Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 59


К оглавлению

59

— Панясеш ты!.. Толькі не пабі і не набярыся!

Штосьці мармычучы, Сум узяў мяшок.

Хлапцы пілі. Некаторыя захлыналіся спіртам і адкашліваліся. Разляцеліся вясёлыя галасы і выбухнуў смех.

Змяркалася.

— Ну, вар’яты, бярыце ношкі! — загадаў Анёл.

Усе падняліся з месцаў, пачалі закідваць рамяні ношак. Ношкі былі цяжкія. Мы неслі скуры на падэшвы. Тавар быў танны, аднак даваў ад 150 да 300 працэнтаў прыбытку.

— Ну, шах!.. I ані мур-мур!.. — прамовіў да хлопцаў Анёл, рухаючыся ў дарогу.

Нехта ў адказ заліўся вясёлым смехам, іншыя засвісцелі. Група пакрочыла наперад. Хлапцы не захоўвалі ні цішыні, ні дыстанцыі. Ламалі кусты, трашчалі галлём, кашлялі, кляліся, смяяліся і расцягнуліся на чвэрць кіламетра. Анёл некалькі разоў прыпыняўся, трос кулаком, але безвынікова, і толькі выклікаў смех. Тады Анёл так хутка рвануў наперад, як быццам хацеў уцячы ад нас. Мы вымушаны былі подбегам даганяць яго.

Я са Шчурам ішоў пасярэдзіне групы. Напачатку нас здзіўлялі такія паводзіны перамытнікаў непадалёку ад граніцы, а потым мне таксама зрабілася весела. Спірт разагрэў, а недысцыплінаваны марш хлопцаў пазбаўляў ад думак пра небяспеку.

За крокаў дзесяць перада мною хтосьці зацягнуў на матыў «Яблычка»:


Што я бачу, што я чую?
Троцкі лезе на страху.
I так крычыць ён народу:
«Фігу вам — а не свабоду!»

— Здорава.

— Рубай далей!

Разнесліся галасы перамытнікаў, і Валюсь Шымпанзэ (гэта ён спяваў) прапітым голасам выводзіў далей строфы «Яблычка».

Раптоўна група затрымалася. Да Шымпанзэ падбег Анёл.

— Замкні морду, жлоб!

— Ну, бо што?

— Бо тое!.. Бо бальшавікам у лапы нас завядзеш!.. Як анёлкаў!.. З понтам рыкаеш, халера! Зараз граніца!.. Масалкі дарогу заступяць!..

Анёл вырушыў наперад. Ідзём хутка. Ужо ніхто не спявае, але без таго робім шмат галасу!

Праз нейкі час трапляем на пагранічную паласу. Таксама шпарка, зусім не прыслухоўваючыся, крочым далей. Яшчэ досыць відна. Можна адрозніваць мясцовасць на адлегласці ў некалькі дзесяткаў крокаў. Перад намі бачу высокую і шырокую засеку калючага дроту. Анёл зварочвае ўлева і крочыць па паласе. Мінаем пагранічныя слупы. Хлапцы па ходу ляпаюць у іх даланямі альбо канцамі палак па насыпах.

Анёл падаецца ўправа і прыпыняецца каля засекі. Падыходзім да яго.

— Міндаль, нажніцы! — кажа Анёл.

Кастусь Міндаль вымае з-за паса нажніцы, і Анёл пачынае хутка перакусваць дрот, які звініць пад вострымі нажніцамі і абвальваецца па баках. Работа спорыцца. Хлапцы адгортваюць абвіслыя драты.

Праход вольны. Перабіраемся на другі бок паласы і імкнём наперад. Заўважыў, што не ўсе ідуць воўчай сцежкай, некаторыя крочаць гурбой.

Наперадзе чую выразны пляскат па вадзе. Гэта хлапцы пераходзяць рэчку… без усялякай перасцярогі… галопам. Я амаль па грудзі ўляцеў у ваду і па-хуткаму спяшаўся ўслед за Шчурам. Вылажу на бераг і амаль бягу за сябрам.

Дабраліся да гая. Тады збоку далятае спалоханы вокліч:

— Кто идет?

— Свой!

— Кто свой? — пытаюцца здалёк.

— Дзядзька! — рыкае Сум.

У некалькіх месцах гучна засмяяліся, а зводдаль ад нас, з цёмнага гушчару кустоў бухнуў карабінавы стрэл. З нашага боку адразу бліснула некалькі ліхтарыкаў і выразна асвяцілі тыя кусты. Я ўбачыў постаці салдат у доўгіх шэрых шынялях. Некалькі калоў паляцела ў той бок. Нехта з хлопцаў крыкнуў:

— Ура! На іх!

Салдаты жвава пахаваліся ў хмызы. Усё гэта адбывалася на маршы, што не спыняўся нават на хвіліну.

Калі адышліся на некалькі сотняў крокаў ад гэтага месца, ззаду загучалі стрэлы і крыкі. He звяртаючы на іх увагу, мы праставалі штораз хутчэй наперад.

У двух кіламетрах ад граніцы Анёл пакрочыў па добра наезджанай дарозе. Пазней мы звярнулі направа і пайшлі па вузкай сцежцы, якая вяла праз лес.

Хлапцы размаўлялі. Раз-пораз бліскалі ліхтарыкі. Анёл ніяк не рэагаваў на гэта і вельмі хутка крочыў наперад, трымаючы ў левай руцэ ліхтарык, гатовы асляпіць ім напатканага чалавека, у правай кол — каб абапірацца і для абароны.

З часу ўзнікнення групы «дзікіх» Анёл быў дзевятым машыністам. Першым заснавальнікам і арганізатарам быў Антон Мур (заўсёды ўжываў у гаворцы слова «мур»: як мур! муравана! мурам!). Гэта быў вар’ят лепшага гатунку. Працаваў не толькі дзеля грошай, але найперш для вар’яцкіх жарцікаў. Здолеў прайсці з групай уздоўж мяжы пару кіламетраў і павыварочваў пагранічныя слупы, пасля разам з хлопцамі аднёс іх на другую лінію, каб укінуць у рэчку. Ягоныя анекдоты дагэтуль памятаюць хлапцы і не раз згадваюць Антона Вар’ята. Яго забілі на савецкай заставе, куды ўшчэнт п’яны зайшоў запытацца пра дарогу і там пачаў бойку з салдатамі.

Пасля яго заступіла шасцёра меншых ці большых вар’ятаў. Ніводзін не скончыў шчасліва. Адных забілі, іншых расстралялі або саслалі.

* * *

Папярэднік Анёла — восьмы вар’ят — быў Ванька Гук (мянушка ад: з гукам хлапцы! аж гук пойдзе!). Ён падарваўся на ўласнай гранаце, якая вісела на рамяні: выпадкова згубіў запал, і адбыўся выбух. Анёл быў дзевятым вар’ятам (так празвалі за яго любімыя выразы: ну, анёлкі! па-анёльску! як анёлы!).

Жыццё і гісторыі «дзікіх» машыністаў, дарэчы, як і хлопцаў, што стала працавалі ў групе, былі незвычайныя. Я потым пазнаёміўся са шмат кім з іх і не знайшоў там ніводнага звычайнага тыпа. Гэта былі пераважна натуры бурлівыя, не ўладкаваныя і не прыстасаваныя да рамак звычайнага жыцця ў грамадстве, сапраўднай стыхіяй якіх была партызаншчына, вайна, рызыкоўныя падарожжы… Гэта была мяшанка з розных рэгіёнаў Расеі і Польшчы. Большасць складалі ўцекачы, хто ўжо не мог вярнуцца па шматлікіх прычынах у Саветы і таму аселі на паграніччы. Некаторыя з іх колісь належалі да фарміраванняў Булаховіча і служылі ў аддзелах «зялёных». Мяжа прыцягвала іх да сябе, як магніт жалеза. Тут яны жылі з дня на дзень, тут працавалі, тут гінулі. Жыццё значнай часткі гэтых хлопцаў магло стаць тэмай каляровага, неверагоднага рамана. Літаратар знайшоў бы тут невычэрпнае прадонне сюжэтаў і вобразаў. Мы ж не разумелі таго і ўвогуле не задумваліся пра такое. Мала хто з нас умеў пісаць, ніхто нічога не чытаў. Палітыка не цікавіла нас увогуле. Неаднойчы, назіраючы за сваімі сябрамі, бачыў іх незвычайныя характары, нечалавечую энергію і думаў: колькі ж гэтыя людзі маглі б прынесці карысці, калі б іх энергію, здольнасці, фантазію накіравалі для карыснай працы. Тут жа не раз безвынікова марнаваліся вялікія сілы.

59