Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 67


К оглавлению

67

Крочыць было цяжка — залева ператварыла палеткі ў гразюку. Мы з намаганнямі выцягвалі ногі з балота. Нарэшце дабраліся да лесу. Тут ісці лягчэй, толькі вельмі цёмна. Промні месяца ледзь-ледзь прабіваюцца дзе-нідзе паміж галля.

Амаль кожны раз ідзём за граніцу іншай дарогаю. Напрамак — заўсёды адзін, толькі разлічваем так, каб граніцу перасячы ў іншым месцы. Сашка бярэ пад увагу, што мы заўсёды пасля сябе пакідаем сляды, таму на нашай сцежцы зялёнкі могуць наладзіць засаду, разлічваючы, што калі-небудзь мы будзем вымушаныя пайсці па адным з добра знаёмых шляхоў. Аднак мы ніколі не ідзём два разы адной і той жа дарогай. Толькі ў тылах не так часта змяняем яе. Там больш бяспечна.

Сёння з самага пачатку ўсё ўскладняла наша падарожжа. Сашка гэта прадбачыў, таму так рана выйшлі… Ногі гразнуць у балоце амаль па калена. Там, дзе за некалькі дзён перад гэтым былі лужы, сёння стаялі азёры, дзе былі ручайкі, сёння бруяць вадаспады, дзе былі вадаспады, зараз ужо рэкі. Востры, халодны вецер рэжа па вачах, не дае дыхаць. А найгорш — гэта Лысы. Свеціць ярка, моцна, нібы ўвайшоў у хаўрус з зялёнкамі. Ён асвятляе нас, як з рэфлектара, снапом промняў, і мы бачны на значнай адлегласці.

Доўга стаім на ўскрайку лесу. Перад намі знаходзіцца вялізная адкрытая прастора, на сярэдзіне якой пралягла граніца… Ступаем на багну. Пераскокваючы з купіны на купіну, памалу сунемся наперад.

Хоць я амаль па пояс мокры і ў балоце, аднак мне горача: рух разаграе цела. Нарэшце пераходзім граніцу і крочым па прамой. Раптоўна Сашка прыспешвае крокі і штораз ідзе хутчэй. Гэта мяне здзіўляе, але, не азіраючыся па баках, іду следам за Жывіцам. Тады ззаду выбухае карабінавы стрэл. Мне падаецца, што ён даляцеў да маіх вушэй з вельмі далёкай адлегласці, бо моцны ўсходні вецер адносіць гук стрэлу назад. Магчыма, што там, як звычайна, крычаць: «Стой! Стой! Стой!», аднак я не чую слоў.

Вакол усё часцей пачынаюць свісцець кулі. Я азіраюся і бачу людзей, якія бягуць на адлегласці 200 крокаў ад нас… Іх некалькі дзесяткаў. Рассыпаліся ланцугом. «Адкуль столькі салдат?» — думаю, прастуючы за сябрамі.

Сітуацыя крытычная. Адступаць нельга. А да бліжэйшага лесу на ўсходзе больш пяці кіламетраў. Непадалёку ёсць пералескі і грывы кустоў, але яны не могуць схаваць нас ад пагоні.

Сашка зварочвае на паўднёвы ўсход. Амаль бяжым. Стрэлы грымяць без перапынку. На шчасце не трапляюць у нікога з нас. Дабраліся да густых зарасляў лазняку. Затрымаліся. Сашка кідае:

— Падпусціць блізка!.. Пасля секануць!..

Схаваныя ў кустах, чакаем, укленчыўшы. Падрыхтавалі парабелумы і запасныя абоймы.

Пагоня ўсё бліжэй. Выразна бачу шэрыя постаці, якія рухаюцца ў наш бок. Полы доўгіх шынялёў засунутыя за рамяні, каб не перашкаджалі ў руху. У месяцовых промнях блішчыць зброя.

Чую моцны зычны голас, які зрываецца на крык:

— Цепью, за-хо-ди спра-ва-а-а!

«Хочуць загнаць нас у багну!» — думаю, уважліва пазіраючы наперад.

Ужо блізка. Крокаў пяцьдзесят ад нас.

«Чаму Сашка не страляе?»

Бачу, што ён паклаў на локаць левай рукі доўгую рулю парабелума… Цэліцца ўправа. Гляджу на Жывіцу… Нацэліўся ў сярэдзіну ланцуга. Тады я цэлюся ў аднаго з салдатаў на левым крыле.

А шэры ланцуг узброеных людзей, здаецца, плыве наперад у моры месячных праменняў.

Нечакана справа разлятаецца рэвальверны стрэл Сашкі. Уважліва цэлячыся ў людзей, якія набліжаюцца, пачынаю страляць. Выбіў дзесяць патронаў і ўвагнаў у ручку парабела новы магазін. Сашка і Жывіца паляць безупынна. Ланцуг затрымліваецца і ламаецца. Здалёк далятае голас:

— Ложись!

Шэрыя постаці знікаюць. Грымяць стрэлы карабінаў. А мы перабягаем на другі бок кустоў і ступаем на багну. Крочым па купінах, якія ўгінаюцца пад нагамі. А ззаду ляціць частая страляніна.

Як здані, крок за крокам павольна сунемся наперад у імглістым моры месячных праменняў. Гук стрэлаў усё больш аддаляецца.

«Не пойдуць зараз за намі. Пераканаліся, што не лёгкае на здабычу паляванне!»

Ідзём далей. Багна трасецца пад нагамі. З-пад ботаў прасочваецца вада. Каб не парваць эластычную накрыўку з імхоў і вадзяных раслін, што ляжала на гразкай дрыгве, мы павялічваем адлегласць паміж сабой.

Праз дзве гадзіны выбіраемся на трывалы грунт. Паблізу сцяной стаіць чорны лес. Бліснуўшы вачыма, Сашка паказаў на дрыгву, якую мы перайшлі:

— Ну, хай яны паспрабуюць!

— He здолеюць! — адказвае Жывіца.

Рухаемся наперад і хутка ныраем у таямнічы змрок лесу.

«Тут нас сам д’ябал не затрымае!»

Ужо дванаццаць партый тавару перакінулі праз граніцу. Учора Сашка даў мне за апошнія тры падарожжы 150 даляраў. Гэта вельмі шмат, але ж і ношкі былі па 70 фунтаў. Зараз у мяне 425 даляраў… Цэлы капітал, зароблены без агранды.

Заўважыў, што за год і тры месяцы знаходжання па паграніччы фізічна вельмі падужэў. Зараз мне лягчэй рухацца з 70-фунтовай ношкай, чым некалі з 30-фунтовай. А самыя цяжкія дарогі перамерваю гэтак лёгка, нібы звычайныя шпацыры.

Пад час нашай працы мы мелі шмат розных здарэнняў на граніцы і паграніччы, але не расказваю тут, каб занадта не зацягнуць свой аповяд.

Калі апошні раз вярталіся з-за граніцы, Сашка павёў нас па зусім новай, акружной дарозе. Цяпер здалёк абыходзім той адрэзак, на якім сутыкнуліся з салдатамі. Дабаўляем некалькі кіламетраў шляху, аднак мясцовасць тут зручнейшая. Няма дрыгвы, а навокал вялікія лясы. Дык вось, вяртаючыся дахаты, непадалёку ад мяжы мы заўважылі ў лесе «караульное помещение». Сашка пачаў падкрадацца да яго. Мы пайшлі за ім. Зброю трымалі напагатове.

67