Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 62


К оглавлению

62

«Выразна кпіць з мяне!» Пачынае ахопліваць злосць. Адчуваю, што гэтымі пытаннямі прыціснуты да сцяны. Кажу ёй холадна:

— Заўсёды сабе выпіваю. Мне на гэта хапае!

— А як жа! Пан Уладзік хлопец фартовы…

Нешта хачу вымавіць, аднак Фэля рухам рукі стрымлівае мяне і працягвае далей:

— …А ці пан Уладзік заўжды так: як крыху сабе вып’е, дык ідзе да знаёмых дзяўчат?

Нечакана адчуваю — губляю над сабой панаванне. Пачынаю гаварыць. Хачу затрымацца і не магу. Кажу штораз з большым запалам.

— А гэта панну Фэліцыю так хвалюе, дзе хаджу па начах? Я ж не пільную, куды панна Фэліцыя ідзе пасля выпіўкі. I хлопчыкаў таксама не рахую!

— Ну? — Фэля падпіраецца адной рукой у бок. — А гэта вельмі прыемна! Вельмі!

— Дзякую за прызнанне! А што да клопатаў, якія прынёс панне Фэліцыі, дык сардэчна прашу прабачэння…

— Калі ласка.

— Пані мяне перабівае!

— Выбачайце…

— Калі ласка… Дык прабачце, увогуле магу больш ніколі панну Фэліцыю не турбаваць сваім таварыствам.

— А гэта, як пану лепей…

Гляджу ў яе твар — халодны, спакойны, амаль мёртвы і такі цудоўны. Раптам прыкмячаю на яе лбе доўгую вертыкальную маршчыну. За хвіліну да гэтага зморшчыны не было. «Што яна мне нагадвае?.. Ага! Яе мае Сашка!»

— Дабранач пані!

— Добрай ночы пану!

Паварочваюся на месцы і ўпэўненымі, хуткімі крокамі выходжу з хаты. На падворку затрымліваюся, адчуваю, як хваля горычы залівае мне душу: «Навошта ўсё гэта казаў? Навошта? Яна спачатку была ў такім добрым настроі! Ніколі не бачыў у яе такіх радасных прамяністых вачэй! Відавочна ж — жартавала, а я пакрыўдзіўся! Навошта? Чаго?.. Што зараз рабіць?.. Ісці і прасіць прабачэння ў яе?.. He, не магу… Нізашто на свеце не зрабіў бы гэтага!.. Нізашто!»

Узіраюся ў асветленыя вокны хаты. Бачу постаць, якая рухаецца па пакоі. На вокны падае рухомы цень. Пасля чую, як адчыняюцца дзверы ў сенцы. Пасля… рэжа мне сэрца скрыгатанне засоўкі. Хутка ў хаце зрабілася цёмна.

Павольна абыходжу будынак. З сэрцам, якое грукоча ў грудзях, пракрадваюся да таго ж вакна. Зноў гляджу праз шчыліну паміж фіранкаю і падваконнікам.

Фэля сядзіць пры століку. Даланёй левай рукі прыціскае раскрытую кнігу, а правай, сціснутай у кулак, стукае па стале. Твар у яе халодны. Вочы панурыя. Гэтак трывае доўга. Потым дзяўчына нахіляецца над кніжкай і пачынае чытаць… Неспадзявана ляснула, закрываючы кніжку, і адкінулася на спінку крэсла. Далоні паклала на край століка.

Неадрыўна гляджу ў яе твар, у яе вочы, і мяне ахоплівае шкадаванне… Пачынаю грызьці вусны. Тады ж нашы погляды сустракаюцца… «Але ж не можа бачыць мяне тут з асветленага пакоя! А можа, адчувае мой позірк?» Бачу, што на ілбе ў яе зноў з’яўляецца доўгая вертыкальная складка, а вочы набіраюць драпежны выгляд… Хачу адскочыць… У тую хвіліну Фэля хуткім рухам рукі адхінае набок фіранку. Адначасова я нахіляюся і, схаваны ценем ад хаты, крадуся ўбок. Раблю некалькі скокаў у глыб агарода, а пасля набліжаюся да плота і прысядаю каля яго ў нейкае зелле.

Вакно адчыняецца. У яго асветленым прастакутніку, нібы ў раме, бачу постаць дзяўчыны. Яна нахіляецца ўперад з жаданнем зазірнуць перад сабой у цемру. Прыслухоўваецца. Доўга не кранаецца з месца…

Пасля вакно замкнулі, а яшчэ праз хвіліну загасілі лямпу.

Падняўся. Доўга стаяў без руху. Месяц пнуўся ўвышыню. Спяшаючыся, ныраў у хмары. Зоркі пазіралі спакойна і ясна. Вялікі Воз без перадыху нёсся на захад.

Я пералез праз паркан і пакрочыў вузкім завулкам. Было досыць відна. Мінакоў не сустракаў увогуле. Калі падыходзіў да Менскай вуліцы, убачыў групу людзей, якія ішлі насустрач. Голасна размаўлялі і смяяліся. Напэўна, былі п’яныя. Калі падышоў да іх бліжэй, адрозніў голас Альфрэда. Хацеў падацца назад, але ўбачыў, што ўгледзелі мяне, таму пакрочыў наперад.

Калі наблізіўся да іх, пазнаў братоў: Альфрэда, Альфонса і Альбіна Алінчукоў. Да камплекту не ставала Адольфа і Амброжыка.

Быў у некалькіх кроках ад іх; жадаючы абмінуць, сышоў з дарогі. Яны таксама падаліся ўбок, стараючыся заступіць мне шлях. Тады я накіраваўся ўправа. Яны таксама рушылі ўправа. Альфрэд хістаўся на нагах і, прыгаворваючы, смяяўся:

— А… Маем фраера!.. Фэлін… — вымавіў некалькі непрыстойных выразаў.

Я адчуў, як кроў прыліла мне да твару, але нічога не адказаў і хацеў іх абысці. Тады Альфонс падставіў мне нагу, а Альфрэд заскочыў наперад.

— Чаго хочаш? — звярнуўся я да таго.

— Падкуць табе морду, жлоб! — адказаў Альфрэд.

— Што ты з ім размаўляеш? Валі яго! — крыкнуў Альфонс і замахнуўся кулаком.

У той жа момант я моцна выцяў яго нагой у жывот. Альфонс енкнуў і, скурчыўшыся, абсеў на зямлю. Тады Альфрэд і Альбін кінуліся да мяне. Збілі з ног.

Я выхапіў з кішэні рэвальвер, рукаятку якога даўно трымаў у далані. Альфрэд душыў мяне за горла. Прыціснуў ствол да яго бядра і націснуў на курок. Выбухнуў стрэл. Альфрэд падскочыў угару, але адразу апаў на зямлю. Я ўсхапіўся і пачаў нагамі таўчы Альфрэда. Тады Альбін адбег убок і закрычаў:

— Паліцыя!.. Паліцыя! Забіваюць!.. Паліцыя!..

Я пакінуў Альфрэда і Альфонса на зямлі і спяшаючыся пайшоў назад. Альбін зводдаль рухаўся следам. Я зрабіў некалькі крокаў у яго бок і стрэліў угару з нагана… Потым без перашкоды падаўся вуліцай у кірунку жыдоўскіх могілак. Ззаду чуў крыкі:

— Паліцыя!.. Забіваюць!.. Паліцыя!..

— Тры-ы-ымайце яго!

Недзе ўдалечыні рэзануў свісток.

Я не пайшоў дахаты, а накіраваўся ў поле. Потым, абыходзячы навокал мястэчка, дабраўся да будынка, дзе жыў Шчур. Адшукаў яго ў хляве. Спаў. Разбудзіў і расказаў пра сутычку з Алінчукамі.

62