Ведаю.

— Далёка адсюль?

— Восем вёрст.

— Дарогу добра ведаеш?

— А як жа!

— Ну, дык завядзі нас туды. Толькі глядзі: зробіш крок убок, каб уцячы — пальну ў лоб! I сабака цябе схопіць!..

— He буду ўцякаць… Завяду вас туды, куды хочаце!..

Пасунуліся далей. Першым ішоў салдат, за ім Кручок, фігуркі і, нарэшце, я. Крочылі па вузкіх, ледзьве азначаных на снезе палявых дарогах і сцежках. Чырвонаармеец, відавочна, вёў нас так, каб пазбегнуць непажаданых сустрэч. Баяўся, што тады застрэлім яго.

Праз гадзіны паўтары маршу палямі мы ўбачылі злева лес, а справа — агеньчыкі ў вокнах хацін. Гэта былі Дулічы. Тут Кручок загадаў салдату крочыць перада мной, а сам павёў усіх далей. Я ўважліва сачыў за шэрай постаццю салдата. Праз гадзіну дарогі напрасткі мы выйшлі на добра ўтаптаную лясную сцежку. Тут Кручок затрымаў усіх і падышоў да салдата. Паказаў на сцежку:

— За тое, што страляў без папярэджвання, табе варта было б пальнуць у лоб, але не хачу пэцкаць рукі ў кроў… Ідзі хутка назад. Скажаш, што на цябе напала 100 бандытаў і 10 тыграў. Атрымаеш ордэн за гераізм. Ну, «пошел»!

Чырвонаармеец хутка пакрочыў сцежкай, якая вяла ў глыбіню лесу, і неўзабаве знік у сутонні між дрэвамі. А мы рушылі далей.

«Не шанцуе нам! — думаў я. — Сюды ішлі, нам заступілі дарогу! Назад ідзём — тое самае!»

Фігуркі стаміліся і праз кожныя пару кіламетраў прасіліся адпачыць. Кручок, зірнуўшы на гадзіннік, прамовіў:

— Занадта часта адпачываеце, гэта надакучае. Зараз даю вам большы перапынак, а потым на адным уздыху пойдзем да граніцы… Нельга губляць час… Зараз другая гадзіна… Калі нас пагоняць на граніцы, спатрэбіцца час, каб перакінуцца ў іншым месцы. Разумееце?

— Добра.

— Будзем старацца.

— Дарога дрэнная… — раздаліся галасы фігурак.

Пасля даўгаватага адпачынку мы, спяшаючыся, ірванулі наперад. Кручок вёў нас добра наезджанай дарогай, якая перасякала лясы і палі. Гэтай дарогай я ішоў першы раз, аднак добра ведаў усю мясцовасць абапал тракту.

Дабраліся да берага рачулкі. Гэта была другая лінія. Пайшлі направа. Я ўбачыў даўгаватае, перакінутае праз ваду дрэва. Каро перабег на другі бок і гойсаў там па лазняку. Хутка вярнуўся да нас. Кручок распачаў пераправу. Досыць хутка перайшоў на другі бераг рачулкі. Потым фігуркі, седзячы на ствале і ўпіраючыся рукамі аб дрэва, пачалі памалу сунуцца ўперад.

Чакаю, пакуль усе пераправяцца. Сціскаючы рукаятку парабелума, аглядаю шырокую адкрытую прастору паміж гэтай рачулкай і лесам. Мне ўсё здаецца, што там, на беразе лесу, ёсць нейкія людзі… He ведаю, адкуль у мяне ўзнікла такое ўражанне. Магчыма, там сапраўды хавалася група перамытнікаў, чакаючы адпаведную хвіліну для пераходу другой лініі і рачулкі.

Пераправа закончана. Павольна ідзём лесам. Заўважаю, што людзі, якіх мы пераводзілі, вельмі хвалююцца. Стараемся крочыць як мага цішэй. Кручок пусціў сабаку наперад.

Нарэшце дабраліся да граніцы. Кручок затрымліваецца, і мы доўга стаім нерухома… Злева далятаюць нейкія шоргаты. Яны штораз выразней даходзяць да маіх вушэй. Кручок павольна крочыць наперад і падыходзіць да густа парослых елак. Збіраемся ў кучу. I доўга, прыслухоўваючыся, стаім на месцы. А шолахі злева то ўзмацняюцца, то заціхаюць. «Альбо перамытнікі ідуць, альбо — зялёнкі», — думаю я.

Мне падалося, што шоргаты абмінаюць нас зводдаль і пасоўваюцца да мяжы. «А можа, гэта „дзікія“?» У той жа момант злева, наўскасяк, перад намі гучаць адзін за другім некалькі стрэлаў, якія рознагалосым рэхам ляцяць па лесе. Пасля чуваць галасы людзей:

— Стой! Стой!..

— Падай! Рукі ўгору!

«Спачатку забіваюць, а пасля крычаць: „Стой!“», — думаю, прыслухоўваючыся да гэтага ляманту злева.

Кручок выходзіць з нашай схованкі і шэптам кажа:

— He адставаць… Крочыць ціха…

Пайшоў наперад, мы за ім. Трымаю падрыхтаваную для стрэлу зброю. А лямант злева не аціхае. Адтуль чуваць стрэлы, воклічы, тупат ног. Прыкідваю, што адбываецца гэта на адлегласці больш ста крокаў ад нас.

Выходзім на пагранічную паласу. На снезе бачым мноства слядоў, якія ідуць у розных напрамках. Гэта сляды звяроў і людзей. Яны ўяўляюць цікавую кнігу жыцця граніцы, адкуль той, хто ўмее чытаць, можа даведацца шмат цікавых рэчаў. Знікаючы ў лесе, на другім баку паласы, мы пакінулі ў той кнізе свае сляды.

Пад раніцу завялі фігурак да стадолы на ўскрайку мястэчка. Я застаўся каля брамы, а Кручок пайшоў да хаты жыдоўкі, якая трымала гэты пункт. Праз квадру гадзіны вярнуўся. Побач крочыў нейкі стары жыд. Разам увайшлі ў гумно. Кручок звярнуўся да прысутных:

— Вы знаходзіцеся ў Ракаве. Тут пункт. Тут вам усё растлумачаць, у чым трэба — дапамогуць. Далей свае справы вырашайце як захочаце. Зычу поспеху.

Фігуркі падышлі да нас. Адзін з іх, старэйшы, імкнуўся ўсунуць Кручку, а потым мне некалькі залатых манет, аднак Кручок, а пасля і я не ўзялі грошы. Хлопец прамовіў:

— Нам ужо заплочана… За ўсё сваё падарожжа вы разлічыліся на пункце ў Менску… Мы з вас скуру здзіраць не будзем. Нам хопіць таго, што зарабляем.

— Але ж гэта не плата! Цэнім вашу працу… Мы проста ўдзячны… Ну, і ў нас хапае!..

— Тады штось іншае! — адказаў Кручок. — Калі так, дык трасіце.

89