Дождж сячэ, цурчыць і льецца. Ноч чорная, нібы смала.
Воз да краёў напакаваны фарбай і скурай на падэшвы. Тавару некалькі дзесяткаў пудоў. Воз накрылі вялікім брызентам і абвязалі яго тоўстымі вяроўкамі. Калі б ён перавярнуўся — нічога не вываліцца. Прасмоленымі танейшымі вяроўкамі абкруцілі абады колаў. Гэта было добра з некалькіх меркаванняў: пры яздзе робіць менш грукату; колы воза не так глыбока ўлазяць у глебу; не слізгаюцца на пагорках і на мокрай траве.
Усё падрыхтавана. Чорны конь — вялікі і моцны — ірвецца наперад. Выязджаем на дарогу. Гаспадар, стоячы пры браме, хрысціць нас:
— Дай вам Бог шчасця!
Ныраем у змрок. Жывіца, трымаючы ў руках скураныя лейцы, кіруе канём. Сашка сядзіць каля яго. Я ўладкаваўся ззаду на возе. Павольна едзем наперад. Абсалютна нічога не адрозніваю ў цемры.
Праз гадзіну Жывіца спыняе каня. Я з Сашкам злазім з воза. Ён кажа мне пачакаць, а сам крочыць далей. Праз чвэрць гадзіны вяртаецца.
— Ну, пайшло!.. Толькі памалу…
Зараз я і Сашка ідзём наперадзе, а воз ціха коціцца за намі. Мы трымаем напагатове рэвальверы і ліхтарыкі. Інстынктыўна адчуваю, што побач граніца, аднак, не ведаю, калі яе пяройдзем.
Едзем без дарогі. He робім амаль ніякага галасу. Магчыма, дзе-небудзь недалёка зялёнкі, але яны не могуць нас бачыць альбо чуць.
Іду і думаю пра тое, што сёння сказаў мне Сашка: «Ну, браце, пачынаем працу! Пакуль ляжа белая сцежка, заробіш пару тысячаў даляраў. Тады паедзем у Вільню. Там і ўладкуешся, бо тут згінеш… Раней ці пазней».
Дарога цягнецца вельмі марудна. Дождж усё мацнее. Доўга калясім у цемры, асцярожна аб’язджаем розныя перашкоды. Нарэшце выбіраемся на нейкую дарогу. Зараз хутка падаёмся ўперад. Воз ціха едзе за намі. Часам конь датыкаецца да маёй шыі храпай, тады адчуваю цёплы подых.
Потым Сашка спыняе каня. Садзімся на воз і досыць хутка едзем далей. Абапал дарогі стаіць нябачны ў змроку лес. Час ад часу воз падскоквае на карэннях дрэў. Па твары ляскаюць мокрыя лісты і галінкі, вострыя іголкі елак. Увесь час трымаю ў руках ліхтарык і парабелум. Можа, напаткаем кагосьці на дарозе.
У нейкім месцы зварочваем з дарогі ў лес. Тут здымаем з колаў вяроўкі. Нельга пакідаць такі след ад мяжы да мяліны.
Зараз калясім рознымі дарогамі. З’язджаем набок. Вяртаемся: губляем след.
Каля трэцяй гадзіны ночы — мы на месцы. Тавар заносім у стайню. Днём Барсук адвязе яго на наступны пункт, які недалёка ад Менска. Каня і воз заводзіць на стайню Жывіца. Барсук, я і Сашка крочым у памяшканне.
У печы гарыць ладнае полымя. Здымаем з сябе мокрае адзенне і развешваем яго на шнурах вакол печы. Калі вяртаецца Жывіца, ён таксама пачынае рабіць тое самае. Барсук смажыць нам сала.
П’ём спірт і ядзім гарачыя скваркі. Нам смакуе ўсё: і дрэнны чэрствы аржаны хлеб, і з’ялчэлае сала.
Пад раніцу дождж аціх. Барсук запрагае каня, з дапамогай Жывіцы ладуе тавар на воз і едзе на наступны пункт. Тавар зверху прыкрыў сенам.
— Ці не возьмуць на кручок у дарозе? — пытаюся я ў Сашкі.
— Яго?.. Яго сам д’ябал не затрымае! Праедзе такімі сцежкамі, дзе і духа жывога не сустрэне. А калі спаткае, дык атрымаў ад мяне клёвую машыну… Будзе секчы да апошняга! Гэта, браце, добры нумар!
Залазім спаць на печ. Тут вельмі горача. Па чарзе пільнуем сон сяброў.
Каля трох гадзін дня вяртаецца Барсук. Прывёз некалькі вялікіх мяшкоў шчаціны. Гэты тавар павязём назад. He будзе нам перашкаджаць, бо тавар лёгкі, а заробак — большы.
Вечарам спакавалі шчаціну на воз і вырушылі ў дарогу. Едзем хутка. Конь ірвецца да шпаркага бегу, аднак Жывіца стрымлівае яго.
Пасля трох гадзінаў дарогі затрымліваемся. Зноў абкручваем вяроўкамі колы і яшчэ марудней едзем наперад. Пачынаецца дождж. Дзьме ўсходні вецер. Гэта дапамагае ўтрымліваць патрэбны кірунак у дарозе нацянькі.
Граніцу пераязджаем, захоўваючы ўсю асцярожнасць, і каля першай гадзіны ночы вяртаемся на хутар.
Перакінулі праз граніцу тры вазы тавару. Я атрымаў ад Сашкі 240 даляраў. Зараз маю 665 даляраў. Сашка сказаў, што мне прыпадае больш, аднак аддасць пазней, калі закончым усю работу, бо зараз цяжка падлічыць прыбытак. Я ніколі столькі не зарабляў.
Калі апошні раз вярталіся з-за мяжы, з намі здарыўся выпадак, які ледзь не скончыўся крывава. Мы разлічвалі хутчэй вярнуцца дахаты. Паехалі акружной дарогай. Везлі чатыры вялікія пакункі шчаціны.
У адным месцы выехалі на луг. Злева ўдалечыні віднелася вёска. Змрок апускаўся павольна. З усходу паўзлі дзяды і шырока засцілалі неба. Збіралася на дождж.
Дарога была слаба наезджаная, воз скакаў па рытвінах. Я здалёк прыкмеціў паласу лазовых кустоў, якая пераразала луг, мост праз нейкую рачулку і пры ім вербы. Мне здалося, што на мосце ёсць людзі. Калі пад’ехалі бліжэй, убачыў некалькі мужчын, што стаялі, абапёршыся на парэнчы, і глядзелі ў наш бок.
— Там нехта стаіць! — звярнуўся я да Сашкі.
— Каб іх сабака падзёр! — адгукнуўся сябра.
Наблізіліся да моста. Разгледзелі на ім сем чалавек. Трое былі апрануты па-вясковаму, трое — па-гарадскому, а адзін у чорную куртку і шапку.
Жывіца адпусціў лейцы і ціха свіснуў. Воз паехаў хутчэй. Трымаючы рукі ў кішэнях, я мацней заціснуў у далонях рукаяткі рэвальвераў. Ногі шырока рассунуў, каб мець лепшае апірышча. Глянуў на Сашку. На яго твары блукала ўсмешка, адна рука была засунута ў кішэню.
— Цішэй! — сказаў Сашка Жывіцу.
Жывіца крыху стрымаў каня. Уз’ехалі на мост.
— А вы хто такія?.. Адкуль?.. — крыкнуў нахабным голасам мужчына ў скуранай куртцы, спрабуючы схапіць лейцы.