Непадалёку ад граніцы Лорд і Камета выцягнулі з густога хмызняку доўгую — некалькі метраў — мату. Была яна сплецена з саломы і лазы, моцна сшытая па берагах аборкамі. Лорд нёс дзве доўгія жэрдкі, а Камета валок скручаную, нібы ходнік, мату.
Вельмі ціха ідучы лесам, дабраліся да граніцы. Ноч была цёмная. Неба замглёнае. Прыслухоўваючыся, доўга стаялі на ўскрайку лесу і затым выйшлі на пагранічную паласу, наблізіліся да засекі. Прывязаўшы да аднаго канца маты жэрдкі, паднялі іх угару і разам з матай паклалі гэты «памост» на драты. З нашага боку таксама прывязалі да жэрдак канцы маты.
Тады пачалася пераправа. Перамытнікі па чарзе залазілі наверх і, трымаючыся рукамі за жэрдкі, на каленях перапаўзалі на другі бок засекі. Гэта адбывалася хутка, бязгучна. Калі ж усе апынуліся на тым баку, пачалі падымаць мату ўгару. Потым паадвязвалі жэрдкі. Мату скруцілі і падаліся ў лясны гушчар. Жэрдкі і мату прыхавалі ў густым малінніку, на значнай адлегласці ад мяжы. На зваротным шляху меркавалі забраць іх з сабой.
Шчасліва перайшлі лес паблізу ад граніцы і рэчку на другой лініі. У нейкім месцы Юрлін, каб скараціць шлях, пакрочыў вузкай сцежкай праз лес. Ноч была цёплая і ціхая. Прасоўваліся досыць хутка, а паколькі ў лесе было зусім цёмна, часта натыкаліся на плечы пярэдніх сябраў.
Лес рабіўся ўсё радзейшым. Хутка выбраліся на вузкі лужок, што клінам урэзваўся паміж двума крыламі лесу. Пасярэдзіне лужка бег ручай. Далей Юрлін павёў нас уздоўж яго берага. Лес застаўся ў цемры. Зараз было відней, і я мог адрозніваць мясцовасць на некалькі крокаў ад сябе. Лужок шырэў усё больш.
У нейкім месцы пачулі на дарозе звон жалеза. Юрлін спыніўся. Уся група замерла. Звон паўтарыўся некалькі разоў. Зразумеў, што гэта звіняць жалезныя путы на нагах коней, якія пасвіліся ў начным.
У вузейшым месцы Юрлін пераскочыў на другі бок ручая і, адыходзячы ад яго, трапіў на дрыгву. Але хутка зямля пачала правальвацца пад нагамі, і мы вымушаны былі вяртацца на ранейшае месца.
Калі зноў спыніліся, прыслухоўваючыся, на беразе ручая, я выразна пачуў крокі людзей, якія спяшаліся да нас. Юрлін амаль бягом кінуўся ўправа. Тады спераду бліснуў ліхтарык. У яго святле ўбачыў абрысы пярэдніх сябраў. Юрлін павярнуў на дрыгву. У той жа момант збоку прагучаў вокліч:
— Стой! Стой! Стой… «Ребята», заходзьце ад лесу! Жыва!
Бліснула яшчэ некалькі ліхтарыкаў. Разнёсся тупат ног, крыкі, кленічы.
— Стой! Стой!..
— Кажу, стаць, халера, бо страляем!
«Напэўна, не маюць карабінаў пры сабе, — падумаў я, — даўно б стралялі!»
Адступаем усё далей у дрыгву. Ногі глыбока правальваліся ў балота, а ззаду пагоня ўсё набліжалася да нас.
Шчур бег каля мяне і праклінаў:
— Гэта жлабы! Гэта хамы! Гэта дрэнь!
Я ведаў, што не паспеем уцячы. У нейкі момант адскочыў убок з дарогі. Шчур крыкнуў:
— Ты дзе?
He адказаў яму. Хвіліну стаяў адзін, пасля прыкмеціў нейкія цьмяныя сілуэты, што набліжаліся да мяне. Асвяціў іх ліхтарыкам і адначасова — стрэл за стрэлам пачаў паліць у іх з нагана. Убачыў, што людзі, якія гналіся за намі, пачалі ўцякаць. Па хуткаму выкінуў гільзы з барабана і зноў зарадзіў рэвальвер. Збоку пачуў лёгкія крокі. Ледзь не стрэліў туды, аднак кароткі бліск майго ліхтарыка вырваў з цемры постаць Шчура.
— Гэта мурова! — вымавіў перамытнік.
— Хто гэта быў? — запытаўся яго.
— Альбо масалкі пасвілі коней і не мелі карабінаў, альбо гады на начлезе… Гэта найхутчэй! — дадаў за хвіліну. — Але ты клёва іх пачаставаў. Яны нас дагналі б! Ведаюць тут кожны куст і не маюць ношак… Але добра ім!.. Добра!
— Пойдзем за нашымі? — запытаўся я сябра.
Шчур злёгку свіснуў.
— За нашымі?.. Дзе ты іх зараз знойдзеш?.. Вяртаемся да мястэчка!.. А тавар ужо наш і без агранды! — дадаў праз хвіліну і ціха засмяяўся.
Павольна пакрочылі па дрыгве ў бок ручая, а потым яго берагам дабраліся да лесу.
Яшчэ перад апоўначчу прыйшлі ў мястэчка.
— Дзе ты прадасі тавар? — запытаўся ў Шчура.
Перамытнік чмыхнуў носам.
— Я табе 100 фураў тавару прадам. Толькі давай!
— Можа, і мой прадасі?
— Добра. Толькі памажы паднесці дахаты, на раніцу будзем мець грошы.
Непадалёку ад кватэры Шчура развіталіся. Сябра на хвіліну затрымаў маю даланю.
— Ты гэта… не кажы хлопцам, што крапіў з капыта тых гадаў… Будуць баяцца з табой хадзіць!
— Добра.
— А пра тавар кажы, што кінуў на балоце, бо сам ледзь вылез. Разумееш?.. Каб не падумалі, што гэта агранда!
— Добра.
— Увечары прыйду да цябе, — прамовіў Шчур і з дзвюма ношкамі за плячыма знік у глыбіні падворка, а я падаўся дахаты.
У такі спосаб упершыню выпрабаваў свой рэвальвер.
Назаўтра Шчур прыйшоў да мяне апоўдні.
— Апыліў ношкі? — запытаўся яго.
— He… За ўвесь тавар: твой і мой разам даюць 180 рублёў. За горла бяруць, дзярмо, бо ведаюць — пільная патрэба. Я б аддаў, ды не ведаю, як ты? Каб не падумаў чаго?
— А што я падумаю?
— Што з тваёй долі частку заціснуў.
— Ведаю, гэтага не зробіш!.. Няма пра што казаць! Ідзі і бяры грошы!
Шчур выйшаў з памяшкання, а вечарам вярнуўся, прыносячы мне 90 рублёў золатам… Весела смяяўся.
— Ведаеш, група Юрліна таксама вярнулася.
— Усе прыйшлі?
— Юрлін вярнуўся з Лордам, жыдам і Каметай. Алігант і Смактун прыйшлі разам. А Соньку Ванька Бальшавік пад раніцу прывёў. Напэўна, усю траву на паграніччы памялі. Скарысталі сабе рух.
— А Кавалерчык? — я меў на ўвазе Юбіна.
— Ён не вярнуўся! Можа, недзе блукае.