Каля другой гадзіны ночы мы прыйшлі на мяліну. Гэта быў адзінокі хутар, да якога з усіх бакоў падступаў лес. Раней тут была смалакурня.
Калі наблізіліся да хутара, нас сустрэў заўзяты сабачы брэх. Спыніліся. Анёл тры разы працягла засвісцеў. Праз пару хвілін з цемры даляцеў хрыпаты голас, які супакойваў сабак, а потым сем разоў запар бліснула святло ліхтарыка. Мы рушылі наперад. Ля брамы хутара нас чакала нейкая невыразная постаць. Разнесліся вясёлыя галасы хлопцаў:
— Здароў, Скала!
— Ты яшчэ жывеш?
— Д’яблы цябе не задушылі?
Даляцеў нізкі сіпаты бас:
— He трэба горшых д’яблаў, як вы!
Насуперак звычаям перамытнікаў і мелінарства мы падаліся не ў хлеў, а ў хату. Там у велізарным памяшканні з чорнымі закуранымі сценамі пачалі скідаць з плячэй ношкі. Я ўбачыў вялікага плячыстага барадатага мужчыну, які меў на галаве густую чупрыну і моцную шчаціну на твары. Мянушка Скала поўнасцю адпавядала ўсёй яго паставе.
Анёл і Скала паклалі на лаве пры сцяне ношкі. Пасля Скала падкінуў на прыпек у полымя смаляных шчэпак, зрабілася святлей. З суседняга пакоя пачуўся дзіцячы плач і голас жанчыны, які ўлашчваў немаўлятка.
Перамытнікі паставілі вакол стала лавы і пачалі піць спірытус. Скала паклаў вялікае, магчыма, дваццацікілаграмовае «кола» чорнага хлеба, прынёс вэнджаны бачок. Хлапцы пілі свой спірытус, бо акрамя таго запасу, які нёс Сум, амаль кожны захапіў у дарогу яшчэ па дзве пляшкі. Некаторыя дабаўлялі ў пляшкі ваду.
Бэрка Ступа, Анёл і Скала вымалі тавар з ношак, раскладвалі яго на лаве.
Пад раніцу Скала вывеў нас з хаты, і мы падаліся ў глыб лесу. Амаль гадзіну прабіраліся нацянькі. Калі развіднелася, дабраліся да невялікай палянкі. Пасярод яе ўбачылі вялікі будан, большую частку якога займалі паскіданыя ў кучу смаляныя карчы. Паклаліся хто дзе змог, пачалі засынаць.
Змярканнем пакідаем гэтую прагаліну і ўваходзім у лес. Некалькі разоў азіраюся і бачу языкі вялізнага вогнішча, якія ірваліся да неба… Гэта ахвяра «дзікіх», складзеная шматлікім і капрызным бажкам лясоў, палёў, начы і… граніцы.
Напачатку мне здаецца, што ў лесе ўжо сцямнела, аднак вочы хутка прызвычаіліся да змроку, і бачу, што яшчэ не вечар.
Выходзім з лесу. Удалечыні паўстаюць абрысы забудоў. У вокнах хутара мігаціць святло.
— Тут пачакайце, анёлкі, — кажа Анёл і накіроўваецца ў бок хутара.
Праз квадру гадзіны вяртаецца разам з Бэркам Ступам. Прыносяць 10 пляшак самагонкі. Анёл бярэ сабе адну, другую дае Суму (арыстакраты групы), а рэшта нам: па пляшцы на два горла.
Адразу п’ём самагон, які аддае рыбай. Дастаткова моцны, ён значна ўздымае наш настрой.
Рухаемся ў дарогу. Крочым з папяросамі ў зубах, групкамі — па двух, па трох. Некаторыя абапіраюцца на кіі, іншыя нясуць іх, як карабіны, на плячах. Разлятаецца гамана гутаркі.
Лес скончыўся. Перад намі чыстае поле. Гляджу на неба і бачу Вялікую Мядзведзіцу. Зрабілася весела. Паўтараю ў думках па чарзе імёны асобных зорак: Эва, Ірэна, Зося, Марыля, Гэлена, Лідзія, Леаніда… Прыгадаў сабе Лёню.
Пачынаецца марш — амаль бягом праз поле. Хлапцы ідуць без ношак, алкаголь усё больш узбуджае іх. Злева і справа абмінаем вёскі, чуем галасы людзей, бачым святло ў вокнах.
Выходзім на добра наезджаную дарогу. Здалёк чую грукат колаў. Чакаю, што звернем з дарогі, аднак памыляюся. Прастуем далей па дарозе. Грукат далятае ўсё бліжэй. З цемры вырастае сівы конь, за ім доўгі з драбінамі воз. На ім бачу трох сялян з жанчынай, галава якой павязана белай хусткай. Яны запыняюць каня і са здзіўленнем прыглядаюцца да нашага паходу. Чую галасы хлопцаў:
— Глядзіце: трох на адну!
— Што прадаеце — кароўку ці ялоўку?
— Хадзі, малая, на траўцы пагрэемся!
Абыходзім воз і ныраем у змрок. Паветра цёплае, настоенае водарам. Засоўваю руку ў кішэню курткі, сціскаю даланёй цёплы ад майго цела наган. Нечакана мяне ахоплівае дзіцячая радасць. Хочацца смяяцца, скакаць, выдурвацца. Адчуваю надмер моцы, здароўя. А небяспека?.. He думаю пра гэта!.. Са мной жа машына, якая ніколі не здрадзіць. Сем набояў пэўных… «Сем набояў у машыне. Сем зорак на небе!» Падміргваю Вялікай Мядзведзіцы, пасля паказваю ёй язык. Потым плююся: халера, хіба і я вар’ят!
Імкнемся лесам на захад. Крочу з рэвальверам у руцэ. Ніхто гэтага не заўважыць, а другая лінія ўжо блізка. Мінаем ручаі, яры, рвы…
Раптам спыніліся — першым Анёл, за ім астатнія. Знаходзімся ў 200 кроках ад узлеску вялікага лесу. Дрэвы тут рэдкія, аднак зрок сягае ледзьве на крокаў 20. Доўга стаім моўчкі. Пасля Анёл упэўненым крокам ступае наперад. Каля яго ідуць Сум і Шымпанзэ. Тады спераду далятае нейкі шоргат. Нехта з нашых крыкнуў: «Стой!» Бліснула некалькі ліхтарыкаў. З каламі напагатове Анёл, Сум і Шымпанзэ кінуліся ўперад. Мы за імі. Разнёсся трэск галля… Хруст стаяў па лесе і ўсё далей аддаляўся ад нас. Падышлі да ўзлеску. Убачылі Анёла, Шчура і Шымпанзэ. Яны трымалі ў руках і аглядалі нейкія мяшкі. Уважліва прыгледзеўся да іх. Гэта былі ношкі перамытнікаў.
— Плітавалі, як анёлы! — вымавіў наш машыніст.
— Драпалі, нібы каты! — дадаў Шымпанзэ.
— Хто гэта быў? — запытаўся Плюш.
— Напэўна, нашы… з Ракава, — прамовіў Сум. — Зараз убачым.
Анёл пачаў распакоўваць ношкі. Там былі панчохі, трыкатаж, хром.
— Гэта група Адама Друнілы. Ён бярэ тавар у Арона з Віленскай вуліцы, — сказаў Сум.
— Ну, хлапцы, будзе на ўсіх газ і па пару гузікаў таксама.
Узялі ношкі і пакрочылі праз шырокі луг да рэчкі.
Другая лінія. Вада тут дастаткова глыбокая, аднак на брады не ідзём — там за апошні месяц папалася некалькі людзей з розных груп.