Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 53


К оглавлению

53

Пятрусь заўсёды бярэ якую-небудзь кніжку і гадзінамі чытае нам. Мы слухаем яго. Здараецца, пры гэтым засынаю, а потым распытваю Петрука, што было далей, ад тога месца, ад якога перастаў слухаць.

— Трэба было не спаць! — кажа Пятрусь, але яго ўдаецца ўгаварыць, і ён расказвае праспаную частку кнігі, такім чынам звязваючы абарваны ўток. Потым чытае далей.

Апоўдні распранаемся і загараем на сонцы. Вяртаемся дахаты на абед, прыносячы з сабой пах лесу, вясёлы настрой. Бася — рабая служанка Мужаньскага, рыхтуе полудзень. Садзімся да стала, і кожны есць за двух. П’ём піва. Я ўвогуле ўжо даўно не каштаваў гарэлкі.

Такі лад жыцця ўмацаваў маё здароўе, але сваё пачынала браць нуда. Пятрок з Юлікам маюць занятак. Пятрусь дае некалькі ўрокаў у мястэчку, Юлік памагае Мужаньскаму, які паабяцаў вывучыць яго на гадзіннікавага майстра. А мне няма чым заняцца. Некалькі разоў заходзіў Лорд і клікаў у дарогу (ён часам ходзіць за граніцу), але я яму адказваў, што яшчэ хачу адпачыць.

Я неаднойчы распытваў сябраў, якім чынам я дабраўся ад граніцы да іх хаты. Вельмі здзівіла, што не хочуць гэтага растлумачыць. Юлік прамовіў:

— Здань нам перадала.

А Пятрусь:

— Калі-небудзь даведаешся.

Утойваюць нешта ад мяне. Але што? Не хацеў вельмі моцна на іх насядаць. Магчыма, у будучым самі раскажуць пра гэта.

Аднаго дня, калі Юлік працаваў разам з Мужаньскім ля стала, а Пятрусь пайшоў у горад, я выбраўся з хаты, — вырашыў схадзіць да Сашкі Вэбліна. Ад хлопцаў даведаўся, што Сашка разам з Жывіцам выехаў у Радашковічы, але мне хацелася пабачыцца з Фэляй. Заўжды думаў пра яе, на апошнім тыдні штодня збіраўся пайсці туды: адпалохвала халоднае расстанне пры апошняй сустрэчы ў студзені, калі не захацела са мной танцаваць.

Фэлю застаў у хаце. Выглядала выдатна. На ёй была прыгожая крэмавая сукенка. Не мог пазнаць у ёй ранейшую свавольную дзяўчыну. Здзівіла мяне тое, што Фэля заўжды выглядала па-рознаму. Кожная новая сукенка надавала ёй адметнае хараство. Але заўжды была пекнай. Сёння захоўвалася паважна.

Калі ступіў у хату, убачыў яе ў таварыстве Люткі Зубік, якая была апранутая ў яркую жоўтую сукенку; сукенка шчыльна аблягала мажнае мясістае цела, што трэслася пры кожным руху. Лютка была туга падперазана паяском з вялікай нікеляванай спражкай. Гэта пацешна падкрэслівала яе жывот, грудзі, што тырчэлі ў бакі.

Дзяўчаты пілі гарбату. Лютка штохвіліны весела смяялася, паказвала ружовыя дзёсны і вялікія, дастаткова прыгожыя зубы.

— Хочаш гарбаты? — запыталася Фэля.

— Я ўжо паснедаў.

— Не зашкодзіць. Сядай. На шклянку гарбаты месца хопіць… У мяне ёсць сунічнае варэнне… Сама рабіла…

Я выпіў шклянку гарбаты.

— Болек нешта доўга не ідзе, — прамовіла Лютка.

— Яшчэ рана, — адказала Фэля.

Ад хлопцаў ведаў, што Лютка ад пэўнага часу зрабілася каханкай Лорда. Болек не думаў браць з ёй шлюб, але дзяўчына не задавалася такой мэтай, была зусім вольнай і не баялася абгавораў. Лютка не толькі не хавала свае стасункі з Лордам, а падкрэслівала, скрозь паказваючыся побач з Болекам.

Калі пасля снядання Фэля парадкавала стол, увайшоў Лорд. Быў прыбраны, нібыта сам ягамосць граф: элеганцкі капялюш, белыя нагавіцы, лакеркі, лясачка, японскі гальштук і камізэлька пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі.

— Наша ўшанаванне! — прывітаўся з парога Лорд.

Лютка піснула, зляцела з месца і, трасучы тоўстым целам, падбегла да Лорда. Закінула яму на шыю ружовыя, таўшчэзныя рукі і, падымаючы ззаду ўгару сагнутую ў калені левую нагу, цмокнула ў вусны. Лорд адразу схапіў яе ў абдымкі і закруціў у паветры па пакоі.

Фэля, злёгку ўсміхнуўшыся, зірнула на мяне. Адказаў ёй усмешкай.

Мы пайшлі ў горад. Нас абмінала шмат народу. Усе звярталі ўвагу на Фэлю: мужчыны азіраліся ўслед. Гэта мне імпанавала. У вушах Фэля мела завушніцы з вялікімі дыяментамі. На грудзях дарагі кулон. На руках некалькі бранзалетак, на пальцах шмат пярсцёнкаў. Дзяўчына вельмі любіла біжутэрыю, Сашка ж не шкадаваў для сястры прэзентаў.

Сустракаліся штораз з большымі купкамі. Віталіся са знаёмымі. Непадалёку ад касцёла ўбачыў Альфрэда, які крочыў насустрач нам. Трымаў пад руку Бэльку і нешта казаў ёй. Дзяўчына голасна смяялася. Паглядзеў на Фэлю. Мела ссунутыя бровы.

Альфрэд і Бэлька набліжаліся да нас. Раптам Бэлька заўважыла мяне. Перастала смяяцца. Лорд сказаў ёй:

— Панне Бэльцы ўшанаванне!

Альфрэд пакланіўся Фэлі капелюшом. Яна кіўнула яму галавой.

Пасля вяртання з Саветаў не бачыў Бэлькі. Зараз упершыню сустрэў яе. Думаў схадзіць адразу, вярнуўшыся з-за граніцы, але ад Шчура даведаўся, што Бэлька «ходзіць» зараз з Альфрэдам, і таму расхацелася. Зараз убачыў яе сам. Гэтая акалічнасць, асабліва сустрэча, узмацніла маю зацікаўленасць Фэляй. Ведаў, што Альфрэд два гады заляцаўся да яе і нічога не дабіўся. He захацела нават выйсці за яго замуж, хоць неаднойчы рабіў ёй прапановы.

«Дзяўчына разумная і спраўная! — падумаў. — Такую не проста ўзяць гладкім тварам і чорнымі вусікамі!»

Фэля і Лютка пайшлі ў касцёл, а я з Лордам пачаў шпацыраваць сярод святочна прыбраных хлопцаў, надзьмутых, як індыкі, што купкамі пахаджвалі, пакрыёма пазіралі на сходы касцёла, якія выглядалі нібы клумба, засаджаная кветкамі. Прыступкі займалі дзяўчаты ў яркіх каляровых строях. Стаяць, шэпчуцца, хіхікаюць, ацэньваючы, азіраюць хлопцаў, якіх тыя погляды ўводзяць у экстаз. Яны ходзяць, нібы бегавыя коні, стрыманыя рукой жакея, і збоку пазіраюць на паненак.

Да нас падышоў Юрлін. Прывітаўся і сплюнуў убок, трапляючы на лакерку старэйшага брата Альфрэда — Альбіна Алінчука, што ў гэты момант апынуўся ля нас. Той, зачырванеўшы, не ведаў, з чаго пачаць.

53