Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 83


К оглавлению

83

Спяшаючыся, крочу на чыстую палавіну. Дзяўчаты сустракаюць мяне сваімі позіркамі.

— Чаму такі бледны?.. Што табе здалося? — пытаецца Кася.

— Замёрз! — кажу, паціраючы рукі.

— He… ты штосьці ўбачыў! — з напорам гаворыць Кася. — Кажы што!

Звярнуўшыся да Касі, сур’ёзна кажу:

— Спачатку я ўбачыў цябе, пасля яе! — паказваю на Алену. — Пасля яе! — звяртаюся да Магды. — А пазней яе! — паказваю на Насцю.

Магда пырскнула смехам. Я ж працягваю далей:

— Нарэшце я ўбачыў мядзведзіцу… Вялізную-вялізную… Вялікую Мядзведзіцу.

Дзяўчаты ў смех.

— У гэтым годзе ты ажэнішся з мядзведзіцай, — кажа Кася.

— З вялікай мядзведзіцай, — дадае Насця.

4

У студзені за граніцай мы былі толькі адзін раз. Зрэшты, і надвор’е было неадпаведнае. А ў лютым — браты, скарыстаўшы выпадак, набылі пры пасрэдніцтве Лорда, вялікую партыю тавару. Мяркую, што тавар паходзіў з агранды. Там было шмат батыста, сукна, падцяжак, пальчатак, надвязак і панчох. Потым чакалі спрыяльнага для нашай працы надвор’я (непагадзі). Увесь тавар раздзялілі на 12 ношак. Гэтага хопіць на тры вандроўкі за граніцу.

Нарэшце ў сярэдзіне лютага пачалася моцная завіруха. Карыстаючыся зручнай акалічнасцю, адвячоркам мы вырушылі ў дарогу. Шчасліва дабраліся да пункта, а наступнай ноччу вярнуліся назад, прынёсшы шмат лісіных скур і некалькі сот рублёў золатам. Праз два дні перакінулі наступную партыю тавара. Калі вярталіся да хаты, пачало выпагоджвацца, аднак, не зважаючы на гэта, мы ўпакавалі рэшту тавара ў чатыры ношкі, вагой каля 70 фунтаў кожная. Баяліся, каб завея зусім не сціхла, таму, удзень адпачыўшы, вечарам выйшлі ў дарогу.

Ноч была ясная. Поўня то хавалася за аблокі, то выплывала на чыстую прастору неба. Вецер быў пераменны. Увесь час змяняў свой накірунак. Зрэдку мацнеў і, падымаючы ўгару цэлыя сумёты снегу, нёсся за ім некуды ўдалечыню, а снег зноў агортваў поле мяккім пушыстым вэлюмам.

Дарога была нязручная. Павольна цягнуліся наперад, з цяжкасцю адольваючы розныя перашкоды. Базыль вёў нас пераважна лясамі. Зноў пайшлі новым шляхам. За гадзіну ледзь паспелі дабрацца да граніцы. У гэтым месцы не было засекі, таму адным духам пераскочылі паласу і схаваліся сярод дрэў на савецкім баку. Хутка выбраліся з ляска і палямі накіраваліся далей. Мясцовасць тут была няроўная, узгорыстая. Ішлі пераважна нізінамі і ярам, дзе-нідзе паросшым кустоўем. Праз дзве гадзіны, прыпыніўшыся на раўніне, убачылі перад сабой вялікі лес. Далей дарога была амаль бяспечная, і, прабіраючыся па лесе, дабраліся да самай мяліны.

Дзядзька Андрэй сказаў нам:

— Кепска, хлопцы, на гэты конт, робіце! Гэта ж святлей, чым днём, і завея сціхла…

— Нічога, дадзім сабе рады, — адказаў Ігнась.

— Ваша справа! Толькі глядзіце! Будзьце асцярожныя!

За дзень спарадкавалі тавар. Гаспадар мяліны даў Базылю некалькі сот рублёў і пару дзесяткаў лісіных скур. А вечарам мы вырушылі ў зваротны шлях.

Мясцовасць выглядала так, нібы аркуш пакамечанай паперы, асветлены промнямі электрычнага ліхтарыка. Ніякі рухомы аб’ект не мог схавацца на полі ад людскога вока. Добра, што мелі на сабе белую вопратку, таму нас можна было заўважыць толькі з блізкай адлегласці.

Ісці без ношак было лёгка, і мы хутка крочылі ўперад… на захад. Прыкмеціў, што вяртаемся дарогай, па якой я ўпершыню, разам з братамі і Касяй, хадзіў за мяжу. Зразумеў, Базыль хоча абысці засекі з поўначы.

Мінаем лес, выходзім на поле. Зноў лес і зноў поле… Нарэшце апынуліся ў невялікім ляску, які ўпіраўся ў пагранічную паласу. Гэты лясок, утвараючы на снежнай бялізне палёў цёмны востраў, нібы плыў у моры месячных промняў. Перамахнулі на другі бок і затрымаліся ў густых хмызах. Злева, у сотні кроках ад нас, бачу засеку, якая хаваецца ўдалечыні. Справа, паміж канцом засекі і цёмным сілуэтам кустоў, адрозніваю чыстую шырокую прастору. На другім баку пагранпаласы, у месячным ззянні, плавіцца змрочна-цёмная лясная смуга.

Доўга стаім на месцы і ўважліва аглядаем абшар. Нічога падазронага не заўважаем.

Рашучым крокам Базыль падаўся наперад. Ідзём за ім. У схаванай у рукаве кажуха правай далані сціскаю зараджаны і ўзведзены парабелум. У левай — запасны магазін. Кіруемся ў напрамку прасторы між засекай і хмызняком. У нейкі момант мне здалося, што ў тых кустах нешта зварухнулася, аднак не быў у тым перакананы, Базыль жа шырокім размашыстым крокам пасоўваўся наперад.

Былі мы ўжо побач з граніцай. Раптам прагучала некалькі стрэлаў і з-за кустоў выбеглі чырвонаармейцы з карабінамі ў руках, адрэзаўшы нам шлях да граніцы.

— Стой! Рукі ўгору! — залунаў у паветры голас.

Мы хутка кінуліся назад. На адкрытай прасторы пагранічнай паласы зялёнкі маглі лёгка дагнаць нас і ўсіх перастраляць… Разумеў гэта, таму, як толькі прагучалі першыя стрэлы і чырвонаармейцы выскачылі з-за кустоў на граніцу, пачаў страляць з парабелума. Стрэліўшы дзевяць разоў і накіроўваючыся ўслед за братамі, я ўсадзіў запасную абойму ў рукаятку рэвальвера. Бег, нізка схіліўшыся над зямлёй, і, каб ускладніць прыцэльванне, раз-пораз кідаўся то ўправа, то ўлева.

Больш дзесяці секунд стаяла цішыня. Потым салдаты, якія пасля маіх стрэлаў пахаваліся назад у кусты, пачалі зноў страляць. Мы ўляцелі ў лес. Азірнуўся назад. Салдаты несліся па нашых слядах. Браты Даўрыльчукі хутка беглі лесам. Укленчыў за тоўстым камлём зламанай бярозы. У паветры свісцелі кулі. Салдаты ляцелі кучай. Некаторыя на хвіліну затрымліваліся і стралялі ў бок лесу «на страх врагам». Чуў іх крыкі:

83