У «дзікіх» знаходзілі сабе месца тыя, каго не прымусіш хадзіць з рэгулярнай групай, і тыя, хто з перакананняў не хацеў падпарадкоўвацца абавязковым для ўсёй групы ўмовам, правілам дысцыпліны, і тыя, хто хацеў час ад часу зарабіць крыху грошай, а таксама і тыя, хто любіў авантуры, хто не турбаваўся пра асабістую бяспеку і сталыя заробкі.
Назаўтра, пасля нашай спрэчкі з Юрліным, Шчур пазнаёміў мяне з машыністам «дзікіх» — Войцехам Анёлам. Мы не хацелі губляць ні аднаго тыдня залатога сезона і ведалі, што «дзікія» не будуць нас распытваць, ці ходзім са зброяй, ці без яе. Анёла засталі ў хаце. Ён сядзеў у велікаватай дзіцячай калысцы на драўляных палазах, што стаяла пасярод пакоя, і заўзята гушкаўся, выкідваючы ўзад і ўперад ногі. Да ніжняй вусны прыляпілася самакрутка, скручаная з календарнага лістка. На стале ў коўдрачцы ляжаў выняты з калыскі зусім голы хлопчык. Дзіўная справа, але ён не плакаў: магчыма, што быў заняты засоўваннем пальцаў левай нагі ў рот.
— Здароў, Анёл! — крыкнуў Шчур, заходзячы са мной у хату.
Анёл, прыплюшчыўшы левае вока, сплюнуў у кут.
— Ну і што з таго? — сказаў.
— Што ў цябе чуваць? — працягваў далей Шчур.
— Інтарэс у руху, a pyx у інтарэсе! — адказаў, не перастаючы гушкацца, Анёл і, напэўна, гэта маючы на ўвазе.
— Хочам хадзіць з вамі за граніцу, — прамовіў Шчур.
— Можаце… He даю вам, ці што?.. Анёльскі інтарэс.
— To калі ідзеце?
— Сёння.
— Адкуль?
— Халера яго ведае, адкуль!
— Дык як жа вас знайсці?
— Халера яго ведае як!
Шчур выцягнуў з кішэні пляшку гарэлкі.
— To замочым інтарэс.
Анёл згодна кашлянуў і выпусціў пад столь густы клубок дыму. Шчур падаў яму пляшку. Анёл лёгкім рухам далані выбіў з бутэлькі корак і, гушкаючыся, зірнуў на мяне.
— Гэты таксама да моці?
— Так… з храпай…
— He, я не хачу, — адказаў.
— Дык і добра, — выгукнуў Анёл.
Потым пазначыў пазногцем на пляшцы палавіну яе ёмкасці, закінуў назад галаву і, працягваючы гушкацца, пачаў піць. Гарэлка булькала ў яго горле: кадык скакаў угару. Анёл, не зірнуўшы на пляшку, перастаў піць. Зноў паглядзеў на шкло бутэлькі: выпіў як адмераў — па край пазногця. Пасля перадаў пляшку Шчуру, які выхлебтаў сваю долю, а потым запытаў Анёла:
— Дык дзе мы сустракаемся?
— Пад вечар… Каля Кентаўра… як анёлкі.
— Клёва! Заставайся з Богам!
— Ідзіце з д’яблам.
Калі выйшлі ад Анёла, я сказаў Шчуру:
— Гэта ж вар’ят!
— Мудры вар’ят! — адказаў сябра.
Увечары падаліся ў напрамку хаты купца Кентаўра, якога ў мястэчку таксама лічылі вар’ятам. Пра гэта сведчыла шмат акалічнасцяў, і найперш тое, што даваў тавар «дзікім». Надараліся яму лепшыя, «салідныя» групы, аднак ён меў да «дзікіх» нейкі сантымент і даваў ім тавар ужо трэці год… «Дзікія» рабілі яму агранду, ён міргаў вокам — «ведаю пра гэта!..» Зноў агранда. Ён зноў міргаў вокам і запрашаў некалькі вар’ятаў да сябе на пэйсахоўку. Пасля казаў ім:
— Ну, хлапцы, калі цяпер здарыцца правал, дык наступным разам за граніцу панясяце салому… I я з вамі!
Гэтым браў «дзікіх» за сэрца, і тыя чыста перакідвалі праз граніцу 5–8 груп. Кентаўр падкоўваўся. Закладаў фабрыку мыла ў Вільні, фабрыку атраманту ў Лідзе, фабрыку шакаладу ў Гародні. Фабрыкі былі ягонай маніяй. Акрамя мянушкі — Кентаўр (фірмовы знак яго шматлікіх фабрык), была яшчэ адна — Фабрыкант… Звычайна фабрыкі атрымлівалі па лбе; «дзікія», прыкмеціўшы, што купец падкуўся, бо закладвае новыя фабрыкі, пачыналі рабіць яму агранды, і Кентаўр занепадаў. Ён зноў запрашаў да сябе сваіх вар’ятаў на пэйсахоўку, зноў прапаноўваў ім насіць за граніцу салому і зноў адкоўваўся. I так кругаля — трэці год.
Непадалёку ад хаты Кентаўра сноўдаліся групы хлопцаў. Прахаджвалі ўдвух, утрох, па некалькі адразу. З некаторымі перамытнікамі Шчур вітаўся.
— Дзе Анёл? — запытаўся ў аднаго з іх.
— Ён разам з Сумам у Кентаўра сядзіць.
— Пэйсахоўку п’юць, — дадаў нехта збоку.
Мы шпацыравалі далей уздоўж шэрагу крамак і жыллёвых будынкаў. Неўзабаве з брамы гандляра выехаў вялізны воз. На ім сядзелі — Анёл, Сум і жыд-суправаджаты — Бэрка Ступа. За фурмана — Кентаўраў парабак — Кастусь Кульгавы. Анёл, паклікаўшы да сябе аднаго з хлопцаў, прамовіў некалькі слоў. Той кіўнуў галавой. Воз паехаў наперад і хутка знік за павароткай.
Хлапцы купкамі, па некалькі чалавек, накіраваліся на Слабаду, а адтуль пакрочылі ў напрамку Душкава.
Недалёка за Выганічамі, з лесу, насупраць першай групы перамытнікаў, выйшаў Анёл. Разам пачакалі астатніх хлопцаў, а потым падаліся ў глыб лесу.
У адным месцы, каля вялікага стосу ламачча, дзе стаялі Сум і Бэрка Ступа, усе затрымаліся. Анёл пачаў выцягваць з-пад галля ношкі. Нядбала кідаў на зямлю, лічачы ўголас: раз, два, тры… Адлічыў васемнаццаць і спыніўся. Прамовіў да нас:
— Бярыце ношкі! Па-анёльску…
Выходзіць у дарогу было зарана. Хлапцы рассыпаліся па лесе і выразалі сабе тоўстыя кіі. «Дзікія» рабілі так заўжды — у дарогу ішлі з каламі, якімі неаднойчы гналі і білі «падкіх» на лёгкую здабычу сялян, што заступалі ім шлях. Я са Шчурам таксама выразаў дзве ёмкія палкі. Пасля хлапцы сабраліся каля ламачча і, лежачы на імху, курылі папяросы.
Нас было дзевятнаццаць. Набліжаўся вечар. У лесе ўсё больш цямнела. Анёл, падышоўшы да галля, асцярожна выцягнуў адтуль мяшок. Пачаў вымаць і адкідваць у розныя бакі на мох пляшкі спірытусу. Адлічыў дзевяць, прамовіў:
— Па адной на двух! Як анёлкі…
Хлапцы адразу пачалі піць, Анёл жа рупліва завязаў мяшок і аддаў яго, як дадатковую ношку, Суму.