Хлапцы распранаюцца дагала і, несучы ў руках адзенне, перабіраюцца на процілеглы бераг. Я заглыбляюся па грудзі ў ваду. Хутка выходжу на бераг, кідаю апратку. Вяртаюся назад і некалькі разоў з галавой хаваюся пад ваду. Пасля вылятаю на бераг і хутка апранаюся.
Зноў крочым наперад, да граніцы. Ідзём паспешліва, аднак кожны стараецца не рабіць непатрэбнага шуму, каб не пачулі здалёк. Амаль усе трымаюць у руках ліхтарыкі. Я ж — наган, усунуты ў рукаў курткі.
Граніца вось-вось… Амаль бягом вылятаем на паласу і імчымся ўздоўж засекі. Зноў скрыгочуць вострыя нажніцы, перарэзаныя драты абвальваюцца па баках… Шлях вольны! Гайда наперад!
А другой гадзіне ночы выйшлі да могілак, што ляжаць на ўскрайку мястэчка. Адсюль хлапцы разыходзяцца ва ўсе бакі. Я іду спаць да Шчура. He стукаючыся ў хату, ідзём у гумно і там кладземся на мяккае духмянае сена… Мне сняцца «дзікія», граніца, уцёкі і Лёня… Часта бачу яе ў сне. Можа, думае пра мяне? Вельмі хацеў бы яе ўбачыць! Дагэтуль не меў ад яе ніякіх звестак. Вырашыў, абавязкова пры першай магчымасці наведаю. Хацеў напісаць ліст і аддаць хлопцам, што бываюць у Менску, але пабаяўся, каб не перахапілі іх дзесьці па дарозе. Тады б Лёня зноў магла мець непрыемнасці.
Назаўтра раніцай пайшоў да Петруся і Юліка, аднак іх не было у хаце. У маю адсутнасць вырушылі ў дарогу з групай Юрліна. Пасля нашага разрыву з Юрліным хлапцы пачалі хадзіць з гэтай групай. Такое становішча мяне задавальняе. Што будзе, тое будзе, але гэта група самая надзейная і мае добрую мяліну. А хлопцам трэба зарабіць на зіму. Юліка Вар’ята я зараз не пазнаю, пад уплывам Петруся зрабіўся сур’ёзны — шмат чытае, вучыцца.
Увечары пайшоў да Гінты і дапазна забавіўся ў нашым салоне. Шчур таксама быў там. Даў мне 45 рублёў: 15 за ношку, 30 — мая доля ад ношак, падабраных у лесе ад перамытнікаў, якія драпанулі. Пазней я паціху выбраўся з салона. Пайшоў да Сашкі. He… не да Сашкі! Гэта была толькі зачэпка… Мне ж вельмі хацелася ўбачыць Фэлю.
У Вэблінай хаце было цёмна. Абышоў яе наўкола. Заўважыў, што адно вакно свеціцца. Гэтае вакно выходзіла з пакоя Фэлі на агарод.
Паціху падкраўся бліжэй. Вакно было занавешана фіранкай, і знізу не даставала да падваконніка. Я нахіліўся і заглянуў праз шчыліну ўсярэдзіну. Амаль не адскочыў… Ля вакна знаходзіўся маленькі столік, на якім гарэла лямпа, і ў яе святле выразна бачыў твар Фэлі… Падпёршы галаву рукамі, чытала кніжку. Пры святле лямпы яе твар здаваўся чароўным — я не мог адарваць свайго позірку… Перагарнула старонку… зноў чытае… Праз хвіліну на твары з’явілася вясёлая ўсмешка. Вочы змяніліся і заззялі, нібыта каштоўныя каменьчыкі. У іх была дзівосная глыбіня, адтуль выляталі цёплыя праменні, што і мяне напоўнілі радасцю… Ухапіла зубамі ніжнюю вусначку і з хвіліну так яе трымала… Потым усмешка знікла. Твар стаў халодным, амаль суровым. Але гэты холад пёк мяне як агнём, прыцягваў да сябе. Гатовы быў так стаяць, любавацца яе выглядам, аднак баяўся, каб мяне не заўважылі з вуліцы.
Паціху адышоўшы ад вакна, спыніўся пасярод дзядзінца. Доўга вагаўся, пасля рашучым крокам накіраваўся да дзвярэй. Узяўся за клямку. Гэта працягвалася з хвіліну. Потым павольна падаўся да брамы, доўга, знерухомлены, стаяў на вуліцы. Вузкі серп маладзіка плыў па небе. Зоркі свяцілі ясна. Пахла ноччу, Вялікая Мядзведзіца была асабліва прыгожай.
Адчуваў: не змагу адысці адсюль, павінен убачыць Фэлю, пачуць яе голас, штосьці сказаць ёй… Нешта вельмі значнае!
Зноў пакрочыў да хаты. Паварушыў клямку ў дзвярах. Замкнуты. Раптоўнае жаданне: магу яшчэ адысці!.. Бо што ёй скажу?.. Але міжволі набліжаюся да вакна. Да таго вакна, у якое летась увосень стукаў, калі прынёс на сабе Сашку Вэбліна… Стукаю у шыбіну. Ведаю, раблю гэта занадта моцна. Аднак, няведама чаму, пачынаю стукаць яшчэ грамчэй, упарцей.
Хутка чую ў пакоі паспешлівыя крокі, пасля за вакном загучаў голас Фэлі:
— Хто гэта?.. Што здарылася?..
— Я.
— Хто «я»?
— Уладзік.
— Ула-дзік?!. Зараз…
Зноў чую яе крокі. Ідзе ў свой пакой. Потым выходзіць у залу з лямпай у руках. Ставіць яе на стол і хуценька ідзе ў сенцы.
Рыпіць засаўка. Я адчыняю дзверы. Уваходжу ў сенцы, пасля ў пакой. Забываюся прывітацца з Фэляй. Стаю ля дзвярэй і гляджу ёй у вочы.
— Што з панам?
Нейкі час маўчу. Фэля заўжды адзін на адзін казала мне «ты», а зараз «пан»! Пасля кажу:
— Што?.. Са мной нічога!
Бачу ў яе вачах здзіўленне.
— Я падумала, нешта здарылася!.. Пан неяк выглядае… — не даказала.
— Хацеў запытацца: дзе Сашка? Думаў — можа, у хаце?
Дзяўчына хвіліну глядзіць мне ў вочы, потым кажа:
— Та-а-ак?.. Пан думаў?..
Адчуваю, як усё мацней чырванею. Хачу гэта спыніць і не магу. А яе вочы раптоўна пачынаюць смяяцца.
— Дык пан Уладзік, — вымавіла маё імя мякка, амаль пяшчотна, — прыйшоў запытацца пра Сашку. Так?
— Так.
— А мной пан зусім не цікавіцца?
— Увогуле і паняй таксама.
— I мной таксама?
Яе вочы блішчаць усё весялей. А мне робіцца страшна горача. «Чаго я сюды прылез? Яна ж відавочна смяецца з мяне!» Аднак, не ведаючы чаму, кажу далей:
— Так… Паняй таксама… Бо пані казала тады… у нядзелю…
— Слухаю, слухаю!
— …Казала пані… — I я ўсё з гэтым «пані»! — Каб прыйшоў як-небудзь…
— Ага! Так, так… памятаю! Памятаю!.. Ну, і пан Уладзік знайшоў вольную хвілінку…
— Уласна.
— …і прыйшоў сабе ў адведкі…
— Уласна.
— …уначы…
— Так.
— А для настрою пан Уладзік крыху сабе выпіў! Што?