Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 55


К оглавлению

55

— Ведаеце што, таварышы? Такога спекулянта не варта затрымліваць!

Другі далучыўся да яго:

— Хай нясе. Малым камунарам будзе забава!

I адпусцілі. Нават тавар не забралі. Пасля вяртання ў мястэчка хлопец расказаў пра гэты выпадак сябрам, не мяркуючы, што стане прадметам жарцікаў і кпінаў. Ад гэтага часу ўсе ў мястэчку звярталіся да яго: Смактун.

За Смактуном крочыць Лявон Юбін. Хлапцы дражняць яго Кавалерчыкам — ён любіць фліртаваць з дзяўчатамі і заўсёды сядзіць у іх кампаніі на вячорках. За мяжу Юбін ходзіць зрэдку — калі выпіхвае бяда. Хлопец баіцца такіх падарожжаў. За Юбінам элеганцкім крокам, у элеганцкіх ботах і нагавіцах ідзе Алігант. Каб надта не адрознівацца ад астатніх, апрануў толькі паношаную шапку і куртку. У канцы групы валачэцца суправаджаючы Гірш Кнот — маладжавы таўставаты жыд. У яго слабы зрок, і нададатак ён палахлівы, таму ўсцяж прыплюшчвае вочы і азіраецца па баках. Нязручна яму паспяваць за групай і боязна застацца далёка ад яе: каб там што-небудзь з хмызоў не выскачыла — ну, бо гэта ж лес! Таму, калі заўважае, што адстаў на некалькі крокаў ад групы, пачынае бегчы, смешна перабіраючы кароткімі нагамі і выціраючы насоўкай спацелы твар. Аднойчы Лорд азірнуўся і заўважыў, што Гірш абцірае чало. Падышоў да яго.

— Хочаш у морду атрымаць?

— Ну, што?.. Чаго лезеш?

— Зараз жа схавай насоўку!.. Белая пляма ў лесе за кіламетр відаць. Калі патрэбна табе, бяры жаўтаватую ці зялёную.

Ношкі маем па 45 фунтаў. Толькі Соня нясе трыццаціфунтовую. Тавар не дарагі, аднак добра ідзе ў Саветах: люстэркі, сцізорыкі, пацеркі, іголкі, грабеньчыкі, напёрсткі, брытвы, памазкі для галення. Зарабляем таксама, як на дарагім тавары — 15 рублёў ад ношкі. Тавар належыць Рыве Глянц і Фэйзе Ядвабнай, якія супольна трымаюць крамку на рынку.

Жонка Юрліна, Соня, мае 30 гадоў, а выглядае нашмат маладзей. У яе круглы вясёлы тварык, блакітныя вочы, вішнёвыя вусны, светлыя валасы і ямка на падбародку. Дастаткова прывабная. Юрлін чамусьці лічыць яе за вяршыню прыгажосці і бярэ ў дарогу не дзеля большага заробку, а таму, што вельмі раўнівы — баіцца пакідаць яе дома. Ведае — Соня валодае агністым тэмпераменцікам і хуткім да здрады сэрцайкам, у той жа час у ёй самой няма належнай пашаноты да шлюбнай вернасці. Вось чаму ён жадае заўсёды мець яе на воку.

Па дарозе час ад часу я засоўваю руку ў бакавую кішэню курткі і з прыемнасцю моцна сціскаю шурпатую ручку нагана. Нікому з хлопцаў не казаў, што бяру з сабой рэвальвер. Ведаю — баяцца хадзіць са зброяй — у Саветах узброеных перамытнікаў караюць вельмі сурова. Некалькі разоў здаралася, што ім «шылі» бандытызм і «пускалі ў расход». Гэта мая таямніца, якую нікому вырашыў не адкрываць. Я жадаю ў выпадку засыпкі ў Саветах змагацца і адбівацца альбо загінуць, чым зноўку цярпець голад, карміць вошай у Чрэзвычайцы ці Допры. А што чакала б мяне далей — на працягу трох гадоў высылкі, якіх я здолеў пазбегнуць?

Зараз ночы кароткія, таму не паспяваем за адзін пераход дабрацца да мяліны і звычайна робім на шляху днёўку. Пункт, да якога накіроўваемся, знаходзіцца ў 25 кіламетрах за граніцай на паўночным усходзе ад Старога Сяла. Стараемся крочыць па лесе, толькі ў крайнім выпадку выходзім на поле. Юрлін вядзе групу дасканала: не трымаецца ніякіх дарог, ні сцежак і, здаецца, прастуе нацянькі.

Перачакаўшы дзень у лесе, нарэшце, у наступную ноч, дабіраемся да вялікага сада. Юрлін адсоўвае набок адну дошку ў плоце, і мы праз дзюрку ўлазім у сад, пасярод якога знаходзіцца вялікая адрына. Уваходзім усярэдзіну.

Юрлін і Лорд ідуць на хутар. Праз квадру гадзіны вяртаюцца і пачынаюць выносіць ношкі, беручы адразу па дзве. Тры разы робяць гэты паход. Мы ўсе кладземся спаць. Соня спіць у куце будынка разам з Юрліным. Гірш Кнот таксама спіць у адрыне.

8

Надышоў жнівень. Набліжаўся залаты сезон. На ўсёй граніцы запанаваў рух. Перамытнікі выходзілі ў дарогу часцей і ў больш шматлікім складзе. Я працягваў фартаваць у групе Юрліна. Увогуле, хадзілі мы шчасліва. Пару разоў зялёнкі пагналі нас, аднак ніхто не папаўся. Шчур вырашыў зрабіць жыдоўкам агранду, але Лорд не згаджаўся, тавар быў дрэнны — агранда не аплацілася б.

Працаваць зараз было цяжэй, чым раней. Граніцу прыняла пад ахову паліцыя. Баоны мытныя зліквідавалі. Як толькі паліцэйскія пачалі выконваць свае абавязкі па ахове граніцы, пачаліся канфлікты з савецкімі салдатамі, якія з баанярамі жылі ў згодзе: хадзілі па адной сцежцы, часта сустракаліся і размаўлялі. Зараз на граніцы ўсё часцей гучалі стрэлы. Бальшавікі стралялі ў нашых пагранічнікаў і ўчынялі ім розныя псоты. Паліцэйскіх, якія ахоўвалі граніцу, чырвонаармейцы называлі «чорныя вораны» і «чорная сотня». Тады пагранічную ахову з самой мяжы пасунулі на некалькі дзесяткаў метраў назад і там парабілі сцежкі для варты. Гэта адначасова зрабілі палякі і бальшавікі. Умацоўвалася граніца і засекамі з калючага дроту, які не раз цягнуўся на досыць значнай прасторы.

Хадзіць за граніцу было штораз цяжэй. Пагранічная ахова працавала нярвова, інтэнсіўна. Скрозь былі засады. У прыдатных для пераходу месцах нам перашкаджалі калючыя драты, і, каб праз іх перабрацца, мы вымушаны былі хадзіць з матамі ці жэрдкамі. Здаралася кусаць дрот нажніцамі, аднак рабілі гэта ў выключных выпадках, не жадаючы беспадстаўна злаваць зялёнак і паказваць нашы любімыя месцы перапраў праз граніцу.

Пад канец жніўня я сёмы раз пайшоў з групай Юрліна. Вырушылі ў дарогу рана. Ночы падаўжэлі, таму хацелі да раніцы дабрацца да мяліны. Група была ў камплекце: Юрлін, Лорд, я, Камета, Шчур, Соня, Ванька Бальшавік, Алігант, Смактун, Юбін і Гірш Кнот. Ношкі мелі па 40 фунтаў.

55