Кладзе мне пальцы на вусны і, здаецца, бязгучна смяецца, а затым з нечаканай сілай і напалам адказвае на мае ласкі.
Назаўтра а 10-й раніцы прыйшлі Лорд і Шчур. Расказалі мне шмат навін і прынеслі два пакункі з мноствам смачных для нас рэчаў. Выклікалі вялікае ажыўленне. Мы значна павесялелі.
Пачаўшы ад старэйшых, Лорд вітаўся з усімі, а Шчур выказваў жартаўлівыя пажаданні. Вітаючыся з дзяўчатамі, ён рабіў выгляд, што цалуе ім ручкі, а на самой справе датыкаўся вуснамі да сваёй далані. Адной ён зычыў вясёлага сну, другой крэпкага храпака, трэцяй — лёгкага сапення, чацвёртай — моцнага чыху.
Дзяўчаты весела ўсміхаюцца, зрэдку дасціпна адказваюць на зачэпкі. Сёння сёстры апрануліся вельмі старанна: у новыя, каляровыя сукенкі, вышываныя станікі, у боцікі на высокіх абцасах, на нагах белыя панчохі. У косы пазапляталі каляровыя істужкі, на шыю навесілі шмат караляў. Ад іх пахне парфумай і памадай. Шчур падыходзіць да Насці, прынюхваецца, чыхае і кажа:
— Вось бы такую жоначку мець… I тытуню не трэба!
Лорд размаўляе з Мацеем і братамі, а пасля далучаецца да нас і пачынае гутаркай, жартамі забаўляць дзяўчат. У нейкі момант Шчур набліжаецца да Касі і, ушчыкнуўшы яе за сцягно, пытаецца:
— А колькі панна Касюхна плаціла за тавар?
Дзяўчына дае яму такога штурхаля, што той адлятае на сярэдзіну хаты.
— Мудра! — адгукаецца Лорд.
А Шчур, зрабіўшы перапалоханы выгляд, вымавіў:
— Калі б уласнымі вачыма не бачыў, што вось гэтая далікатная ручка панны Касі ды так урэзала, то заклаўся б, што гэта конь мяне лягнуў. Ну і ну! Ёсць у паненкі пар у ручках! Цікава, а як жа ў ножках?
— I ў ножках панне Касі не забракне! Хочаш паспытаць? — кажа Лорд.
Адсоўваючыся, Шчур вымаўляе:
— He буду рызыкаваць!
Пасля абеду мы бяром трое санак і накіроўваемся да бліжэйшай горкі. Пачынаем катацца. Стаіць моцны мароз. Снег зіхаціць на сонцы і рыпіць пад нагамі. Санкі хутка нясуцца з гары. Вецер спявае ў нашых вушах. Часам санкі перакульваюцца, і тады мы вывальваемся ў снежныя гурбы.
У дзяўчат адны санкі на ўсіх, і яны па двое ці утрох з’язджаюць з гары. Некалькі разоў спрабуем іх дагнаць, аднак яны ўцякаюць. Раз, калі дзяўчаты, усеўшыся, хацелі з’язджаць, паміж Аленай і Магдай уціснуўся Шчур. Дзяўчаты напхалі яму за каўнер снегу і, перакуліўшы санкі, вымусілі Шчура ратавацца ўцёкамі.
Забава цягнулася да самага вечара. У пэўны момант, калі Кася збіралася з’язджаць, я вырашыў зрабіць тое самае і выхапіў з-пад яе санкі. Кася кінулася адбіраць. Мы пачалі дужацца. Спачатку жартам, а затым усур’ёз. Падахвочваючы нас да барацьбы, усе пасталі вакол.
— Ну, ну, не паддавайся, Кася! — крычыць Лорд.
— Глядзі, Уладзік, каб не спіхнула з гары! — чую голас Шчура.
А мы змагаемся зацята, аднак безвынікова. Кася была мацнейшая і нашмат цяжэйшая за мяне. Аднак я быў больш спрытны, хоць і яна таксама некалькі разоў выкруцілася з маіх рук. Нарэшце абое зваліліся ў гурбу. Усе зарагаталі. Я ўсхапіўся на ногі і кінуўся да санак, за якія мы пачалі барацьбу. Я ўскочыў і панёсся з гары. Аднак у апошнюю хвіліну Кася паспела ўхапіцца і ўзлезла ззаду. Мы імчымся ўніз. Вецер астуджвае твары. Звяртаюся да дзяўчыны:
— Кася, гэта ты?
— Што? — пытаецца яна.
— Ну, не ведаеш, ці што?
Яе твар палымнее. Вочы весела смяюцца.
— He ведаю…
Больш не пытаюся. Баюся, каб не атрымалася памылка. Ужо мы ўнізе. За намі з’язджаюць Лорд, Базыль і Шчур, за імі — Алена, Магда і Насця.
Позна ўвечары мы ўсе весела вяртаемся дахаты. Смех не сціхае. Шчур, падышоўшы да мяне, мацае бакі.
— Чаго хочаш?
— Хачу паглядзець, ці засталіся цэлыя рэбры? З Касяй, браце, не жарты!
На стале нас чакае багатая святочная вячэра. Мы з апетытам ядзім і шмат п’ём. А пасля вячэры забава цягнецца зноў.
Шчур грае на балалайцы і спявае:
Закладай-ка пару коні
I пояс шырокі!
Мы паедзем у залёты
Да панны Сарокі…
Пасля Шчур просіць, каб я зайграў вальс. Бяру балалайку і выконваю просьбу сябра. З камічнай грацыяй Шчур па чарзе абыходзіць дзяўчат і запрашае іх таньчыць, аднак ніхто не ўмее вальса. Тады Шчур таньчыць разам з Лордам. Робіць смешныя рухі, крывіць твар і выклікае агульны смех. Потым я для іх жа выконваю польку, а яны таньчаць яшчэ смяшней. Нарэшце Шчур прыносіць з сеняў венік і таньчыць разам з ім. Да сваёй дамы спачатку адносіцца вельмі галантна, але калі тэмп полькі ўзмацняецца, ён сам і партнёрша робяць вар’яцкія рухі. Штохвілі хату трасуць моцныя выбухі смеху.
У нейкую хвіліну Мацей кажа Шчуру:
— А можа, хлопча, зайграеш «Лявоніху»?
Шчур ляпае сябе па лбе у знак таго, што забыўся пра гэты танец. Бярэ балалайку. Па хаце разлятаюцца вясёлыя гукі танца. Лорд запрашае Алену. Я таньчу з Магдай. Кася і Насця з братамі. Мы ўтварылі некалькі пар.
Пасля Шчур зайграў другі беларускі народны танец — «Мяцеліцу». Тэмп рабіўся ўсё жвавейшы, і хата захадзіла ў мяне перад вачыма. У паветры ляталі каляровыя сукенкі дзяўчат. Усіх паланіла вясёлая імпэтная «Мяцеліца». Ззяюць вочы, зіхацяць твары, ногі ледзь паспяваюць за шалёным рытмам танца. У паветры нясуцца воклічы Шчура і Лорда. Танец уздымае усіх, нават Шчур таньчыць на месцы разам з балалайкай, на якой грае з усё большым запалам. «Мяцеліца» захапіла нас і круціць, і віруе, і мяце, нібы сапраўдная снежная завіруха.
Забава працягвалася доўга, і толькі позна ўвечары ўсе разышліся адпачываць. Шчур і Лорд засталіся нанач. Для гасцей ссунулі дзве лавы і зрабілі адзін супольны ложак.