Наведванні маёй каханкі працягваюцца далей. Кожны вечар з нецярпеннем чакаю яе прыходу. Гэта адзіная асалода майго побыту на хутары, і, калі б не яна, даўно б уцёк адсюль. Дарэчы, нават гэта мяне не задавальняе… Чаму так зацята маўчыць?.. Усё працягваецца ўжо трэці месяц! Аднак яна не робіць захадаў для свайго апазнання. Калі ж гэтага не хоча, то хай застаецца так надалей. Можа, яно і да лепшага!..
У другой палове сакавіка з захаду падзьмулі цёплыя вятры. У паветры адчувалася вясна. Мой сум памацнеў. Узбуджаны, хадзіў па хутары. Знікла ахвота да працы. Крочыў да недалёкага лесу і праставаў па цаліку куды вочы глядзяць. Зрэдку пракрадаўся лясамі да граніцы і са схованкі назіраў за стражнікамі, якія пахаджвалі пагранічнай паласой. Пасля вяртаўся на хутар.
Пачаў пакрыёма піць гарэлку, якую Сымон у таямніцы ад усіх прыносіў для мяне з недалёкай вёскі ад селяніна, які нелегальна гандляваў гарэлкай.
Аднойчы з пляшкай гарэлкі ў кішэні накіраваўся ў лес. Вельмі далёка адышоў ад хутара. Дахаты вярнуўся пад вечар. Якая ж гэта была радасць, калі ў пакоі ўбачыў Лорда. Шчаслівы, прывітаўся з сябрам і пачаў распытваць пра навіны. Вельмі доўга размаўлялі. У нейкі момант Лорд запытаўся:
— He абрыдла табе тут?
— О, не кажы, вельмі! — адразу адгукнуўся я.
— Ну, калі пажадаеш, дык ёсць работка. Акурат для цябе. Трохі таго… рызыкоўная, але заробак добры.
— Што за работа? — запытаўся ў яго.
— «Фігуркі» вадзіць…
Лорд сказаў, што Кручок шукае сабе кампаньёна — надзейнага і смелага хлапца, які разам з ім мог бы пераводзіць праз граніцу ўцекачоў з Саветаў. Яго папярэдні «супрацоўнік» папаўся разам з таварам у Менску, калі рашыў адведаць сваякоў, і апынуўся ў Чрэзвычайцы (зараз ГПУ). Пра Кручка ўжо казаў раней, як некалі на вечарынцы ў Сашкі ён разбіў бутэлькай галаву Альфрэду за тое, што той гуляў пазначанымі цынкам стыркамі.
Я з радасцю пагадзіўся з прапановай Лорда. Прываблівала не толькі перспектыва добрага заробку, але і новая цікавая праца… Кручок жа быў вядомы сярод перамытнікаў як хлопец з «характарам», з ім нароўні сябравалі і найслынныя местачковыя «варавы», і «старыя завадатары».
У тую ноч Лорд не вярнуўся ў мястэчка, а застаўся ў Даўрыльчукоў. Пад час вячэры аб’явіў усім, што раніцою я адыходжу ў мястэчка.
— Надоўга? — запытаўся Сымон.
— Невядома… Магчыма, назаўсёды…
— Хіба не дагадзілі чым-небудзь? — адгукнуўся Мацей.
Я рашуча запратэставаў:
— Ніякай крыўды ад вас не меў. I буду заўсёды прыгадваць вас усіх добрым словам!
— Што ж рабіць, ваша воля! — прамовіў Мацей — Як трэба будзе, прыходзьце зноў. Выгод у нас няма, але хлеба не бракуе.
He зважаючы на тое, што Лорд начаваў у адным пакоі і было досыць рызыкоўна, мяне ў апошні раз наведала мая маўклівая каханка. Была доўга, але і гэтым разам ані слова не прамовіла.
Раніцай, сардэчна развітаўшыся з Даўрыльчукамі, разам з Лордам пакрочыў у дарогу. Шмат разоў азіраўся на будынкі, што знікалі ўдалечыні і рабіліся ўсё самотней. Дзіўнае ты, сэрца чалавека: пакутуеш ад аднастайнасці, нудзяць цябе адны і тыя ж людзі, а калі пакінеш — пачынаеш сумаваць па іх.
Высока ў небе свяціла сонца. На дарозе таяў снег. У цёплым подыху паветра ўсё мацней адчувалася вясна. Мы бадзёра крочылі наперад і жвава размаўлялі на розныя тэмы. Лорд сказаў, што хлопцы зараз вельмі рэдка ходзяць за граніцу. Большасць спыніла работу да восені. Сонька разам з Ванькам Бальшавіком збегла з мястэчка. Іх бачылі ў Аляхновічах, як садзіліся ў цягнік, што адыходзіў на Вільню. Юрлін паехаў услед, сказаўшы, што заб’е і суку, і «кабяля». Некалькі хлапцоў з групы «дзікіх» папаліся ў Саветах.
Я заўважыў, што ўвесь час ідзём па дарозе ў напрамку Ракава. Лорд растлумачыў: хутар, на якім разам з маткай жыве Кручок, знаходзіцца ў трох кіламетрах ад мястэчка і схаваны ў вельмі зручным месцы, таму стане для мяне «мураванай мялінай».
Я запытаўся ў сябра, ці папярэдзілі Кручка, што буду з ім працаваць. Лорд расказаў, як учора размаўляў з ім пра гэта і што ўжо паабяцаў — калі я згаджуся на прапанову — прывесці мяне сёння на хутар.
He даходзячы кіламетры два да Ракава, Лорд звярнуў направа ў лес. Доўга крочылі напрасткі. Нарэшце апынуліся на ўскрайку вялікай паляны. У адным яе канцы, у засені з чарады елак, стаяла малая ўчарнелая хаціна. Да яе прытуліліся нейкія паветачкі і хляўкі.
Насустрач вылецеў вялікі чорны сабака і з заўзятым брэхам кінуўся нам пад ногі.
— Каро! Каро! Хадзі сюды!
З памяшкання выбег Кручок і адагнаў сабаку. Мы прывіталіся. Кручок выглядаў вельмі маладым… Ніхто б не падумаў, што гэта — стары, дасведчаны перамытнік і славуты праваднік фігурак. Пры гэтым ягоныя дзіцячыя блакітныя вочы ўсміхаліся, а ўвесь твар свяціўся смехам. Бегаючы па падворку і ганяючыся за сабакам, ён ствараў уражанне падлетка. Назіраючы за ім, пацяшаліся і мы. Лорд прамовіў:
— У гэтага заўсёды ўсюды гулі!
Пераступілі парог хаты Кручка. Невялікае памяшканне, складзенае з нядбала абчэсаных бярвенняў, выглядала змрочна. Непадалёку ад увахода стаяла вялікая печ. Левы бок хаты аддзяляла доўгая перагародка. Падлога была гліняная, сцены голыя, столь з круглякоў, цёмная, закураная. Аднак весялосць Кручка асвятляла пануры выгляд хаты.
— Гэлька, мамуська! — крыкнуў хлопец. — Маем гасцей! Рыхтуйце есці! Шмат і хутка.
Я ўбачыў старую жанчыну — маленькую, худзенькую, з такімі ж, як у сына, вясёлымі вачыма. Побач ішла маладая, можа, пятнаццацігадовая дзяўчынка, вельмі падобная да брата. Яны пачалі рыхтаваць ежу.