— Ну, шахнем, хлапцы!
Едзем на захад. Коні нясуцца навыперадкі з ветрам. Нас вязе Янкель Парх. У мястэчку жыды называюць яго мішыгінэ («вар’ят»). Янкель Парх упадабаў хуткую язду, упадабаў рызыкоўныя мерапрыемствы, але больш за ўсё любіць Сашку, якога абагаўляе за смеласць, за шчырасць, за шырыню! Працуе з Сашкам часта.
Янкель Парх — горкі п’яніца. Па п’янцы ён неаднойчы заганяў і калечыў коней. Пару разоў коней яму купляў кагал. Аднак калі Янкель перастаў рамізнічаць, а пачаў ездзіць з перамытнікамі на «фарт», кагал пакінуў яго на асабістую ініцыятыву… Цяпер Янкель меў пару вараных коней — маладых, моцных, трывалых.
Воз нагружаны таварам, на які зверху накладзены тоўсты пласт сена. Я сяджу каля Жывіцы. Сашка ляжыць на сярэдзіне воза, захутаны ў кажух. Дрэмле. Жывіца маўчыць. Я ў захапленні ад хуткай язды і перспектывы цікавай працы разам з Сашкам і Жывіцам. Задаволены таксама і пераменай месца.
Стаіць цёплы вечар. Паветра настоена водарам.
Ноч выпаўзае з-за лесу, што на ўсходзе. Яна павісае над зямлёй — змрочная, велізарная… З намаганнем абедзвюма рукамі сцягнула зверху ўніз чорны балдахін… цяжкі і халодны… А потым, нябачная, бо схавана цемрай, яна доўга рагатала аб перамозе…
— Но, дзеткі, но! — падахвочваў коней да бегу Янкель, і мы імчым далей у начны змрок.
Зараз едзем на поўдзень. Вочы прызвычаіліся да цемры, і я ўсё лепш адрозніваю мясцовасць. Думаю пра ўсялякія рэчы: пра мяжу, пра сяброў, пра Лорда, пра Шчура, пра Камету. Думаю пра Чрэзвычайку і Допр. Думаю пра Лёню і Бэльку, пра Фэлю. Падлічваю, у колькіх групах прымаў удзел: першай — Юзіка Трафіды, пасля — Лорда, пазней — Маманта, наступнай — Юрліна, нарэшце — «дзікіх», а зараз буду працаваць з Сашкам.
Гляджу на паўночны захад. Вялікая Мядзведзіца — агромністая, прамяністая, шырока раскінулася на небе. Засоўваю руку ў кішэню, пястую даланёй разагрэтую ад цела сталь рэвальвера.
Зварочваем на поўдзень. Едзем вузкімі палявымі дарожкамі. У адным месцы скіроўваем на луг і напрасткі нясёмся па ім. Коні ляцяць уперад, а фурман падахвочвае іх да яшчэ шпарчэйшага бегу. Выязджаем да нейкай рачулкі. Вада пырскае далёка ў бакі. Воз нырае па восі. Затым, ламаючы кусты, выязджаем на прастору палеткаў.
Воз хістаецца ўправа і ўлева. Падскоквае ўгару. Мне часам здаецца, што зараз перакулімся, аднак Янкель — майстар у кіраванні, і мы імчымся далей, не змяншаючы хуткасці язды.
— Но, дзеткі, но!
I дзеткі нясуцца, як бура, дратуючы кусты і выкідваючы з-пад капытаў скібы зямлі.
Пазней зварочваем на ўсход. Дзе-нідзе мігацяць у вокнах будынкаў агні. Пару разоў праязджаем праз вёскі. Нас сустракае брэх сабак, якія вылятаюць нам наперад, але зараз жа адскокваюць на бакі і замаўкаюць.
Мне вельмі хочацца заспяваць песню, але стрымліваю ў сабе гэтае жаданне. Грудзі распірае захапленне і прага дзейнасці. Зрабіўся нібы п’яны.
Позна ўвечары прыязджаем на адзінокі хутар, далёка за Волмай. Ён схаваны з трох бакоў крыламі лесу. З чацвёртага боку яго захінае агарод.
Воз уязджае на шырокі дзядзінец і затрымліваецца зводдаль ад хаты. Мы на месцы. Злазім з воза. Па дзядзінцы да нас крочыць нейкі мужчына з ліхтаром у руках. Паціскаючы даланю Сашкі, вітаецца з ім:
— Значыць, таго, пан Алесь, будзе работа!
— Яшчэ якая! — весела адгукаецца Сашка.
Ужо цёмны вечар. Я, Сашка і Жывіца павольна ідзём праз вялікі сад. Нябачныя ў цемры галінкі дрэў б’юць па твары. Захінаю галаву рукамі і нізка нахіляюся.
Прадзіраемся праз густы маліннік. У адным месцы Сашка затрымліваецца. Адчыняе выдатна замаскіраваныя дзверцы і, свецячы ліхтарыкам, сыходзіць уніз па стромістай драбіне. Я раблю як ён. Апошнім залазіць Жывіца. Зачыняе за сабой дзверцы.
Мы ў невялікім склепе. Яго сцены ашаляваны тоўстымі дошкамі і дылямі. Сашка павесіў у куце на цвік ліхтар з вялікім рэфлектарам, і ён выразна асвяціў увесь склеп.
З аднаго боку на тоўстай драўлянай лаве я бачу некалькі поўных мяшкоў. На другой лаўцы ляжаць тры ношкі. А праз плячо ў Сашкі вісіць ёмістая скураная торба. Ён сядае на лаву непадалёку ад ліхтара і выймае з яе тры рэвальверы. Адзін з доўгай руляй, a два звычайныя. Кладзе іх на лаву і выцягвае з торбы некалькі запасных абоймаў. Уважліва аглядае зброю, потым зараджае і ставіць на засцерагальнікі. Падае мне адзін парабелум і пытае:
— Ведаеш гэты капыт?
— А як жа, ведаю!
— Ну, дык трымай!
Пасля падае мне шэсць запасных абоймаў.
Вымаю з кішэні наган і паказваю яму.
— Яшчэ адна машына ёсць!
— I гэта не пашкодзіць, — адказвае Сашка, падаючы Жывіцу наступны парабелум. Пасля звяртаецца да мяне:
— Глядзі, каб кішэня, у якой магазіны, была чыстая. Найлепей трымай у левай.
Зручна рассоўваем зброю і абоймы, правяраем, як працуюць ліхтарыкі. Затым Сашка паказвае на меншую ношку і кажа:
— Гэта твая… Адзенеш, калі выйдзем наверх.
Мы павольна вылазім па драбіне. Я закладаю на плечы ношку. Важыць, напэўна, фунтаў сорак. У Сашкі яна значна большая. А ношка Жывіцы важыць прыкладна сто фунтаў.
Знаходзімся ў садзе. Крочым паціху некуды ў цемру. На ўскрайку саду затрымліваемся. Сашка лёгка свіснуў. Праз хвіліну з цемры паказваецца нечая невыразная постаць. Чую голас гаспадара:
— Усё, значыць, у парадку… Ідзіце па краю, потым лугам… Напэўна, да раніцы не вернецеся?
— He паспеем, — кажа Сашка, а праз хвіліну дадае: — Ну, дык бывайце здаровыя!
— Дай вам Бог шчасця! — адказвае гаспадар.
Сашка ступае наперад, за ім ідзе Жывіца, я замыкаю паход. Каб не пакінуць слядоў у чыстым полі, крочым межамі. Праз чвэрць гадзіны ўваходзім у стары бор. Угары лунае глухі пошум дрэў. Пахне галлём і вільгаццю. Ногі без шоргату ступаюць па густым моху. Усё больш цямнее.