Каханак Вялікай Мядзведзіцы - Страница 51


К оглавлению

51

— Ну, Шлёма, трасяні мяшок, бо мы хочам ісці абмыць вяртанне сябра. За твой жа тавар ён добра дастаў у бакі і больш трох месяцаў вошы карміў. Забыўся нават, які смак у гарэлкі…

Жыд выцягнуў з кішэні доўгую ў пацерках каліту, напэўна, зробленую ўласнаручна кімсьці з сям’і яму на імяніны ў падарунак. Дастаў з яе і паклаў на стол 10 дзесяцірублёвак, пяшчотна датыкаючыся да іх пальцамі. Падсунуў да мяне.

— Калі ласка. На шанс пану Уладзіславу…

Я ўзяў грошы, і мы развіталіся са Шлёмам.

— Сквапны тартар! — вымавіў на вуліцы Лорд. — Столькі тысяч ты яму ашчадзіў, а ён сотню адваліў. — Хвіліну памаўчаў, а пасля дадаў: — Таму і агранды робім!.. Такі лепей усё страціць, чым за працу добра ўзнагародзіць!

Потым мы накіраваліся да Пінты. Калі ўвайшлі ў наш салон, убачыў вясёлыя твары хлопцаў. Пры маім з’яўленні пачалі выкрыкваць:

— Гур-ра!

— Хай жыве!

— Давай яго сюды!

За сталом убачыў старых наведвальнікаў — Болека Камету, Фэльку Маруду, Маманта і Шчура. Тут быў і Кручок, вельмі малады з выгляду перамытнік, які на вечарынцы ў Сашкі гуляў са мной у суполцы і стукнуў Альфрэда бутэлькай у лоб за тое, што той меў пазначаныя стыркі. Побач з Каметай сядзеў Юрлін, вядомы перамытнік-машыніст, які здаўна водзіць групы і ходзіць нават улетку. Гэта быў мужчына гадоў 50, высокі, шыракаплечы, рыжы. Юрлін быў п’яны. Ён голасна смяяўся і паўтараў: «Абы толькі ціха!» У куце пакоя драмаў гарманіст Антось.

Калі я падышоў да стала і прывітаўся з прысутнымі, Болек Камета падняў угару рукі і прамовіў:

— Кажу і сцвярджаю, хлапцы, што з гэткай нагоды, — меў на ўвазе мае ўцёкі, пра якія ведала ўжо шмат хлопцаў, — тры дні і тры ночы шклянкамі… не, не шклянкамі, а вёдрамі гарэлку трубіць трэба!

— Мудра! — вымавіў Лорд.

— Абы толькі ціха! — дадаў Юрлін.

Пачалі гулянку. Я піў толькі піва, і то пакрысе. He адчуваў яшчэ сябе здаровым. Антось граў на гармоніку… Я плаціў сёння за ўсё.

Пасля, змучаны гаманой, пайшоў разам з Юлікам дахаты. Лёг спаць.

Я даведаўся, што Юзік Трафіда адбыў пакаранне і вярнуўся ў мястэчка, таму папрасіў Юліка, каб разбудзіў мяне ўвечары, а восьмай гадзіне. Аднак сам прачнуўся за квадру да васьмі. Апрануўся і разам з Юлікам вырушыў на Слабаду. Там затрымаўся.

— Ты, Юлік, ідзі дахаты, я сам вярнуся.

— Глядзі, каб зноў не захварэў!

— Я ўжо здаровы. Зрэшты, выбраўся толькі да Трафіды.

Юлік павярнуў назад, я ўвайшоў на падворак. Там усё было так, як даўней. У вокнах памяшкання прыкмеціў святло ад лямпы, якая гарэла ў сталовым пакоі. Адчыніў дзверы і ўвайшоў усярэдзіну. Убачыў на стале лямпу пад блакітным абажурам, а ў яе святле абапёртую на далоні галоўку Янінкі. Дзяўчына даўгавата, праз усю шырыню пакоя ўзіралася, затым адклала набок кнігу, якую чытала за хвіліну да гэтага, і прамовіла:

— Я вас чакала.

— Так?.. Адкуль ты ведала, што я прыйду?

Усміхнулася.

— Я ведала. Мне котка падказала. Яна сёння каля млына рыбу лавіла, а потым мылася і мылася.

Янінка паказала рухамі, як мылася котка.

Тады ж пачуў крокі ў сенцах, і ў пакой увайшоў Юзік Трафіда.

— А, гэта ты!.. Чакаў цябе. Я ведаў, што ты ўжо вярнуўся… Ну, усё клёва!.. Вып’ем гарэлкі ці гарбаткі?

— Лепей гарбаты!

— Ну і муравана! Зараз арганізуем гэтую плюсканку.

Юзік выйшаў на кухню. Мяне здзіўляла тое, што я не заўважыў у памяшканні Гэлі. Падумаў, што яна, можа, пайшла ў мястэчка.

Калі крыху пазней мы селі за стол, пачаў распытваць у Юзіка, як той праводзіў час да майго вяртання. У сваю чаргу сам падрабязна расказаў усе свае прыгоды. Янінка ўважліва слухала нас і ані слоўкам не ўлазіла ў гэтую размову. У нейкі момант запытаўся ў Юзіка:

— Як здароўе Гэлі?

Па твары Юзіка прабегла сударга. Вочы шырока расплюшчыліся. Ён доўга ўглядаўся на мяне, не адказваючы на пытанне. Пачуў ціхія ўсхліпы і ўбачыў, як Янінка, падняўшыся з-за стала, пайшла ў спальню. He мог зразумець, што здарылася? Чаму пытанне пра здароўе Гэлі так моцна ўсіх узрушыла? Нарэшце Юзік выціснуў з сябе:

— Дык ты… сапраўды не ведаеш?

— He ведаю… А што здарылася?

— Няма Гэлі, — адказаў Юзік, схіляючы галаву. — Няма… Няма Гэлі…

— Памерла?

— He…

Юзік пакруціў галавой, нібы ў задышцы, пасля чамусьці падняўся з месца і вельмі ціха вымавіў:

— Засілілася…

— Засілілася?

— Так… На грушцы…

Быў уражаны гэтай навіной. Адчуў, як у мяне аслаблі ногі. Раптоўна, — не ведаю чаму, — прыгадаўся такі малюнак: Гэля стаіць на драбінцы ў садзе і абірае яблыкі, а Альфрэд, франтаваты, з лясачкай у руцэ стаіць і прыглядаецца да яе. Нешта кажа дзяўчыне. Гэля чырванее. Затым Альфрэд выцягвае руку і праводзіць даланёй па Гэлінай лытцы.

— Чаму яна гэта зрабіла? — запытаўся ў сябра.

Юзік доўга глядзіць мне ў вочы. Бачу, што ён не разумее пытання. Паўтараю.

— Чаму?.. — глуха кажа Юзік. А пасля хутка кідае: — Бо была цяжарная!.. Вось чаму!..

— Ага!

— Так! Зацяжарала і баялася, што панясуць на языках!.. Ох, якая дурная!.. дурная… Пакуль я жывы, ніхто яе не пакрыўдзіў бы… а яна!..

Позна ўвечары я вяртаўся дахаты. Юзік прапанаваў і далей жыць у яго, але я адказаў, што параюся з Петрусём і Юлікам. Мне было вельмі дрэнна. Адчуваў, як у маёй душы ўзрастае ўсё большая нянавісць да Альфрэда. Крочыў, задуменны, і не ведаю, калі збіўся з патрэбнай дарогі. Затрымаўся непадалёку ад нейкай хаты. «Дзе я знаходжуся? — падумаў. — Ага, тут жыве Ёська Гусяр!» Падышоў да дзвярэй хаты і загрукатаў клямкай. Праз хвіліну з сенцаў даляцеў Ёськін голас:

51