Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 57


К оглавлению

57

— А як з таварам?

— Юрлін, Лорд і Камета аддалі, бо ішлі разам з жыдам. А рэшта — фьюць! — Шчур працяжна свіснуў. — Няма дурняў!

Пасля пайшлі да Гінты. У салоне было поўна перамытнікаў. Наша «біржа» працавала ва ўсю. Тут вырашаліся розныя інтарэсы. Тут камплектаваліся групы. Тут забаўляліся тыя, хто зарабіў… Тут граў гармонік, лілася гарэлка, а нярэдка і кроў, тут гулялі ў карты.

Калі мы ўвайшлі ў напоўненую хмарай тытунёвага дыму хату, я ўбачыў — за сярэднім сталом сядзяць усе нашы і Юрлін, які рэдка калі сюды зазіраў. Пасунуліся для нас.

— Ну, выпіце, а пасля пагаворым! — прамовіў з намёкам Лорд.

Выпілі па дзве шклянкі гарэлкі. Пасля Лорд звярнуўся да Шчура:

— Учора ты валіў з машыны ў хамаў?

— He, не я… А што?

— Нічога.

Лорд звярнуўся да мяне:

— Ты сёк у гадаў?

— He.

Юрлін падаў голас.

— Яны стралялі… Альбо адзін, альбо другі… Я ведаю. Я блізка быў!

— А можа, гэта яны ў нас стралялі? — вымавіў Шчур.

— А ліхтарыкам хто іх асвятляў? Што? — запытаў Юрлін.

— Пра што ходзіць? — запытаўся я ў Лорда, крыху раззлаваны гэткім допытам.

— Ходзіць пра тое, што наша група спакойная. Ходзім на чыстую работу, машын браць не хочам… Бо калі ісці з машынамі, дык усім, бо інакш — аднаго зловяць са зброяй, а ўсе пад сценку станем! Вось Кавалерчык не вярнуўся. Можа, яго там і цапнулі?

Шчур рассмяяўся.

— Эх вы, зайцы! А калі б нас усіх цапнулі, дык што тады?..

— Дык нічога! — адрэзаў Юрлін.

— Так… табе нічога. Цябе жыды выкупяць, а мы ў Чрэзвычайцы паздыхаем!

— Можа, і цябе выкупяць.

— Я не іх служка.

— Ты так не кажы! — заступіўся Камета. — Юрлін наш мужык і ведае што гаворыць!

Шчур ускочыў з месца.

— Ён ведае, але для сябе!.. А вы памятаеце тых пяцёх кучкуноўскіх хлопцаў, якіх летась гады на балоце паблізу ад Гараняў утрупенілі? Што? Памятаеце? Га?.. А нас таксама затрымалі каля Гараняў!

Усе маўчалі. Тады я падняўся і вымавіў:

— Гэта я паліў па гадах з машыны!

Ніхто не адгукнуўся. Толькі Шчур урачыста прамовіў:

— I добра зрабіў!

Праз хвіліну ўзяў голас Лорд.

— Гэта мяняе справу!.. Ты ж не ведаў, што ніхто з нашых у дарогу машыны не бярэ!

— Я ведаў.

У гэты момант Юрлін прамовіў:

— Каб гэтага другі раз не рабіў.

— Гэта мая справа! — адрэзаў яму. — Ты не будзеш мне загадваць! Хадзіў з машынай і далей буду з машынай хадзіць!

— Клёва! — вымавіў Шчур.

— Ну, дык з маёй групай не пойдзеш! — адказаў Юрлін.

— I не трэба! — адазваўся за мяне Шчур. — Бач ты, які ганарысты! Хлопец табе, можа, жыццё ўратаваў, а ён носам круціць.

Нечакана ад дзвярэй даляцеў высокі голас:

— З квасу піва не будзе!

Мы азірнуліся. У дзвярах, сярод клубаў тытунёвага дыму стаяў Сашка. He бачылі, калі ён увайшоў сюды, бо дзверы салона для вентыляцыі заўсёды былі адчыненымі. Сашка стаяў ля парога і чуў усю нашу размову. Зараз ён павольна падыходзіў да стала. За ім крочыў Жывіца. Абодва трымалі рукі ў кішэнях.

Загучалі прывітанні. За сталом пацясніліся. Хутка пасля іх прыходу Юрлін выйшаў з памяшкання.

— Mae мойра! — вымавіў Сашка, наліваючы дзве шклянкі гарэлкі.

Шчур пагардліва фыркнуў.

— Mae тонкія трыбухі.

Сашка звярнуўся да мяне:

— Валіў учора па хамах?

— Так.

— Ну, дык трымай!

Падсунуў да мяне адну шклянку, а сам узяў другую.

— Вып’ем на шчасце!

Мы стукнуліся шклянкамі і адным духам выпілі гарэлку. Потым Сашка запаліў папяросу і прамовіў:

— Калі будзе работа для трох, вазьму з сабой у дарогу.

Мне зрабілася весела. Са шчырай удзячнасцю зірнуўшы Сашку ў вочы, кіўнуў галавой:

— Добра.

Сашка выйшаў з салона ў рэстаран. Неўзабаве вярнуўся да нас, а праз некалькі хвілін Гінта і Тэкля пачалі прыносіць і ставіць на стол бутэлькі з гарэлкай, півам і лікёрам. Потым прынеслі рознай стравы з рыбай і мясам.

— Сашка буфет закупіў! — прамовіў Камета.

А Сашка звярнуўся да ўсіх.

— Ну, піць, братва! Піць і есці! Сёння ніхто не плоціць!

Пасля ён гукнуў да стала Антося і наліў у яго шклянку лікёру.

— Сь-сі!

Гарманіст выпіў і закусіў. Сашка тыцнуў яму ў даланю некалькі дзесяцірублёвак і прамовіў:

— Ідзі, рыпані «Шабасоўку»! Але па-нашаму: з агнём! Каб стол нагамі хадзіў!

Пакой хутка напоўнілі гукі «Шабасоўкі», якая сваімі рытмамі заўсёды зрывала хлопцаў з месцаў у скокі. Перамытнікі пілі на змор. Гарэлку закусвалі грушамі і цукеркамі, лікёр — селядцамі, кілбасой ды агуркамі.

— Піць, братва, піць! Каб нічога не засталося! — падахвочваў нас Сашка.

I хлапцы не драмалі; гарэлка не марнавалася. А Лорд зацягнуў на мелодыю «Хто смяецца з нашай веры».


Зірні, Гэля, на бяду,
Як з забавы той іду:
Голы, босы, абарваны!
Спіты, збіты, падрапаны!

Позна ўначы я разам са Шчурам выбраўся з салона. У галаве ўсё гудзела. Шчур таксама быў зусім п’яны. Пасярод рынку мы прыпыніліся. Я прамовіў да сябра:

— Дык з Юрліным кончана?

— А канец…

— Халера! З кім зараз пойдзем? Залаты сезон на носе!

— А хоць бы з «дзікімі»!

— Ведаеш іх? — запытаўся ў Шчура.

— Каго я не ведаю!.. Як гранда, дык гранда! Хоць пазабаўляемся!.. Тай-да! Та-ра дзі-ра…

I Шчур, напяваючы і насвістваючы «Шабасоўку», пачаў танцаваць на балоце, што ўсцілала Рынак.

Потым мы доўга адводзілі адзін другога дахаты. Ён нешта казаў мне, я яму, але нічога з гэтага пасля не памятаў.

9

На паграніччы была адна незвычайная група. Яе называлі «дзікай», хлопцаў, што да яе належалі — «дзікімі», а таксама вар’ятамі. «Дзікія» амаль не захоўвалі ніякіх сродкаў бяспекі і праз граніцу хадзілі на «ўра»! Часта пападаліся. Машыністы ў іх мяняліся праз некалькі месяцаў. Аднак дзіўная рэч — гэтая вар’яцкая група працавала трэці год. Сто разоў разбітая, сто разоў збіралася і далей трэсла па начах граніцай і паграніччам… Ствараліся і знікалі шматлікія групы, «клаліся» найлепшыя, рафінаваныя машыністы, а гэтыя д’яблы працавалі без перапынку. Наладжвалі гранды і праіснавалі гады — праўда, заўсёды ў іншым складзе.

57