Праз чвэрць гадзіны вяртаецца Стась.
— Ёсць! — крычыць ён з парога. — Выдатнейшая, найпрыгажэйшая Эстэрка ўласнай асобай!
Хуткімі крокамі ў пакой уваходзіць худая, сярэдняга росту дзяўчына-жыдоўка. Вымае з-пад паліто гітару і, кладучы яе на крэсла, зычна кажа:
— Вясёлай забавы!
— Запрашаем! — адгукаецца Сашка. — Сядай тут! — паказвае на вольнае месца каля стала.
На Эстэрцы вельмі кароткая чырвоная сукенка. Твар непрыгожы, але постаць надта зграбная. У яе чорныя, коратка падстрыжаныя валасы, вялікія пачуццёвыя вусны і прыгожыя вочы. Стась пачынае хутка паіць яе вішнёўкай. Дзяўчына, не саромеючыся, есць і п’е і сама ж весела жартуе.
— Аднак у Эстэркі ручкі, як цукерачкі! — кажа Стась.
— У мяне і ножкі, як цукерачкі! — адказвае Эстэрка і кладзе на стол нагу з выпрастанай ступнёй.
Гэта вітаецца агульным выбухам смеху. Стась не здаецца і таксама ўладкоўвае нагу на стол.
— Ну, паглядзім, чые ладнейшыя? Хай паненкі ацэняць.
А дзяўчаты весела смяюцца.
Затым Эстэрка выбягае на сярэдзіну пакоя. У руках трымае гітару. Нейкі момант перабірае пальцамі струны, спрабуе розныя акорды, а пасля спявае:
Глядзіце, фраеры,
На мае лакеры.
Ці не цуд яны?
Ззаду лытка зграбная;
Тварык, грудка вабная.
А таксама шык які!
Спявачка рухаецца на насках чаравічкаў, нахіляецца ўзад і ўперад, спрытна круціцца на адным месцы. Мы ўсе глядзім на яе ў маўчанні, а яна, грацыёзна рухаючыся па пакоі, сваёй мімікай твару, падкрэсленымі жэстамі ілюструе песню.
Нарэшце заканчвае куплеты:
Хоць лысы і здрадзе,
Нас гэта не звяжа.
У нашых ты марах — ноч!
Як скончым забаву,
Пойдзем мы па справу.
Адмычак у кожнага шмат!
Эстэрка стукнула костачкамі пальцаў аб гітару і з воклічам: «Э-эх!» крутанулася на абцасах так хутка, што падол спадніцы ўзвіўся ўгару. Паненкі засмяяліся. Мы ж пляскаем у далоні.
П’ём далей. Ніхто не адчувае няёмкасці. Эстэрка моцна лупіць па твары Стасіка, які намагаецца скінуць з яе сукенку. Упіраецца не ад сораму, а лічыць, што гэта яшчэ рана. Я абмацваю Ядзіны ногі. Заўважаю, што Жывіца разам з Юлькай выйшлі ў суседні пакой. Вяртаюцца праз хвілін пятнаццаць. У Юлі палымнее твар і сукенка не ў парадку. Седзячы на каленях у Стася, Эстэрка смяецца і крычыць:
— Панне Юльцы на здароўе!
— Узаемна! — адказвае дзяўчына.
Тады Эстэрка зрываецца з каленяў Стася і цягне яго ў той жа пакой. Праз нейкі час яна вяртаецца, але ў адной бялізне. Падпёршыся пад бакі, загадвае Антосю:
— Іграй марша!
Антось пачынае ўрачысты марш, а Эстэрка танцуе і носіцца па пакоі, зграбна пераступаючы смуглымі ножкамі ў чорных доўгіх шаўковых панчохах. Некалькі разоў паказала вельмі эратычныя позы, аднак гэта сустракалася з агульным захапленнем.
Я нахіляюся да Ядзі і кажу: «Хадзем!» Яна ўсміхаецца. Ідзём у бакавы пакойчык, дзе на падваконніку гарыць свечка ў цяжкім ліхтары і стаіць вялікі ложак. Ззаду Эстэрка крычыць:
— Поспеху!
Забава працягваецца далей! Ужо далёка за поўнач. Дзяўчаты зусім п’яныя. Мы паздымалі з іх сукенкі. У нейкі момант Эстэрка крычыць:
— Ну, дык зробім конкурс: у каго самыя прыгожыя ногі?
Яна ўскоквае на стол. Упэўнена, што мае самыя стройныя ногі. Яна, зрэшты, з самага пачатку не саромеецца і вядзе рэй у гулянцы.
— Брава! — выгуквае Стась. — Давай конкурс.
Мы ставім на стол паненак, якія крыху супраціўляюцца. Аглядаем іх ногі. Тры галасы за Ядзю. Адзін — Стася — за Эстэрку. Ядзя, Казя, Юля з нашай дапамогай саскокваюць уніз. Эстэрка робіць нібыта пакрыўджаны тварык, а пасля крычыць:
— Як конкурс, дык конкурс! Што там ногі! Ногі і ў свінні ёсць… Давай усё!..
Пачынае здымаць з сябе і скідаць на падлогу бялізну… Затым аголеная стаіць пасярод стала. Яна смуглая і ладна скроеная, толькі трохі зашчуплая. Эстэрка ляскае даланямі на грудзях, баках і клубах і звяртаецца да дзяўчат:
— Ну, каторая рызыкне?.. Конкурс! Пайшлі!
Аднак дзяўчаты яшчэ саромеюцца поўнасцю распрануцца ў прысутнасці ўсіх. Тады яна саскоквае са стала і загадвае Антосю:
— Вальс!
Антось грае вальс, а голая Эстэрка круціцца па пакоі. Ззяе вачыма. Калі смяецца, паказвае дробныя беленькія зубкі. Закідвае за галаву рукі. Гэта нас шакіруе і ўзбуджае… Пазней па чарзе танцуем з ёй. Затым Эстэрка зноў спявае і танцуе.
Незадоўга перад канцом гулянкі Сашка дастае з бакавой кішэні пінжака тоўсты партманет і раздае дзяўчатам грошы. Кожнай па сто даляраў. Эстэрка хавае грошы за панчоху і кажа:
— Гэта за гулянку і кампанію, а за песні?..
Сашка кідае ёй 20 даляраў.
— А за танцы?
Сашка дае яшчэ 20 даляраў.
— А за конкурс?
— Дык яго ж выйграла Ядзя, — кажа Сашка і аддае 20 даляраў Ядзі.
— Ядзя ўзяла за ногі, а я за ўсё! — не здаецца Эстэрка.
— Ну, трымай! — Сашка кінуў ёй яшчэ 20 даляраў.
Гарманіст Антось таксама атрымаў за музыку 100 даляраў.
Забаву скончылі пад раніцу, калі дзяўчаты былі ўшчэнт п’яныя.
Сёння да Сашкі прыйшло двое купцоў. Адзін з іх — Юдка — вядомы багацей. Яны доўга размаўлялі пра нешта. Сашка пісаў на шматку паперы назвы тавараў, іх колькасць і кошт. Доўга таргаваліся і дамаўляліся. Потым разам падаліся ў мястэчка. Сашка вярнуўся позна ўвечары і сказаў нам:
— Ну, хлапцы, усё вырашана! Раніцой вяртаемся! Трэба араць, бо зіма на носе!
Жывіца весела пацёр магутныя далоні. Мяне таксама агарнула радасць.
Пойдзе работка!