Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 86


К оглавлению

86

— Мы толькі паснедалі! — вымавіў Лорд.

— Што там сняданне! Мы зробім абед. Наедак будзе ціп-топ, — адказаў Кручок.

Перамытнік пачаў дапамагаць, а лепш сказаць, замінаць маці і сястры, што завіхаліся ля печы. Потым ён выбег з хаты і праз пару хвілін вярнуўся, несучы чатыры пляшкі гарэлкі.

— Кожнаму па пляшцы, а мамцы і Гэльцы, паколькі не маюць вусоў, — па палове!

— Ты ўжо маеш! — адгукнулася сястра. — Намалюй сабе вуглём.

— Але ж буду мець! А ты — фігу!

Яны хутка зрабілі нам закуску, і мы пачалі піць гарэлку. У такой кампаніі адразу зрабілася цёпла і весела. He хапала толькі Шчура… Я прадчуваў — надыходзіць пачатак цікавай, новай для мяне працы.

5

Вечар быў цёмны. Дзьмуў цёплы заходні вецер. Неба было густа засыпана зоркамі. Мае вочы ў цемры адрознівалі два адценні: чорны фон неба з параскіданымі зоркамі і белы фон снегу, дзе-нідзе засеяны чорнымі сілуэтамі дрэў і кустоў.

Палі ўсцілала рэдкая шэрая каша з падталага снегу, у які глыбока правальваліся ногі і па якой у розныя бакі коўзаліся падэшвы. Гэта вельмі ўскладняла нам шлях. Месцамі падталы за дзень снег утвараў велікаватыя калюжыны. Ноччу мароз зацягваў іх лядком

і падрыхтоўваў мноства коўзанак, па якіх дурэў раніцою цёплы заходні ветрык. Калі ж гэта яму надакучвала, тады трушчыў яго, пакрываючы лужыны лускай дробных хваль.

Увечары разам выйшлі з хаты і падаліся ў лес. На сабе пад курткамі мелі «бандажы», якія ўтваралі нешта накшталт вялікіх двайных камізэлек з палатна для пераносу тавару. Асноўным заняткам Кручка быў перавод праз мяжу фігурак, але на сваю руку ён яшчэ займаўся перамытніцтвам. У дарогу, каб не перашкаджала рухацца, ён не браў шмат тавару. Перавяз быў напоўнены іголкамі для ручнога і машыннага шва, іголкамі для грамафонаў, шавецкімі і рымарскімі шыламі. Акрамя гэтага, кожны з нас нёс па некалькі дзесяткаў брытваў.

Крочылі па лесе непадалёку ад сялібы Кручка. Наперадзе бег Каро. У адным месцы Кручок узлез на вялікую ліпу і выняў з дупла рэвальвер. Гэта быў расейскі «афіцэрскі» наган — «самовзвод». Тады я паказаў свой парабелум.

— Добрая цацка! — адказаў Кручок. — Але для мяне і гэтага хапае. Я ваяваць не збіраюся.

Пасля мы вырушылі лесам на ўсход. Каро бег наперадзе.

— Ты з сабакам ходзіш за граніцу? — запытаўся я ў Кручка.

— Так. Каро лепш ведае пагранічча, чым я. На яго можна пакласціся. Трэці год разам працуем.

Пачуўшы сваё імя, сабака падбег да нас, спыніўся і зірнуў у вочы гаспадару.

— Ідзі наперад! — загадаў перамытнік.

Сабака зноў пабег, апярэджваючы нас на дзесятак крокаў. Выйшлі на ўскраек лесу. Я ўбачыў вялікую адкрытую прастору. У трох кіламетрах адсюль была граніца, а крокаў за 200 праходзіла дарога, што вяла з Волмы да Ракава.

Селі на павалены камель дрэва і чакалі змяркання. Выпілі бутэльку гарэлкі, закурылі папяросы. Калі згусцелі сутонні, мы павольна пакрочылі палямі ў напрамку граніцы. Моцна нашмараваныя шкіпінарам боты не прапускалі вільгаці.

Непадалёку ад граніцы адпачывалі і прыслухоўваліся больш дзесяці хвілінаў… Каро пабег наперад. Мы пайшлі за ім. Снег, уціснуты падэшвамі нашых ног, глуха рыпеў. Стараліся не ставіць ногі проста зверху, а расстаўляць, слізгаючы, наўскасяк, ступаком зверху ўніз. Тады таўшчыня снегу пад ботамі рабілася танчэйшай і менш мокрай, а, рухаючыся наперад, мы менш шаргаталі.

Хутка апынуліся на граніцы. Гэта адразу распазналі па шматлікіх слядах, якія перамервалі снегавую бель з поўдня на поўнач і ў адваротным напрамку.

Дарога была цяжкой. Перашкаджала бясконцае правальванне і даставанне ног з глыбокай снежнай кашы. У адным месцы Кручок затрымаўся. Падышоў да яго.

— Што такое?

— Хочаш рызыкнуць? — замест адказу запытаўся Кручок.

— Дзеля чаго?

— Калі хочаш рызыкаваць, дык можам пайсці па дарозе! Я адзін часта хаджу дарогамі.

— Добра, — адказаў. — Хадзем дарогай.

— А калі нарвецца на нас які д’ябал, то…

Кручок махнуў у паветры наганам.

Хутка выбраліся на тракт. Ён быў увесь у калдобінах і выбоінах ад конскіх слядоў. Часта яго перасякалі шырокія лужыны. Аднак крочыць тут было значна лягчэй, чым пнуцца палямі. Хоць ногі не правальваліся ў снег. Праўда, было вельмі слізка.

Здалёк я прыкмеціў агні нейкай вёскі. Да нашых вушэй далятаў сабачы брэх. Кручок спыніўся.

— Пройдзем праз вёску ці абыдзем навокал?

— Ці ёсць там масалкі?

— Няма… Раней не было…

— Дык сіганём праз яе.

Неўзабаве перайшлі мост праз нейкую рэчку і пакрочылі па забудаванай з двух бакоў вуліцы, якая была вельмі вузкай і рабіла ладнае паўкола на вялікай вёсцы. Снег, што ляжаў на дарозе, быў шэры, амаль чорны, у многіх месцах перамешаны з балотам.

Крочылі дастаткова хутка. Справа і злева ў нізкіх вокнах пахілых хацін, якія прытуліліся каля дарогі, бліскалі невялікія жаўтаватыя агеньчыкі. Праз некалькі крокаў вуліцу перарэзвалі прастакутнікі святла ад вокнаў. Дзе-нідзе на падворках гучалі людскія галасы. Пераважна напятыя, узбуджаныя ад злосці. У асноўным чуліся кленічы.

У пэўным месцы Кручок падышоў да плота і вырваў адтуль кол. Мусіць, таму зрабіў гэта, што наперадзе заўзята брахалі сабакі. Каро ўжо не бег уперад, а трымаўся побач. Прайшлі яшчэ некалькі хат. На сярэдзіне вёскі акружылі нас сабакі і, кідаючыся пад ногі, пачалі ўядаць. Кручок ударамі кала разагнаў іх, і тыя, зацята брэшучы, беглі на адлегласці за намі. Каро спакойна трымаўся наперадзе. Тады з брамы нейкага двара паказаліся дзве постаці. Калі ж мы падышлі бліжэй, нас асвяціў кішэнны ліхтарык. Прагучаў голас:

86