Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 66


К оглавлению

66

Праз паўгадзіны мы выйшлі на ўскрай бору. Перад намі, раскінуўшыся, ляжыць вялікі луг. Бачу толькі яго пачатак, далей прастора губляецца ў змроку.

Зноў марш. Ідзём роўна, павольна, блізка адзін ад другога.

Пачынаецца дрыгва. Крочым яшчэ марудней. Дзе-нідзе бачым бліскучыя калюжыны. Туды пазіраюць зоркі і прымглёна мігцяць, нібыта з глыбокай цясніны.

Ідзём полем. Штораз крочым марудней. З гэтага раблю выснову — блізка граніца. Недзе далёка ад нас брэша сабака. Уядае доўга, са злосцю.

Крок за крокам прабіраемся наперад. Сціскаю ручку рэвальвера і паглядаю ў бакі, аднак нічога не бачу ў цемры.

Заўважыў, што Жывіца спыніўся на месцы. Таксама затрымліваюся. Так, не рухаючыся, стаім вельмі доўга.

Дзесьці збоку чую лёгкія шолахі. Потым адрозніваю крокі людзей, якія ідуць. Уважліва гляджу ў тым накірунку, але абсалютна нічога не магу ўбачыць. Чорная постаць Жывіцы на цёмным фоне неба выглядае як пень ад дрэва. Сашку ўвогуле не бачу. А крокі набліжаюцца да нас. Штораз бліжэй. Чую лёгкае пакашліванне. Хтосьці плюецца. Трымаю ўзведзены рэвальвер і здзіўляюся, што мы не адыходзім або не рухаемся наперад, каб пазбегнуць сустрэчы з нябачнымі ў цемры зялёнкамі.

Крокі ўсё набліжаюцца да нас. Сунуцца без жадання, доўга члапаюць. Мне здаецца, што яны ўжо тут, побач.

Нечакана шоргат крокаў прыпыняецца, і чую выразны голас, які гаворыць па-расейску, з вялікарускім акцэнтам:

— Никак что-то плюснуло?

Праз некалькі секунд адгукаецца сіпаты нізкі бас:

— Это у тебя в голове…

Зноў чую крокі. Шоргаюць доўга, цяжка. Здаецца, што зараз напаткаем людзей, якія ідуць насустрач нам. Гэта падман. Крокі пачынаюць аддаляцца. А праз некалькі хвілін усё ахінае поўная ціша. У той жа момант цёмная постаць Жывіцы рухаецца наперад, услед за ёй іду я.

— Будзеш дняваць? — пытаецца Барсук.

— У лесе, — кажа Сашка.

— Можа, што-небудзь з’ясцё?

— Возьмем з сабой… Прынясі сюды.

Барсук выходзіць з хаты і праз некалькі хвілін вяртаецца з дрэнна выпечаным ржаным хлебам і ладным кавалкам сала. Жывіца ўкладвае правіянт у пустую ношку. Сашка выняў з кішэні пляшку спірту. Кіўнуўшы галавой гаспадару мяліны, вымавіў:

— За цябе!

Сашка трошкі адпіў з бутэлькі. Абцёр даланёй рыльца і падаў Барсуку, які паўтарыў гэтую цырымонію, п’ючы да Жывіцы, a Жывіца — да мяне. Потым разбавілі спірт вадой і выпілі па другім крузе: «За поспех!»

Неўзабаве выйшлі з хаты і накіраваліся ў лес.

Калі пачало світаць, мы апынуліся ў гушчары вялікага лесу. Ляжалі пад магутным дубам. Угары шумелі дрэвы.

Сашка кроіў нажом сала і хлеб. Пачалі есці. Знішчылі большую палову прынесенага з сабой харчу. Пасля закурылі папяросы.

— Ён адзін жыве? — запытаўся ў Сашкі, маючы на ўвазе Барсука.

— Жонка ад яго ўцякла… Здзічэў… — адказаў мне сябра.

Калі скончылі курыць, Сашка прамовіў да мяне:

— Праз тры гадзіны пабудзі! Калі табе будзе цяжка, будзі раней.

Сябры леглі спаць, а я сядзеў, абапершыся плячыма аб камель дрэва, з рэвальверам напагатове — пільнаваў іх ад небяспекі. Узіраўся ў лес, паглядаў на перамытнікаў, што спалі, на гадзіннік, на выдатны парабелум.

Мне вельмі імпанавала, што вартую сон гэтых славутых фартоўцаў, якія давяралі мне ва ўсім. Зразумеў, што Сашка даў мне першую — лягчэйшую варту, бо другая — перарывала сон…

Гляджу на стрэлкі, якія рухаюцца марудна, і думаю шмат пра што… Пасля ўглядаюся ў адкрыты твар Сашкі. На яго чале з’яўляецца глыбокая вертыкальная маршчынка. Яму сніцца нешта дрэннае!

— Нічога, нічога… Спі спакойна!.. — кажу яму ціха і пранікнёна.

А лес шуміць навокал. Шуміць весела, голасна, радасна… Вітае ўзыход сонца…

12

Стаяла сярэдзіна кастрычніка. Ночы былі яе доўгія, цёмныя. Восень ахінула граніцу і пагранічча. Выслала жоўтымі кілімамі лістоты.

Мы перакінулі праз граніцу ўжо дзевяць партый тавару. Некалькі разоў паспявалі за адну ноч перанесці тавар за граніцу на мяліну і пад раніцу вярнуцца назад дахаты. Усё перакідваем сахарын, які прывезлі з сабой. Тавару ўжо засталося няшмат. Я мяркую, што пасля заканчэння «салодкага інтарэсу» мы пачнём насіць новы тавар. А можа, Сашка зробіць перапынак. He пытаюся ў яго. Увогуле размаўляем мала, толькі пра важныя, патрэбныя справы. Зжыліся ўсе вельмі блізка. Часта разумеем адзін другога без слоў — адным жэстам, адным позіркам.

Тры дні запар не ішлі ў дарогу. Ліло безупынку. Дождж размачыў мясцовасць. Стварыў шмат новых азёр. Малыя ручаі ператварыліся ў вірлівыя рэчкі. Учора ўначы дождж перастаў і выпагадзілася. Цэлую ноч і ўвесь дзень быў вецер з захаду.

Па абедзе Сашка выйшаў з хаты. Праз вокны я бачыў, як ён пайшоў да лесу, што чарнеў непадалёку ад хутара. Адсутнічаў больш дзвюх гадзін, а калі вярнуўся, дык вымавіў:

— Сёння ідзём… З гэтым трэба канчаць…

Жывіца кіўнуў яму галавой і далей гуляў са мной у карты — у 66. Гулялі проста так.

Пасля трох выпраў за граніцу Сашка даў мне 75 даляраў.

— Твая доля, — прамовіў ён коратка.

Пасля трох наступных — даў мне яшчэ 100 даляраў. Напэўна, таму, што я ўжо браў не сарака, а пяцідзесяціфунтовыя ношкі. Калі мы вярнуліся з апошняга падарожжа — зноў даў мне 100 даляраў. Зараз маю 275 даляраў. Я запытаўся ў Сашкі, колькі павінен гаспадару за харчаванне. Ён адказаў:

— Гэта цябе не абыходзіць! Гэта я арганізоўваю.

У дарогу вырушылі вельмі рана, як толькі змяркалася. Вецер змяніўся і дзьмуў зараз з усходу. Неба ачысцілася ад хмар. Месяц каціўся ўгары — вялікі, бляклы, скрыўлены, нібы пасля касторкі.

66