Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 52


К оглавлению

52

— Ну, хто там?

— Я… Уладзік…

— А!.. Зараз…

Спяшаючыся, адчыніў дзверы і ўпусціў мяне ўсярэдзіну. Убачыў на стале нейкую жыдоўскую кніжку; на ёй ляжалі акуляры ў касцяной аправе.

— Можа, вып’еш? — запытаўся Ёська. — Маю добрую вішнёўку. Жончына работа… У яе залатыя рукі!.. Ай, якія ў гэтай жанчыны рукі!.. Ды-я-мен-та-выя!..

Гусяр прынёс графінчык вішнёўкі, і мы выпілі некалькі кілішкаў. Жыды не любяць піць шклянкамі. Пасля пачалі размаўляць на ўсялякія тэмы. Пра маю засыпку Гусяр ведаў.

— Хтосьці нас лягнуў у Бамбіны, — прамовіў я. — Інакш самі ніколі б не патрапілі на мяліну!.. Была засада… Зрабілі яе на «пэ»!.. Разумееш?

— Гэта яго работа! — адказаў з вялікім перакананнем Ёська.

Hi імя, ні прозвішча Альфрэда Ёська не назваў, але я добра ведаў, на каго ён думае.

— Кажаш, яго работа?

— Яго. Каб я шчасце так меў! Каб я так жонку і дзяцей бачыў!.. Яго!..

Ёська замоўк. Я таксама маўчаў. Цягнулася гэта доўга. Пасля нечакана для сябе прамовіў:

— Мне патрэбна машына.

Ёська зірнуў на мяне.

— Машына?..

— Так. Хачу набыць добры капыт. Такі, на 102! Каб быў надзейны…

Вочы ў Ёські бліснулі.

— Я разумею цябе…

Ён пачаў грунтоўна разважаць з веданнем вартасцяў і недахопаў розных сістэм стралковай зброі. Я перапыніў тую лекцыю.

— Разбіраюся ў гэтых цацках, — прамовіў я. — Хачу мець добры наган. Аўтамат мне не патрэбны, ваяваць не збіраюся. А наган — гэта найлепшы комін.

— Так, так… самы пэўны… Ведаеш што? Ты пачакай крыху. Выпі яшчэ вішнёўкі… Жонка зрабіла… Дыяментавыя, кажу я табе…

— Ведаю, ведаю: рукі.

— Так. А я зараз.

Ёська выйшаў з хаты.

He ведаю, чаму менавіта вырашыў набыць рэвальвер тады, калі даведаўся пра самагубства Гэлі. Праўда, мне заўсёды не падабаўся Альфрэд, аднак ніколі не думаў пра тое, каб забіць яго. Быў далёкі ад гэтай думкі. I нават цяпер, купляючы рэвальвер, разлічваў, што неўзабаве пачну займацца перамытніцтвам. Яшчэ знаходзячыся ў Чэка і Допры, вырашыў: калі ўцяку і зноў буду хадзіць за граніцу, дык толькі так, як Алінчукі… са зброяй. Ведаў, што Альфрэд не праміне выпадку, каб мне нашкодзіць, і ўжо пару разоў гэта зрабіў, аднак забіваць яго?.. Ніколі пра гэта не думаў. Проста агіднай была для мяне думка — забіць чалавека!.. Што-небудзь іншае ўтварыць: выкінуць нейкую штуку, але не забіваць.

Гусяр хутка вярнуўся. Замкнуў дзверы. Праверыў, ці добра занавешаны фіранкі на вокнах, і толькі тады выняў з бакавой кішэні паліто закручаны ў паперу і шмат разоў перавязаны аборкай скрутак. Сцізорыкам перарэзаў шнурок, разгарнуў паперу. Паказаўся аксідаваны з матавым бляскам наган. Гэта быў афіцэрскі «самаўзвод». Гусяр некалькі разоў пацягнуў затвор — курок падымаўся і з сухім трэскам ападаў уніз.

Я агледзеў рэвальвер. Быў новы і чысты. Спрацоўваў бездакорна. Яго прыемна было трымаць у руцэ. Гусяр убачыў, што зброя мне спадабалася, усміхнуўся, цмокнуў кончыкі пальцаў і вымавіў:

— Руля як гадзіннік!.. Сем ілбоў пэўных!..

— А набоі?

Гусяр выняў з кішэні дзве кардонныя скрыначкі з патронамі.

— Тут 50. Калі табе трэба будзе болей, прыйдзі да мяне. Можна купіць і тысячу.

— Колькі табе павінен?

— Столькі, колькі мне каштуе. Я не гандляр.

— Дык колькі?

— Дзесяць рублёў.

— На пятнаццаць.

Даў яму 15 рублёў, але Гусяр вярнуў пяцірублёўку.

— Кажу, што не хачу на табе зарабляць! Калі б ты не меў грошай, аддаў бы машыну задарма.

Развітаўся з Ёськам. Калі былі ўжо ў сенцах, прамовіў:

— Ты не думай, што гэта я для Альфрэда падрыхтаваў.

— Я пра гэта зусім не кажу.

— Гэта для таго, каб у Саветах не трапіць у рукі гадам. Хамы любяць рабіць на нас засады і часам могуць укакошыць.

— Так, так… Ведаю пра гэта, — адказаў Гусяр, адчыняючы мне дзверы на падворак.

— Дабранач! — прамовіў я. — А вішнёўка ў цябе добрая!

— Шчасліва! — адгукнуўся Гусяр. — Гэта жонка. Дыя-мен-тавыя ручкі…

Я пакрочыў цёмным завулкам. У галаве шумела ад вішнёўкі. У пэўным месцы спыніўся. Агледзеў неба. Знайшоў Вялікую Мядзведзіцу. Дастаў з кішэні наган і зарадзіў. Прыемна было трымаць у далані выгнутую шурпатую ручку рэвальвера. Жмурачы левае вока, цэліўся ў паасобныя зоркі. Раптам рассмяяўся. У галаве з’явілася думка, што зараз у мяне два найлепшыя сябры: Вялікая Мядзведзіца — з сямі зорак, што не раз дапамагалі мне ў дарозе, паказваючы сапраўдны напрамак, і наган, зараджаны на сем патронаў, якія пры патрэбе надзейна мяне абароняць!

Будучы ў Допры, чуў ад злачынцаў, што лічба сем — гэта зладзейская шчаслівая лічба. Магчыма, такая думка ўзнікла таму, што лічба 7 сваім выглядам нагадвае адмычку.

6

Трэці тыдзень жыву ў Мужаньскага. Я не захацеў вяртацца да Трафідаў. У іх цяпер увесь час прыгнечаны, пануры настрой. Юзік увогуле не ходзіць за граніцу. Баіцца за маці, якая пасля смерці Гэлі запала ў нейкае здранцвенне і перастала размаўляць. Зрэшты, ён заўсёды патрэбны ў хаце. He хацелася дадаваць ім клопату. Сказаў пра гэта Юзіку. Сябра пагадзіўся са мной.

Ніколі не адчуваў сябе так добра, як зараз, жывучы ў Мужаньскага. Стары гадзіннікавы майстар аб’ехаў паўсвету. Наведаў шмат цікавых краін і вечарамі, каля самавара, апавядае нам розныя цікавыя гісторыі. Штодня раніцой хаджу з Петруком і Юлікам купацца на Іслач, а пасля снядання падаёмся ў навакольныя лясы. Збіраем там ягады, грыбы, потым кладзёмся на мяккі мох і падоўгу ляжым нерухома, гледзячы ў прадонне нябёсаў, па якім лятуць наўздагон лёгкія, вясёлыя хмаркі.

52