Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 54


К оглавлению

54

— Перапрашаю, Альбін, — спакойным тонам прамовіў Лорд.

— Добрае прабачэнне! — буркнуў Альбін, абціраючы шматком паперы апляваны абутак.

— Ну, як не падабаецца табе прабачэнне, дык не перапрашаю.

Збоку вынырнуў Шчур.

— Яму не падабаецца, што на нос чаравіка патрапіў! — прамовіў перамытнік. — Алінчукі любяць, каб ім у морду плявалі!

Да Альбіна наблізіліся браты, а Шчур працягваў дацінаць:

— Навошта абціраеш паперай? Зліжы языком! Будзе зіхацець, нібы сонца. Людзі падумаюць: князь нейкі, а не сын крамніка!

— Княжа, што псы вяжа! — дадаў Лорд.

— Графе, што скуры драпе! — прамовіў Шчур.

Алінчукі адышліся падалей. Юрлін звярнуўся да Лорда:

— Мне патрэбны яшчэ два хлапцы. Тавару да халеры, а ісці няма каму!

— Ці мала ў мястэчку хлопцаў?

— Не хачу абы-каго браць.

— А можа, ты пойдзеш? — запытаў мяне Лорд.

Я хвіліну вагаўся. Грошай мне ўжо не хапала. Трэба было брацца за работу. Доўгае беспрацоўе абрыдла.

— Калі ідзеш? — запытаўся ў Юрліна.

— У аўторак.

— Добра. I я з вамі.

— Мудра! — прамовіў Лорд. — Запытаю яшчэ Аліганта. Ён у нястачы. Можа, таксама пойдзе.

— Добра наша! — вымавіў Юрлін. — Дык падрыхтуем 10 ношак. Але каб было «пэ»!

— Гэты пэўны! — прамовіў Лорд. — А Алігант таксама павінен пайсці!

Юрлін накіраваўся да Гінты, а мы далей чакалі з касцёла дзяўчат. Нарэшце ўбачылі Фэлю і Лютку, што ішлі прамеж дзяўчат, якія саступалі ім шлях. Мы падышлі да іх і разам падаліся з касцельнага пляца. Шмат поглядаў бегла за намі. Лютка зачароўвала хлопцаў сваёй адмысловай постаццю, Фэля прыгажосцю. Лорд быў слынным перамытнікам і гулякам, я ж да гэтага часу заставаўся загадкавым прыбышом, а прысутнасць побач з Фэляй яшчэ больш павялічвала цікавасць да маёй асобы.

Памалу прадэфілявалі вуліцамі горада. Лорд па дарозе зайшоў і купіў цукерак, шакаладу і арэхаў.

Вярнуліся дахаты. Фэля падала палудзень, які зрыхтавала папярэдне разам з Люткай. На стале апынуліся бутлік гарэлкі і пляшка вішнёўкі. Лорд пачаў піць за здароўе нашых паненак, пасля за іх сваякоў па мячу і кудзелі, пасля за граніцу і перамытнікаў. Піў за шчасце, за поспех і д’яблы ведаюць за што яшчэ! Была нагода гульнуць — галоўнае. Лютка піла амаль упоравень з намі. Фэля была больш стрыманая, але таксама добра ўзяла вішнёўкі. Яе твар пасвятлеў, вочы заззялі, вусны зрабіліся пунсовымі… Я амаль не адрываў ад яе свой позірк і штохвіліны падліваў ёй у кілішак.

Пазней мы адсунулі стол ўбок, і Лорд запусціў грамафонную пласцінку. Гэта быў нейкі стары вальсік. Лорд узяў Лютку пад пахі, і, шчыльна пераплёўшыся, яны закруціліся па хаце. Дзяўчына смяялася, закінуўшы назад галаву.

— Ой, задушыш!

А сама ўся ціснулася да яго. Я запрасіў Фэлю. Паднялася. Мы пачалі круціцца па пакою. Я штораз мацней прыцягваў да сябе дзяўчыну. He забараняла… У нейкі момант пачуў яе голас, што даходзіў да маіх вушэй як бы са значнай адлегласці:

— Можа, хопіць?.. Бо згарыш!..

Вечарам разам з Лордам я праводзіў Лютку дахаты. Калі перад гэтым развітваўся з Фэляй, дзяўчына з асаблівай сілай паціснула мне даланю і вымавіла:

— Прыйдзі як-небудзь.

— Калі?

— Калі захочаш.

— Добра. Прыйду.

Мне было так весела. He шкадаваў ні Бэлькі, ні Лёні. Поўнасцю знаходзіўся ва ўладзе хараства Фэлі. Аднак жа пасля таго, як мы адвялі Лютку дахаты, Лорд сказаў мне:

— А можа, таго?.. Пойдзем да Калішанак? — відавочна, быў крыху засаромлены.

Я адказаў, затойваючы праўдзівую мэту:

— Добра… Варта б выпіць.

— Уласна, уласна… Вельмі мудра! — вымавіў Лорд.

У гэтую ноч я ўпершыню пасля вяртання з-за граніцы не начаваў дома.

7

Нас адзінаццаць. Звычайная вялікая група перамытнікаў. Ідзём лесам у зялёным паўзмроку, па мяккіх імшарах, як па дне мора. Пракрадаемся паміж дрэў без шуму — нібыта здані. А ўгары таксама ціха пракрадваюцца хмары… Пусцілі ўперад «на зман» малую лёгкую аблачынку і плывуць услед усёй навалай.

Юрлін ступае першы. Крочыць памалу, крыху перавальваючыся злева направа. Вачыма рысі аглядае перад сабой абшар. За ім паспяшае Лорд. Ідзе лёгка, як па паркеце. Кідае позіркі ўправа і ўлева. За імі — двума слыннымі машыністамі — іду я. За мной — уперавалку Шчур. Ён увесь час усміхаецца. Магчыма, нешта прыпомніў: якую-небудзь агранду, або абдумвае агранду. Далей валіць Камета. Распусціў чорныя вусы па ветры і размашыста крочыць наперад. За ім пнецца Соня, жонка Юрліна. Знарок пускаем яе пасярэдзіне групы, там самае бяспечнае месца. Жанчына ступае дробным, але ўпэўненым крокам. Яна прызвычаена да такіх падарожжаў, ужо другі год чэпае з мужыком. За Соняй — дае шлапака Ванька Бальшавік. Ідзе, загледзеўшыся на яе лыткі: вывучае, як з выклікам калыхаюцца клубы жанчыны. У яго галаве рояцца ўсялякія эратычныя малюнкі, і часта, праз няўвагу, ламае ботамі сухое галлё. Тады Шчур паварочвае галаву і, робячы пагрозлівы выгляд на твары, паказвае яму кулак. У гэты час Ванька бурчыць:

— Аглядаецца, нібы кабыла на ваўка!

За Ванькам — Смактун, вясёлы, смешны і прасцякаваты хлапчына. Вельмі не любіць, калі яго клічуць Смактуном. Такую мянушку атрымаў у наступнай прыгодзе. Аднаго разу пайшоў «на ўласную руку» за мяжу. Тавар меў незвычайны — некалькі тысяч дзіцячых смактуноў-сосак. Зрабіў сабе перавяз: пананізваў аборкамі смактункі на шнуркі і надзеў усё пад куртку.

Было гэта ўлетку. За ноч хлопец не паспеў дабрацца да мяліны. На дзень прыхаваўся ў жыце. Абрыдла там сядзець і пачаў пракрадацца палеткамі. Яго заўважыў кавалерыйскі патруль. Салдаты хацелі затрымаць, але ён, як шчупак у ваду, даў нырца ў жыта. Вылавілі пасля моцнага шчыравання і здратавання значнай плошчы збажыны. Салдаты збілі яго і пачалі абшукваць. Ён скінуў куртку і стаіць перад імі ўвесь у смактунках, нібы ў ордэнах. Бальшавікі грымнулі смехам. Пасля адзін з іх вымавіў:

54